Джэйн Осцін (або Осцен ці Остэн; ; , Стывентан, Вялікабрытанія — ) — выбітная англійская пісьменніца-раманістка, вядомая перш за ўсё сваімі шасцю буйнымі раманамі. Прадвесніца рэалізму ў брытанскай літаратуры, сатырык, пісала так званыя раманы нораваў. Яе кнігі з’яўляюцца прызнанымі шэдэўрамі, якія спалучаюць у сабе прастату сюжэту, глыбокае псіхалагічнае пранікненне ў душы герояў і іранічны, мяккі, праўдзіва брытанскі гумар. У гэтых творах яна тонка і іранічна аналізавала, крытыкавала і каментавала побыт і норавы англійскага дробнапамеснага дваранства (джэнтры) канца XVIII стагоддзя.
Сюжэты раманаў Осцін часта даследуюць залежнасць жанчын ад замужжа як практычна адзінага спосабу дасягнуць годнага становішча ў грамадстве і забяспечыць сабе фінансавую стабільнасць. Яе працы з’яўляюцца схаванай крытыкай сентыментальных раманаў другой паловы XVIII стагоддзя і азначаюць сабой пераход да літаратурнага рэалізму XIX стагоддзя. Менавіта дзякуючы тонкім сацыяльным каментарыям, рэалізму, дасціпнасці і іроніі Джэйн Осцін заслужыла найвышэйшае прызнанне сярод крытыкаў і літаратуразнаўцаў.
Осцін напісала свае галоўныя раманы яшчэ да 22 гадоў, аднак упершыню яе твор быў апублікаваны, толькі калі ёй споўнілася 35. Раманы «Розум і пачуцці» (1811), «Пыха і перадузятасць» (1813), «Мэнсфілд-парк» (1814) і «Эма» (1816) выдаваліся ананімна, мелі сціплы поспех і не прынеслі ёй шырокай вядомасці пры жыцці. Яна таксама напісала яшчэ два раманы — «Нортэнгерскае абацтва» і «Перакананне», якія былі апублікаваны ўжо пасмяротна, у 1817 годзе. Яшчэ адзін раман, пазней названы «Сэндытан», застаўся няскончаным праз яе смерць. Літаратурная спадчына Осцін таксама ўключае тры тамы юнацкіх твораў, кароткі эпісталярны раман (раман у лістах) «Лэдзі Сьюзан» і няскончаны раман «Уотсаны».
Пасля смерці Осцін яе раманы практычна ніколі не выходзілі з друку. Важны паварот у яе пасмяротнай славе адбыўся ў 1833 годзе, калі яе творы былі перавыдадзены ў папулярнай серыі «Стандартныя раманы» выдаўца Рычарда Бэнтлі. Гэтыя ілюстраваныя выданні, якія прадаваліся камплектам, зрабілі яе творчасць даступнай для шырокай публікі, што паклала пачатак яе сусветнаму прызнанню. У 1869 годзе яе пляменнік апублікаваў кнігу «Успаміны пра Джэйн Осцін», што яшчэ больш распаліла цікавасць да яе асобы. Творчасць Осцін натхніла незлічоную колькасць крытычных эсэ, яе раманы ўваходзяць ва ўсе значныя літаратурныя анталогіі. Яны былі шматкроць экранізаваны; сярод самых вядомых адаптацый такія фільмы, як «Розум і пачуцці» (1995), «Пыха і перадузятасць» (2005), «Эма» (2020), экранізацыя «Лэдзі Сьюзан» пад назвай «Каханне і сяброўства» (2016) і міні-серыял BBC «Пыха і перадузятасць» (1995).
Біяграфічныя крыніцы
Скупыя біяграфічныя звесткі пра Джэйн Осцін грунтуюцца на нешматлікіх ацалелых лістах і ўспамінах, напісаных членамі яе сям’і. Гэта стварыла аснову для міфаў і наўмысных скажэнняў яе вобраза, якія сучасныя біёграфы спрабуюць выправіць.
