Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова — беларуская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова са статусам універсітэта, якая знаходзіцца ў Магілёве.

Гісторыя

Магілёўскі настаўніцкі інстытут У пачатку ХХ стагоддзя ў беларускіх губернях адчуваўся востры недахоп кваліфікаваных настаўнікаў. Ва ўмовах хуткага пашырэння сеткі пачатковых школ і слабаразвітай сістэмы падрыхтоўкі педагагічных кадраў Віленскі настаўніцкі інстытут не мог забяспечыць патрэбы краю. Магілёўскія губернскія і гарадскія ўлады з 1909 года рабілі пэўныя захады дзеля таго, каб дамагчыся адкрыцця інстытута ў горадзе.

Летам 1913 г. было канчаткова вырашана адкрыць 1 ліпеня 1913 г. у г. Магілёве настаўніцкі інстытут «з гарадскім пры ім вучылішчам»Гісторыя Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта (1913—1940 гг.): дакументы і матэрыялы / аўт.-склад.: А. Р. Агееў, К. М. Бандарэнка, В. П. Клімковіч; пад агульн. рэд. К. М. Бандарэнкі. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2008. — 216 с. ISBN 978-985-480-500-9.. Магілёў стаў другім, пасля Віцебска, горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у якім пачаў дзейнічаць настаўніцкі інстытут. Першым дырэктарам быў стацкі саветнік, кандыдат багаслоўя У. М. Тычынін.

Урачыстае адкрыццё інстытута адбылося 1 кастрычніка 1913 года. У той жа дзень Педагагічны Савет інстытута адгукнуўся «асабліва сардэчнай спагадай» на прапанову дырэктара прысвоіць інстытуту назву «Раманаўскі» ў гонар кіруючага дому Раманавых. Але вышэйстаячыя органы Міністэрства народнай асветы прызналі хадайніцтва назвы такім ганаровым званнем інстытута заўчасным.

Інстытут размясціўся ў арандаваным двухпавярховым будынку дома стацкага саветніка Рыгора Мікалаевіча Гартынскага па вуліцы Быхаўскай, 22 (сёння вул. Вароўскага)105 ГАДОЎ ПАДРЫХТОЎКІ АДМЫСЛОЎЦАЎ ДЛЯ ГРАМАДСТВА І КРАЇНЫ Ў МДУ ІМЯ А. А. КУЛЯШОВА. Агееў Аляксандр Рыгоравіч. Першы выпуск у колькасці 33 чалавек адбыўся ў 1916 годзе.

Гарадскія ўлады адразу выдзелілі пад будаўніцтва інстытута ўчастак зямлі, які пасля павелічэння яго тэрыторыі меў плошчу 255,3 квадратных сажань. Ен займаў амаль квартал, паміж вуліцамі Нова-Базарнай, Капітанаўскай, Інжынернай (недалёка ад ваеннай царквы, сёння прыблізна ў раёне завода «Строммашына»). Участак быў выдзелены бясплатна, на ўмовах, што на працягу трох гадоў вучэбнае ведамства прыступіць да будаўніцтваАгееў А. Р., ДА ГІСТОРЫІ АДКРЫЦЦЯ НАСТАЎНІЦКАГА ІНСТЫТУТА У г. МАГІЛЁВЕ.. Быў распрацаваны праект будынка інстытута, які Міністэрства зацвердзіла ў сакавіку 1914 г. Але неўзабаве пачалася Першая сусветная вайна, i будаўніцтва так і не пачалося.

Рыхтаваў настаўнікаў для вышэйшых пачатковых вучылішч і лічыўся сярэдняй навучальнай установай з трохгадовым тэрмінам навучання. Пры ім было створана двухкласнае гарадское вучылішча. У інстытут прымаліся асобы мужчынскага полу праваслаўнага веравызнання ад 16 да 25 гадоў з сярэдняй адукацыяй.

У гады Першай сусветнай вайны інстытут меў цяжкасці з наборам студэнтаў і памяшканнем. Частка калектыву была мабілізавана на фронт. Тым не менш, інстытут працягваў рыхтаваць настаўнікаў. Першы выпуск у колькасці 33 чалавек адбыўся ў 1916 годзе. У інстытуце ў той час працавала 8 выкладчыкаў.

Сфарміраваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Часовы ўрад ужо летам дазволіў прымаць у настаўніцкія інстытуты асоб як мужчынскага, так і жаночага полу. Набор 1917 г. прайшоў па адпрацаванай раней схеме. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў студзені 1918 г. заняткі ў інстытуце аднавіліся. Але ў сакавіку горад быў заняты польскімі ўзброенымі фарміраваннямі, якіх у маі змянілі германскія войскі. Цяпер адміністрацыя інстытута прасіла дазволу і ўзгадняла свае рашэнні з акупацыйнымі ўладамі.

Пасля ўступлення ў Магілёў 31 кастрычніка 1918 г. войск Чырвонай Арміі і пераходу ўлады да губернскага рэвалюцыйнага камітэта дзейнасць інстытута каардынавалася ўжо з органамі савецкай улады. Дзякуючы велізарным намаганням, самаадданай працы супрацоўнікаў, інстытут не прыпыніў сваёй дзейнасці ні ў рэвалюцыйных умовах 1917 г., ні ў час грамадзянскай вайны.

