Алег Леанідавіч Грушэцкі () — беларускі пісьменнік, публіцыст, перакладчык, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч. Аўтар літаратуразнаўчых і гістарычных артыкулаў. Адзін з заснавальнікаў «Аб’яднання беларускіх скаўтаў».
Біяграфія Нарадзіўся 8 мая 1974 года ў Мінску. Навучаўся ў СШ № 20 г. Мінска (сёння — гімназія № 8). У юнацтве і маладосці займаўся рознымі відамі спорту, у прыватнасці, в'етнамскім баявым мастацтвам . Працоўную дзейнасць пачаў у 1992 годзе са старэйшага завадатара ў СШ № 140 г. Мінска.
У 1996 годзе прайшоў навучанне ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі па навучальным плане «Кіраванне прадпрыемствам ва ўмовах рыначнай эканомікі» з прысваеннем кваліфікацыі «Менеджар-прадпрымальнік», які скончыў на выдатна. Пасля працаваў на заводзе сродкаў комплекснай аўтаматызацыі НВА «Гранат» менеджарам аддзела маркетынгу.У 2019 годзе скончыў курсы польскай мовы ў Польскім інстытуце ў Мінску.
Бацька траіх дзяцей. Дачка выхоўвалася ў беларускамоўным садку.
Грамадская дзейнасць
З 1987 года — удзельнік таварыства «Талака», якое займалася адраджэннем беларускай культуры. У 1989 годзе вылучаўся на Сойме Талакі ў сябры Рады.
Напачатку 1989 года стаў маладзёжным кіраўніком «Беларускага вучнёўскага саюза» («БВС»).
У жніўні 1989 года сабраў першы скаўцкі звяз (атрад)«Касінеры» (у гонар касінераў Кастуся Каліноўскага), у склад якога ўвайшлі ў асноўным вучні школы № 20, а таксама сябры «БВС». Створаны ім атрад, які складаўся пераважна з хлопцаў і некалькіх дзяўчат, стаў першай спробай адраджэння беларускага скаўтынгу.
У жніўні 1990 года прымаў удзел у адкрыцці першага заезду першага беларускамоўнага дзіцячага летніка «Грунвальд» — урачыста ўздымаў сцяг на цырымоніі адкрыцця.
Напачатку 1991 года надрукаваў першае сучаснае беларускае скаўцкае выданне — газету «Скаўт Беларусі».
Алег Грушэцкі быў першым (і на той час адзіным) скаўтам, які прадстаўляў Беларусь на XVII Сусветным скаўцкім Джамбары (скаўцкі злёт), які праходзіў з 8 па 16 жніўня 1991 года ў Паўднёвай Карэі.
У 1992 годзе стаў адным з арганізатараў Устаноўчага Сойма «Аб’яднання беларускіх скаўтаў». 21 сакавіка 1992 года, падчас Устаноўчага Сойму, Алег Грушэцкі абраны сябрам Рады «АБС». 14 жніўня 1992 года ў Рэспубліканскім скаўцкім летніку «Лясун» здаў іспыты з прысваеннем кваліфікацыі Скаўт-майстра. 15 лістапада 1992 года на сходзе па ўтварэнні Мінскай харугвы імя Вітаўта быў абраны сябрам Рады мінскай харугвы.
У ліпені 1993 года адкрываў першы Джамбары «АБС» — запальваў Вялікае Джамбарыйскае вогнішча.
Творчасць
У юнацтве навучаўся маляванню ў беларускага скульптара Гэніка Лойкі. Радыё Марыя, 23 жніўня 2023.
У 1992 годзе пачаў пісаць бардаўскія ды скаўцкія песні. У 1993 годзе выступіў на «III Беларускім фестывалі бардаўскай песні»(28—29 жніўня; прысвечаны Аршанскай бітве). Выканаў некалькі песень у музычным жанры блюз-рок на свае вершы і адну на верш Анатоля Сыса, пасля чаго атрымаў добрыя водгукі музычных крытыкаў і быў запрошаны запісаць свае песні на «Белрадыё». Яго песні, як вершы, упершыню былі надрукаваныя ў часопісе «Першацвет» (№ 3, 1994).