З прыкладна 3000 лістоў, напісаных Джэйн Осцін, да нас дайшло і было апублікавана толькі каля 160. Асноўную частку лістоў знішчыла яе сястра Касандра, спальваючы іх або пазбаўляючыся ад іх іншым спосабам. Яна рабіла гэта з пэўнай мэтай: каб «малодшыя пляменніцы не прачыталі з’едлівыя або залішне адкрытыя каментарыі Джэйн пра суседзяў або членаў сям’і». Імкнучыся абараніць рэпутацыю сям’і ад схільнасці Джэйн да гранічнай шчырасці, Касандра выразала з астатніх лістоў любыя згадкі пра хваробы, няшчасці і ўсё, што яна лічыла «непрыстойным». У выніку наўмысна былі схаваныя важныя дэталі з жыцця сям’і Осцін, такія як існаванне брата Джорджа, якога праз недыягнаставаныя праблемы з развіццём аддалі на апеку ў іншую сям’ю, і пра яго амаль не згадвалі, альбо двух іншых братоў, якіх адправілі служыць на флот у вельмі раннім узросце, або ж пра багатую цётку Лі-Перо, якую арыштавалі і судзілі па абвінавачванні ў крадзяжы.
Першай біяграфіяй Осцін стала «Біяграфічная нататка», напісаная яе братам Генры Томасам Осцінам у 1818 годзе. Яна была апублікавана ў пасмяротным выданні рамана «Нортэнгерскае абацтва» і, насуперак меркаванню іншых членаў сям’і, уключала ўрыўкі з двух лістоў. У наступных біяграфіях сямейная «цэнзура» толькі ўзмацнілася. Дэталі жыцця Осцін працягвалі апускацца або прыхарошвацца ў кнізе яе пляменніка «Успаміны пра Джэйн Осцін» (1869) і ў біяграфіі «Джэйн Осцін: яе жыццё і лісты» (1913), напісанай яе ўнучатымі пляменнікамі. Сям’я і сваякі мэтанакіравана стваралі легенду пра «добрую, ціхую цётачку Джэйн», малюючы яе як сціплую жанчыну, зусім шчаслівую ў хатнім коле, для якой сям’я была галоўнай апорай у жыцці.
Сучасныя біёграфы імкнуцца аднавіць больш поўную карціну, уключаючы ў свае працы тыя самыя дэталі, якія былі выразаны з лістоў і сямейных біяграфій. Аднак, як адзначае біёграф Джэн Фергюс, галоўная задача — захаваць баланс. Важна не ўпадаць у іншую крайнасць і не ўяўляць Осцін як «азлобленую, расчараваную жанчыну, зачыненую ў коле вельмі непрыемнай сям’і», якая пакутавала ў перыяды глыбокага няшчасця.
Жыццяпіс
Сям’я Джэйн Осцін нарадзілася ў Стывентане, графства Хэмпшыр, 16 снежня 1775 года. Яе бацька, Джордж Осцін (George Austen; 1731—1805), паведаміў пра яе з’яўленне ў лісце, адзначыўшы, што яе маці, Касандра, «мела нарадзіць яшчэ месяц таму». Ён дадаў, што нованароджаная «стане цацкай для Кэсі [старэйшай сястры] цяпер і яе кампаньёнкай у будучыні». Зіма 1775—1776 гадоў была асабліва суровай, таму дзяўчынку ахрысцілі ў мясцовай царкве толькі 5 красавіка, дзе ёй і нараклі імя Джэйн.
Бацька Джэйн, вялебны Джордж Осцін, служыў рэктарам англіканскіх парафій у Стывентане і суседнім Дзіне. Сям’я Осцінаў паходзіла са старажытнага і некалі багатага роду гандляроў воўнай. Аднак праз права першародства, паводле якога спадчына перадавалася толькі старэйшым сынам, галіна Джорджа Осціна збяднела. Джордж і дзве ягоныя сястры рана асірацелі і выхоўваліся ў сваякоў. У 1745 годзе, ва ўзросце пятнаццаці гадоў, сястру Джорджа, Філадэльфію, аддалі ў вучаніцы да мадысткі (майстрыхі па вырабе жаночых капялюшыкаў) у лонданскім раёне Ковент-Гардэн. Сам Джордж у шаснаццаць гадоў паступіў у каледж Святога Іаана у Оксфардзе, дзе, хутчэй за ўсё, і пазнаёміўся з Касандрай Лі (Cassandra Leigh; 1739—1827).