Магілёўскі педагагічны інстытут Рэвалюцыя прывяла да кардынальных пераўтварэнняў у грамадстве, у тым ліку і ў сферы адукацыі. У адпаведнасці з пастановай Усерасійскага з’езда дэлегатаў настаўніцкіх інстытутаў Магілёўскі настаўніцкі інстытут у снежні 1918 года быў пераўтвораны ў Магілёўскі педагагічны інстытут, ён атрымаў статус вышэйшай навучальнай установы з чатырохгадовым тэрмінам навучання. У склад яе супрацоўнікаў увайшлі лепшыя выкладчыкі навучальных устаноў Магілёва, таксама былі запрошаны спецыялісты з іншых гарадоў Расіі, у тым ліку і сталічных. Інстытут меў 3 аддзяленні і рыхтаваў настаўнікаў школ І і ІІ ступеняў, а таксама работнікаў дашкольных устаноў. Настаўнікаў для школ другой ступені вучылі на фізіка-матэматычным, сацыяльна-гістарычным, біялагічным, літаратурнамастацкім і геаграфічным цыклах. Кіраўніцтва інстытута ў 1919 г. прыняло абгрунтаваную, але, відавочна, не разлічаную на ўмовы грамадзянскай вайны праграму развіцця новай установы.

Вучэбную і выхаваўчыю работу вялі каля 40 выкладчыкаў. У гады грамадзянскай вайны і пасляваеннай разрухі заняткі вяліся ў вячэрні час.

У 1919 г. інстытуту перадалі будынак былой Марыінскай жаночай гімназіі.

Магілёўскі інстытут народнай адукацыі У Маскве ў 1919 годзе была зацверджана чарговая рэарганізацыя: педагагічныя інстытуты пераўтвараліся ў інстытуты народнай адукацыі з больш шырокім профілем выпускаемых спецыялістаў. Яны ў залежнасці ад матэрыяльнай базы, патрэбнасці рэгіёнаў, наяўнасці выкладчыцкіх кадраў маглі мець да пяці аддзелаў і таксама адносіліся да вышэйшых навучальных устаноў. Усяго на Беларусі на базе педагагічных інстытутаў былі створаны тры такія ўстановы: у Магілёве, Віцебску і Менску.

У кастрычніку 1919 года інстытут быў адкрыты з чатырма аддзеламі: 1) дашкольным, 2) па падрыхтоўцы выкладчыкаў для школ І ступені, 3) па падрыхтоўцы выкладчыкаў для школ ІІ ступені, 4) па падрыхтоўцы інструктараў працоўных працэсаў. Ва ўмовах грамадзянскай вайны калектыў інстытута «увесь час змагаўся з велізарнымі, часта непераадольнымі перашкодамі». Сярод паступіўшых студэнтаў была «маса асоб без усялякай падрыхтоўкі». З-за цяжкасцяў жыцця ў прыфрантавым горадзе, бядотнага матэрыяльнага стану, сацыяльнай няпэўнасці і іншых прычын назіралася вялікая цякучасць кадраў.

Летам 1921 года вучэбны працэс нармалізаваўся, умацавалася матэрыяльная база. Менавіта ў гэты час пачалася чарговая рэарганізацыя ў сістэме народнай адукацыі: інстытуты народнай адукацыі пераўтвараліся або ў практычныя інстытуты, або ў педагагічныя тэхнікумы. У Менску, як цэнтры краю, планавалася стварыць педфак, а ў Гомелі, як цэнтры губерні, — практычны інстытут, у Магілёве, як павятовым горадзе, — педтэхнікум. Перспектыва пераўтварэння інстытута ў тэхнікум не задавальняла ні выкладчыкаў, ні студэнтаў. Савет інстытута прызнаў магчымым і неабходным існаванне практычнага інстытута ў Магілёве, інфармаваў аб гэтым цэнтральныя ўлады, запрашаў дэлегата «цэнтра» ў Магілёў для азнаямлення з сітуацыяй на месцы. Каля 200 студэнтаў напісалі заявы з просьбай перавесці іх у практычны інстытут народнай адукацыі.

Магілёўскі практычны інстытут народнай адукацыі і закрыццё

На пасяджэнні яго Савета 3 кастрычніка 1921 г. у адпаведнасці з рашэннем Галоўпрафадукацыі, з улікам таго, што інстытут мае «лепшыя ў губерні выкладчыцкія кадры», было абвешчана аб адкрыцці Магілёўскага практычнага інстытута народнай адукацыі.

Практычныя інстытуты, як новая форма падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, заставаліся вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і падпарадкоўваліся цэнтральным уладам у Маскве. Мэтай іх дзейнасці была падрыхтоўка «на навуковай аснове і адпаведных тэхнічных, прыродазнаўчых, педагагічных і эканамічных дысцыплін высокакваліфікаваных практычных дзеячаў», неабходных канкрэтнаму рэгіёну. Адметнасцю іх вучэбных планаў стала шырокае прымяненне практычных, лабараторных работ і практыкі студэнтаў.