Некаторыя вершы Грушэцкага пакладзены на музыку. Alexander Skory, 19 лістапада 2021.. Таксама ён удала спалучае ў сваёй паэзіі міжжанравы сінтэз (напрыкалад, японскі танка і акраверш), абнаўлючы такім чынам некаторыя паэтычныя формы.
Алег Грушэцкі піша казкі, фэнтэзі і вершы на беларускай мове. Таксама друкуецца на польскай і украінскай мовах.
На думку Алега Грушэцкага, беларускую літаратуру вылучае дух таямнічасці і загадкавасці, пэўнай містычнасці і міфалагічнасці. Літаратуру ён лічыць «неад’емнай часткай культуры, тым, на чым адбываецца фарміраванне свядомасці нацыі, яе выхаванне, будуецца менталітэт. А таксама фарміруецца культурны і інтэлектуальны ўзровень тых, хто падрастае».
Публікаваўся са сваімі творамі, а таксама з літаратуразнаўчымі, біяграфічнымі і публіцыстычнымі артыкуламі ў беларускіх газетах «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Культура», «Звязда», «Белорусская нива» («Сельская газета»), «Народная Воля», «Наша слова», «Новы Час», польскай «Gazeta Polska Codziennie», у часопісах «Маладосць», «Буся», «Бярозка», «Вясёлка», «Першацвет», «Роднае слова», украінскім часопісе «Колобочок», польскіх навукова-гістарычных часопісах «Mówią Wieki», «Rocznik Lubelski». Прымае ўдзел у творчых імпрэзах Паэтычнага тэатра «Арт. С».
У 2023 годзе ў межах III Міжнароднага форума даследчыкаў беларускай казкі, які праводзіўся Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, прымаў удзел у круглым стале «Сучасная літаратурная казка: суадносіны фальклорнай і літаратурнай традыцыі».
Казка «Жаўнер і вужалка» увайшла ў лонг-ліст IV міжнароднага літаратурнага конкурсу «Рускі Гофман — 2019» ў намінацыі «Проза казачная, фантазійная». Кніга «Краіна Вымярэнія» ў 2019 годзе ўвайшла ў ТОП-10 найлепшых кніг для дзяцей на беларускай мове (па версіі TUT.BY ідоктара філалагічных навук літаратуразнаўцы Ганны Кісліцынай), а ў 2020 годзе — у ТОП-12 беларускіх дзіцячых выданняў (па версіі газеты «Звязда» і літаратурнага крытыка Людмілы Рублеўскай).
Узнагароды 2 месца на конкурсе Таварыства беларускай мовы на тэму «Гуманітарныя навукі. Персаналіі» — за артыкул «Беларускае фэнтэзі» (2015); дыплом І ступені рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ «Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў» у намінацыі «Гісторыя ўласнага роду, сям’і» (2016); 1 месца ў конкурсе «Культурны ракурс» газеты «Літаратура і мастацтва» (2017) .
Крытыка і ацэнка творчасці
Паэзія
Лігвіст і выкладчык кафедры англійскай мовы ГДУ імя Ф. Скарыны Вікторыя Старакожава адзначае, што лірычная паэзія Грушэцкага падобна на рамантычнае прызнанне ў лісце каханай, напоўненае шчырымі і чыстымі словамі любові, дзе паэт па-майстэрску падбірае словы для свайго пранікнёнага прызнання. Так, у вершы Алега Грушэцкага «Чыстае каханне» канцэпт «каханне» выступае як энэргія, якая рухае жыццём і натхняе на напісанне вершаў. Яго творы лінгвіст параўноўвае з творчасцю амерыканскага паэта Джэка Гілберта.
