«Сталкер» — фантастычны фільм, зняты на кінастудыі «Масфільм» у СССР у 1979 годзе па матывах аповесці «Пікнік на ўзбоччы» Аркадзя і Барыса Стругацкіх. Фільм атрымаў спецыяльную прэмію экуменічнага журы, прэміі ІНТЭРФІЛЬМ і ОСІК на XXXIII МКФ у Канах ў 1980 годзе.
Сюжэт Дзеянне фільма адбываецца ў выдуманай краіне, у маленькім мястэчку. За 20 гадоў да гэтага каля горада адбылася катастрофа, праўдзівая прычына якой у фільме не называецца. Небяспечную тэрыторыю, названую «Зонай», ад людзей ахоўваюць ваенныя.
У Зоне адбываюцца таямнічыя з'явы. Галоўны герой фільма, Сталкер, водзіць людзей у Зону і назад (за што прасядзеў 5 гадоў у турме). Людзі імкнуцца патрапіць у «Пакой», месца ў Зоне, дзе выконваюцца любыя чалавечыя жаданні.
Фільм пачынаецца чорна-белым у хаце Сталкера. У яго жонка і дачка-інвалід з паралізаванымі нагамі, якую клічуць Малпа. Жонка эмацыйна адгаворвае мужа хадзіць у Зону, просіць не пакідаць яе зноў. Аднак ён усё роўна сыходзіць з дому. Далей Сталкер ідзе ў кафэ, дзе сустракае сваіх новых кліентаў, Прафесара і Пісьменніка (іх імёны не называюцца). Галоўныя героі ідуць у Зону, прабіраючыся міма ваеннага патруля на пазадарожніку, затым паглыбляюцца ў Зону на мотадрызіне. Падарожныя прасоўваюцца марудліва. Камера плаўна рушыць за імі, ствараючы максімальны эфект прысутнасці. Па меры набліжэння да Зоны фільм становіцца каляровым.
Зона поўная анамалій. Сталкер выкарыстоўвае гайкі з прывязанымі кавалачкамі бінта для іх вызначэння і патрабуе слухацца яго падчас руху. Па меры прасоўвання да Пакоя, Прафесар і Пісьменнік разважаюць аб сваім жыцці і чаго яны хочуць ад Пакоя. Пісьменнік вырашае, што Прафесар ідзе за Нобелеўскай прэміяй, але сам Пісьменнік так і не можа зразумець сваіх жаданняў.
Пераадолеўшы ўсе пасткі, героі дабіраюцца да Пакоя. Аказваецца, што Прафесар пранёс з сабой партатыўную атамную бомбу магутнасцю 20 кілатон. Ён хоча пазбавіць чалавецтва ад пагрозы ажыццяўлення небяспечных падсвядомых жаданняў. Сталкер спрабуе адабраць бомбу, але ўмешваецца Пісьменнік і ўвесь час адштурхоўвае Сталкера ад Прафесара. У выніку Сталкер пераконвае Прафесара, што знішчаць Пакой нельга, бо ў людзей павінна быць месца, дзе яны могуць марыць. Прафесар абясшкоджвае і выкідвае бомбу. Героі не наважваюцца ўвайсці ў Пакой. Пераначаваўшы, яны сыходзяць назад.
Пасля вяртання становіцца зразумела, што паход у Зону змяніў іх, нягледзячы на недасягнутую мэту.
Сталкер кажа жонцы, што ніхто не верыць у магчымасці Пакоя, і вырашае не вадзіць людзей у Зону.
У ролях Аляксандр Кайданоўскі — Сталкер Мікалай Грынько — Прафесар (агучвае Сяргей Якаўлеў) Анатоль Саланіцын — Пісьменнік Аліса Фрэйндліх — жонка Сталкера Уладзімір Заманскі Наташа Абрамава — дачка Сталкера Файме Юрно — дама за рулём
Здымачная група Аўтары сцэнарыя: браты Стругацкія; Андрэй Таркоўскі (у тытрах фільма — Зубкоў) Рэжысёр: Андрэй Таркоўскі Аператар: Аляксандр Княжынскі Мастак-пастаноўшчык: Андрэй Таркоўскі Мастак-дэкаратар: Рашыд Сафіулін Кампазітар: Эдуард Арцем'еў Гукарэжысёр: Уладзімір Шарун Мантаж: Людміла Фейгінава Дырэктар фільма: Аляксандра Дзямідава Дырэктар фільма: Вілі Геллер Асістэнт Таркоўскага: Марыя Чугунова Дублёр: Алег Фёдараў
Катэгорыя:Фільмы СССР 1979 года Катэгорыя:Фільмы-драмы 1979 года Катэгорыя:Навукова-фантастычныя фільмы 1979 года Катэгорыя:Навукова-фантастычныя фільмы СССР Катэгорыя:Фільмы-драмы СССР Катэгорыя:Фільмы-прытчы Катэгорыя:Фільмы, якія здымаліся ў Таліне Катэгорыя:Фільмы на рускай мове Катэгорыя:Экранізацыі твораў братоў Стругацкіх Катэгорыя:Фільмы Андрэя Таркоўскага Катэгорыя:Фільмы па сцэнарыях Андрэя Таркоўскага Катэгорыя:Фільмы студыі «Масфільм»