З заканчэннем грамадзянскай вайны становішча не палепшылася. Востры фінансавы, сацыяльна-эканамічны крызіс, высокія тэмпы інфляцыі паставілі многія інстытуты на мяжу выжывання. Дзяржава была не ў стане ўтрымліваць вялікую колькасць ВНУ. У ліпені 1923 г. СНК СССР прыняў дэкрэт «Аб закрыцці і рэарганізацыі некаторых вышэйшых навучальных устаноў». Да новага навучальнага года Магілёўскі інстытут перадаў сваю матэрыяльную базу Магілёўскаму педтэхнікуму. Туды была пераведзена частка выкладчыкаў, студэнты падрыхтоўчага аддзялення і першага курса. Старшакурснікі атрымалі магчымасць працягнуць вучобу на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут Развіццё школьнай сеткі і рост колькасці навучальных устаноў запатрабаваў ужо ў канцы 1920-х гг. тэрміновага паляпшэння сістэмы падрыхтоўкі педагагічных кадраў. У 1930 г. было прынята рашэнне аб аднаўленні педінстытутаў у Магілёве і Віцебску, стварэнні яго ў Гомелі. У адпаведнасці з пастановай 1 кастрычніка 1930 г. распачаў дзейнасць і Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут у складзе гісторыка-эканамічнага і літаратурна-лінгвістычнага аддзяленняў.

Да восені 1932 г. Магілёўскаму педагагічнаму інстытуту было прысвоена імя буйнейшага савецкага гісторыка М. М. Пакроўскага, які памёр восенню таго года. У сярэдзіне 1930-х гг. у савецкай гістарычнай навуцы пачаўся пераход ад інтэрнацыяналістычнай да савецкай дзяржаўна-патрыятычнай канцэпцыі. У афіцыйнай прапагандзе пачалося ўсхваленне асобных перыядаў расійскага мінулага. Пасмяротна Пакроўскі быў абвінавачаны ў «антымарксізме і ачарненні гісторыі Расіі». Пасля крытычнага выступлення Сталіна ў 1936 г. пачалася кампанія крытыкі поглядаў нябожчыка.

У 1934 г. было прынята рашэнне аб пераўтварэнні аддзяленняў інстытута ў профільныя факультэты з чатырохгадовым тэрмінам навучання: гістарычны, геаграфічны, мовы і літаратуры (рускае і беларускае аддзяленні). З 1934 г. выкладчыкі і студэнты пачалі геаграфічнае, гістарычнае і фальклорнае вывучэнне Магілёўскага рэгіёна. Да 1935 годзе ўсім грамадзянам СССР, якія скончылі сярэднюю школу і здалі іспыты, было дадзена права паступлення ў ВНУ незалежна ад іх сацыяльнага паходжання, праз гэта толькі на дзённым аддзяленні колькасць студэнтаў вырасла да 800 чалавек. У гэтым. Стыпендыя цяпер таксама залежала ад поспехаў у вучобе, а не паходжання. У наступным годзе пры інстытуце былі арганізаваны аднагадовыя курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў (5 — 7 класаў).

Выключэнні з партыі, звальненні з працы і арышты гісторыкаў прывялі да таго, што ў Магілёўскім педінстытуце ў 1935 востра не хапала, а ў 1936—1938 гг. практычна не засталося сваіх лектараў-гісторыкаў. Неўкамплектаванасць кадрамі прыводзіла да зрыву заняткаў, вычыткі лекцый іншагароднімі, у тым ліку ленінградскімі, выкладчыкамі. З-за знішчэння «шкодніцкіх кніг ворагаў народа» востра не хапала гістарычнай літаратуры. Да таго ж шэраг лекцыйных гістарычных курсаў, якія раней вычыталі так званыя «ворагі народа», перачытваўся нанава. У пачатку першай паловы 1937 года з назвы знікла імя Пакроўскага.

У 1937 г. пры педагагічным ствараецца настаўніцкі інстытут з двухгадовым тэрмінам навучання, які рыхтаваў настаўнікаў для няпоўнай сярэдняй школы, а ў наступным годзе была адкрыта аспірантура. Напачатку 1940-х гг. на дзённым і завочным аддзяленнях навучалася больш за 2 тысячы студэнтаў. Побач з вучэбным корпусам быў пабудаваны інтэрнат, мелася вялікая бібліятэка, спартыўная зала і стралковы цір, добра абсталяваныя кабінеты і лабараторыі.

У 1940 г. было вырашана ўрачыста адсвяткаваць дзесяцігоддзе педагагічнага інстытута. Бюро Магілёўскага гарадскога камітэта партыі на сваім пасяджэнні 29 мая 1940 г., заслухаўшы даклад дырэктара МПІ Кірылава, пастанавіла падтрымаць меркаванне партарганізацыі і студэнтаў педінстытута прасіць Вярхоўны Савет БССР прысвоіць яму імя вядомага вучонага, даследчыка Арктыкі І. Д. Папаніна. Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 23 чэрвеня 1940 года прыняў адпаведны ўказ.

Вайна і пасляваеннае адраджэнне