Ко́ланск (, ) — вёска ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Святавольскага сельсавета. Размешчана за 45 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Івацэвічы, за 181 км ад Брэста. Аўтадарогай злучана з Целяханамі.
Гісторыя Паводле даследаванняў М. К. Любаўскага, у запісе вялікага князя Вітаўта ад 1401 года ўпамінаецца «волостка Вяда» (Вядская воласць), да якой належалі Вяда пры возеры Бабровіцкае, Бабровічы пры тым жа возеры, Коланск і сяло Гаць. Таксама Коланск упамінаецца ў 1559 годзе пры апісанні пушчаў ВКЛ. У канцы XVI — пачатку XVIII стагоддзя — сяло ў Пінскім павеце. З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі.
У 1876 годзе вёска ўваходзіла ў маёнтак Коланск (уласнасць Жука), адносілася да Коланскай сельскай грамады Святавольскай воласці Пінскага павета Мінскай губерні. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы было 62 двары, 471 жыхар, хлебазапасны магазін. Пры ўрочышчы Асіёўка, непадалёку ад вёскі, размяшчалася сядзіба Коланск, уладанне Гетліна (3 двары, 14 жыхароў), і карчма. У 1909 годзе ў вёсцы і маёнтку было 94 двары, 575 жыхароў.
З лютага 1915 года акупіравана германскімі войскамі, з сакавіка 1919 года — польскімі. З 1921 года ў складзе Польшчы, у Косаўскім павеце Палескага ваяводства. У 1924 годзе — вёска ў Святавольскай гміне: 71 будынак, 342 жыхары, з якіх 338 праваслаўных беларусаў; таксама існаваў фальварак з 1 будынкам і 9 жыхарамі. З 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года вёска з'яўлялася цэнтрам Коланскага сельсавета Целяханскага раёна Пінскай вобласці. На той час у вёсцы было 137 двароў, 611 жыхароў, дзейнічалі пачатковая школа, клуб, медпункт. Вёска ўваходзіла ў склад калгаса «Шлях да камунізму».
У Вялікую Айчынную вайну з 1941 па 1944 гады акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Дзейнічала падпольная патрыятычная група. У 1951—1952 гадах у вёсцы было 144 двары, 691 жыхар, працаваў калгас імя Молатава. У сярэдзіне 1950-х гадоў дзейнічала хата-чытальня.
З 17 лістапада 1980 года вёска ў складзе Амяльнянскага сельсавета. Да 9 жніўня 2022 года вёска ўваходзіла ў склад Амяльнянскага сельсаветаРешение Брестского областного Совета депутатов от 9 августа 2022 г. № 356 Об изменениях в административно-территориальном устройстве Ивацевичского района Брестской области, пасля чаго была перададзена ў склад Святавольскага сельсавета.
Насельніцтва XIX стагоддзе: 1897 — 471 жыхар. XX стагоддзе: 1909 — 575 жыхароў; 1924 — 342 жыхары; 1940 — 611 жыхароў; 1972 — 871 жыхар; 1979 — 778 жыхароў; 1997 — 425 жыхароў. XXI стагоддзе: 2002 — 389 жыхароў; 2005 — 175 гаспадарак, 349 жыхароў.
Інфраструктура
У вёсцы размешчаны сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазін.
Літаратура
Катэгорыя:Населеныя пункты Івацэвіцкага раёна Катэгорыя:Вёскі Івацэвіцкага раёна