Нясвіжскі езуіцкі калегіум () — калегіум езуітаў, які існаваў у Нясвіжы ў 1586—1773 гадах.
Гісторыя Будынак калегіума быў злучаны з касцёлам Божага Цела крытай галерэяй, якая знаходзілася з алтарнага боку. Пляцоўку пад яго будаўніцтва ахвяраваў М. К. Радзівіл Сіротка, праект будынка, верагодна, таксама распрацаваў Я. М. Бернардоні. Першы камень закладзены 26 чэрвеня 1586 г., частка будынка была ўзведзена ў 1588 г., канчаткова завершана будаўніцтва ў 1599 г. Калегіум складаўся з чатырох крылаў і ўтвараў замкнёны двор. У калегіуме былі адкрыты класы граматыкі, паэтыкі і рыторыкі; дзейнічала пачатковая школа; працавала аптэка, Нясвіжская друкарня Радзівілаў (1750 г.), бібліятэка.
Пасля скасавання ордэна езуітаў з 1773 г. у будынку размяшчаліся школьныя ўстановы. З 1802 г. на тэрыторыі былога калегіума размясцілася ваеннае ведамства. Існаваўшыя пабудовы былі прыстасаваны пад казармы. У ходзе ваеннай кампаніі 1812 г. будынак быў моцна пашкоджаны.
У 1822 г. будынкі былога калегіума былі цалкам перададзены з грамадзянскага артылерыйскаму ведамству. У 1844 г. складзены праектны план размяшчэння казармаў. Мяркуючы па планах 1859, 1865 г., на падмурках былога калегіума быў узведзены двухпавярховы будынак для лазарэта на 50 чалавек і нестраявой роты на 180 чалавек, які захаваўся да нашага часу.
Архітэктура Архітэктура калегіума была вырашана ў стылі рэнесансу. П-падобны ў плане будынак пад 2-схільнымі дахамі з фігурнымі франтонамі па тарцах. Плоскасныя сцены франтальнага фасада чляніліся прамавугольнымі і арачнымі аконнымі праёмамі, па версе былі апяразаны фігурнымі атыкамі дробнага хвалепадобнага і арнаментальнага характару — дэкаратыўныя шчыты валютнай абмалёўкі, пілястравая крапоўка, фігурныя фрызы, цэнтральная вежачка-эркер з курантамі і шатром з флюгерам.
Бакавыя фасады мелі спрошчаную плоскасную трактоўку з рытмам прамавугольных і арачных аконных праёмаў. Першы паверх уяўляў сабой адкрытую галерэю-аркаду па баках цэнтральнага скразнога праезда. Паўночны і паўднёвы карпусы мелі галерэйную планіроўку, усходні — калідорную. На 1-м паверсе паўднёвай часткі размяшчаліся 4 школьныя класы, бібліятэка з друкарняй і асобны ўнутраны двор, у паўночнай частцы — 4 келлі, кухня, кладоўка і трапезная, якія мелі выхад у асобны абгароджаны глухой сцянон двор.
Усходняе тыльнае крыло мела калідорную планіроўку і ўключала келлі, кладоўку, гасціную і інш. Да яго перпендыкулярна далучалася крыло для чэлядзі, лабараторыі, аптэкі. Другі паверх адводзіўся пад келлі манахаў, апартаменты рэктара і капліцу. Інтэр'еры шэрагу памяшканняў былі аформлены фрэскамі.
За будынкам калегіума быў спланаваны рэгулярны сад з сажалкай. Рэктары 1604—1610 — Міхал Сальпа 1623—1627 — Войцех Сляскі 1630—1635 — Войцах Сласкі 1641—1644 — Мікалай Грынкевіч 1670—1673 — Ян Андрэй Андрайкевіч (Гінтоўт-Андрайкевіч)
Вядомыя педагогі Зыгмунт Лаўксмін (1596/7—1670), рыторыка Філіп Фрыіс (1572—1638), тэалогія, філасофія і матэматыка Якуб Глядавіцкі (1646—1704) Габрыэль Лянкевіч (1722-1798) — рымска-каталіцкі дзеяч, педагог, архітэктар.
Вядомыя вучні князь Ян Ежы Радзівіл (1588—1625) князь Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл (1589—1636) князь Станіслаў Казімір Радзівіл (1648—1690) князь Ян Мікалай Радзівіл (1681—1729) князь Мікалай Фаўстын Радзівіл (1688—1746) князь Станіслаў Радзівіл (1722—1787) князь Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» (1735—1790) князь Міхал Геранім Радзівіл (1744—1831) Шыман Берэнт (1585—1649) Канстанцінас Шырвідас (1579–1631) Мікалай Грынкевіч (1594—1663) Альберт Віюк-Каяловіч (1609—1677) Крыштаф Антоній Абрынскі (? —1665) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч.
Гл. таксама Касцёл Божага Цела, Нясвіж
Літаратура Archiwum Rzymskie Societatis Jesu w Krakowie Pol 75 f. 167—202 (Historia fundationis 1587, Encomium N. Chr. Radziwiłł) S. Załęski, Kolegium jezuitów w Nieświeżu, w: Przegląd Powszechny 54 (1897) s.239-252 Монастырь иезуитов строил князь Сиротка / Сергей Чистяков // Директор. — 2010. — № 4 (130). — С. 78—80. (3Ок8563)
Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.]. Т. 5. — Минск, 2007.
Спасылкі Афіцыйная старонка парафіі «Божага Цела» ў г. Нясвіжы
Катэгорыя:Адукацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім Катэгорыя:Колішнія навучальныя ўстановы Беларусі Катэгорыя:Езуіцкія калегіумы Катэгорыя:Гісторыя Нясвіжа Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Нясвіжа Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Нясвіжа
Катэгорыя:Духоўныя навучальныя ўстановы Беларусі