Касандра паходзіла са шляхетнага роду Лі. Яе бацька быў рэктарам Каледжа усіх душ у Оксфардзе, і яна вырасла ў асяроддзі джэнтры (дробнапамеснай шляхты). Яе старэйшы брат Джэймс атрымаў у спадчыну велізарную маёмасць і маёнтак ад стрыечнай бабулі з адзінай умовай: ён павінен быў змяніць сваё прозвішча на Лі-Перот. Гэта было распаўсюджанай практыкай, якая дазваляла захаваць прозвішча дарыльшчыка і ягоны род.
Джордж Осцін і Касандра Лі заручыліся прыкладна ў 1763 годзе, калі яны абмяняліся мініяцюрнымі партрэтамі — папулярны ў той час рамантычны звычай. Джордж атрымаў бенефіцый у выглядзе парафіі ў Стывентане ад Томаса Найта, багатага мужа сваёй траюраднай сястры. Яны пажаніліся 26 красавіка 1764 года ў царкве Святога Свіціна ў горадзе Бат. Цырымонія была простай і адбылася па ліцэнзіі (спецыяльным дазволе, які дазваляў абвянчацца без публічнага абвяшчэння), праз два месяцы пасля смерці бацькі Касандры. Іхні даход быў сціплым і складаўся з невялікага гадавога заробку Джорджа ад парафіі; Касандра ж прынесла ў шлюб толькі надзею на невялікую спадчыну пасля смерці сваёй маці.
Пазней багаты дзядзька Джорджа, Фрэнсіс Осцін, купіў для яго суседнюю парафію ў ДзінеAusten-Leigh, James Edward (1871). Memoir of Jane Austen (Second ed.). London: Richard Bentley and Son. Archived from the original on 19 December 2019. Retrieved 20 December 2019.. Сям’я часова пасялілася там, пакуль іхні асноўны дом у Стывентане — старажытны будынак XVI стагоддзя — рамантаваўся. У Дзіне Касандра нарадзіла траіх дзяцей: Джэймса (1765), Джорджа (1766) і Эдварда (1767). Касандра мела звычай некалькі месяцаў трымаць немаўля дома, а затым аддаваць яго на год-паўтара на апеку і выкормліванне Элізабэт Літлвуд, жанчыне, якая жыла непадалёк.
Стывентан. Дзіцячыя гады
У 1768 годзе сям’я Осцін канчаткова абгрунтавалася ў Стывентане. Першым дзіцем, якое нарадзілася тут, стаў Генры ў 1771 годзе. Прыкладна ў гэты ж час ягоная маці Касандра больш не магла ігнараваць прыкметы таго, што ў маленькага Джорджа былі праблемы з развіццём. У яго здараліся прыпадкі, і, магчыма, ён быў глуханямым. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне аддаць яго на апеку ў іншую сям’ю. У 1773 годзе нарадзілася Касандра (будучая найлепшая сяброўка Джэйн), за ёй — Фрэнсіс у 1774 годзе і, нарэшце, Джэйн у 1775-м.
Па словах біёграфа Парка Хонана, у доме Осцінаў панавала «адкрытая, жывая і нязмушаная інтэлектуальная атмасфера», у якой абмяркоўваліся і разглядаліся ідэі нават тых людзей, з якімі члены сям’і маглі быць не згодныя ў палітычным або сацыяльным плане.
Сям’я шмат у чым залежала ад заступніцтва сваіх больш заможных сваякоў і часта прымала ў сябе шматлікіх гасцей. Улетку 1770 года маці Джэйн, Касандра-старэйшая, гасцявала ў Лондане ў сястры свайго мужа, Філадэльфіі, і яе дачкі Элайзы. Біёграф Дэйдра Ле Фэй пісала, што Філадэльфія і Элайза Хэнкок былі «яркімі каметамі, якія ўрываліся ў ціхамірную сонечную сістэму жыцця сельскага духавенства ў Гэмпшыры. Навіны пра іхнія замежныя падарожжы і моднае лонданскае жыццё, а таксама іхнія раптоўныя візіты ў Стывентан — усё гэта дапамагала пашырыць гарызонты юнай Джэйн і паўплывала на яе далейшае жыццё і творчасць».
Першая дакументальная згадка пра саму Джэйн адносіцца да 1781 года, калі яе старэйшая сястра Касандра вярталася з паездкі ў горад Бат. У сямейных запісах гаворыцца: «…яны ўжо амаль даехалі да дома, калі сустрэлі Джэйн і Чарльза, двух малодшых у сям’і, якія прайшлі пешшу да Нью-Даўна, каб сустрэць шэйз і з задавальненнем пракаціцца ў ім дадому». Як адзначае Ле Фэй, «прадказанні містара Осціна адносна ягонай малодшай дачкі цалкам спраўдзіліся. Ніколі сёстры не былі такія блізкія, як Касандра і Джэйн; пры гэтым ва ўсёй іхняй дружнай сям’і, здавалася, існавала асаблівая сувязь паміж Касандрай і Эдвардам з аднаго боку, і паміж Генры і Джэйн — з другога».
З 1773 па 1796 год Джордж Осцін папаўняў сямейны бюджэт, займаючыся фермерствам і навучаючы трох-чатырох хлопчыкаў, якія жылі ў ягоным доме як пансіянеры. Ягоны гадавы даход ад дзвюх царкоўных парафій складаў £200 (што эквівалентна прыкладна £32,000 у 2023 годзе). Гэта быў вельмі сціплы даход для іхняга кола. Для параўнання, кваліфікаваны рамеснік (напрыклад, каваль) мог зарабляць каля £100 у год, у той час як тыповы гадавы даход сям’і джэнтры складаў ад £1,000 да £5,000. Сям’я Осцін жыла на ніжняй прыступцы саслоўя джэнтры. Дадатковы даход прыносіла арэнда фермы плошчай 200 акраў, якая магла даваць да £300 прыбытку ў год (эквівалент £48,000 у 2023 годзе).
У гэты перыяд свайго жыцця Джэйн рэгулярна наведвала царкву, мела зносіны з сябрамі і суседзямі, а вечарамі чытала ўслых сваёй сям’і раманы, часта ўласнага сачынення. Зносіны з суседзямі нярэдка ўключалі ў сябе танцы — альбо імправізаваныя ў кагосьці дома пасля вячэры, альбо на балях, якія рэгулярна праводзіліся ў залах для сходаў пры гарадской ратушы. Яе брат Генры пазней успамінаў, што «Джэйн любіла танцаваць і выдатна гэта рабіла».
Адукацыя
У 1783 годзе Джэйн Осцін і яе сястру Касандру адправілі ў горад Оксфард на прыватнае навучанне да Эн Коўлі, якая ў тым жа годзе перавезла іх у Саўтгемптан. Той жа восенню абедзвюх дзяўчынак тэрмінова адправілі дадому, бо яны заразіліся сыпным тыфам — небяспечнай хваробай, ад якой Джэйн ледзь не памерла. Пасля гэтага яна некаторы час атрымлівала хатнюю адукацыю, пакуль у пачатку 1785 года зноў не адправілася з сястрой у школу-пансіён. Гэта была Рэдынгская школа-інтэрнат для дам пад кіраўніцтвам місіс Ла-Турнэль. Хутчэй за ўсё, вучэбная праграма ўключала французскую мову, правапіс, рукадзелле, танцы, музыку і драматычнае мастацтва. Аднак сёстры вярнуліся дадому яшчэ да снежня 1786 года, бо плата за навучанне дзвюх дачок аказалася занадта высокай для сям’і Осцін. Пасля 1786 года Джэйн «больш ніколі не жыла за межамі свайго бліжэйшага сямейнага асяроддзя».