Станоўчыя водгукі атрымала і выступленне Алега Грушэцкага, як барда. Музыказнаўца Вітаўт Мартыненка ў газеце «Чырвоная змена», у сваім артыкуле прысвечаным «III Беларускаму фестывалю бардаўскай песні» так пісаў пра яго:
Літаратуразнаўца і навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» Таццяна Барысюк заўважае, што Грушэцкі ўдала спалучае ў сваёй паэзіі міжжанравы сінтэз (напрыкалад, японскі танка і акраверш), абнаўлючы такім чынам некаторыя паэтычныя формы. А створаную Грушэцкім нізку купальскіх вершаў у такіх разнастайных паэтычных жанрах, як газель, рубаі, хоку і танка, літаратуразнаўца Таццяна Барысюк акрэсліла, як «унікальны феномен, бо ў названых тэкстах ён аб'ядноўвае ўсходнія формы з беларускім нацыянальным зместам, а менавіта з купальскімі народнымі традыцыямі». Таксама літаратурны крытык Таццяна Барысюк адзначае, што: «Спецыфіка сучасных беларускіх рубаі заключаецца ў тым, што ў іх адбіваюцца родная этнанацыянальная ментальнасць і айчынныя рэаліі (прырода і культура). З прааналізаваных твораў апошняе найбольш яскрава выявілася ў рубаі А. Грушэцкага, у творы “Мне прыязджаць заўжды дадому...”».
Проза Літаратурны крытык Кася Іофе з Кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэта (Польшча) лічыць пісьменніка Алега Грушэцкага адным з найлепшых беларускіх дзіцячых фантастаў.
Навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча літаратурны крытык газеты «Літаратура і мастацтва» Яна Будовіч кажа, што ў казках Алега Грушэцкага можна знайсці алюзіі і на дарослыя праблемы, а ў казцы «Рыцар Янка і каралеўна Мілана» можна пабачыць алюзію, адсыл на «Дзікае паляванне караля Стаха». Пры гэтым дабро ў яго казцы перамагае зло, якія б хітра-мудрагелістыя спосабы падману яно б не вынаходзіла. Юным героям кнігі ўласцівыя еднасць, дабрыня, ахвярнасць, велікадушнасць і арыентаванасць у бок святла. Усё гэта спрыяе здзяйсненню самых смелых дзіцячых памкненняў.
Звяртае ўвагу на кнігу Алега Грушэцкага «Рыцар Янка і каралеўна Мілана» і літаратуразнаўца Таццяна Барысюк, якая ў маі 2021 года ў Нацыянальнай акадэміі навук на II Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі прадставіла даклад «Ідэйна-вобразныя пошукі ў кнізе казак Алега Грушэцкага „Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства“». Таццяна Барысюк адзначае, што дадзены твор з’яўляецца высокамастацкім, сімволіка-алегарычным, і базуецца на беларускім фальклоры. На яе думку кніга мае выхаваўчы эфект, яна вучыць дзяцей быць смелымі. У кнізе выказваецца ідэя неабходнасці шанаваць свой род і ганарыцца сваімі продкамі, ідэя перамогі дабра над ліхам, праўды над тыраніяй. Дадзеная казка спалучае ў сабе рысы чарадзейнай і сацыяльна-бытавой, ёсць у ёй і элементы авантурна-прыгодніцкай прозы. Твор з’яўляецца сучаснай матыватарскай ідэяй аб смеласці, якая вызваляе і выратоўвае, а сама казка Алега Грушэцкага дынамічная, дыялогі персанажаў поўныя патрыятычнага і гераічнага пафасу. Літаратуразнаўца і крытык Таццяна Барысюк таксама лічыць, што твор мае высокія шанцы на паспяховую інсцэніроўку ў тэатры або экранізацыю ў кіно.
Фільмаграфія
Бібліяграфія
У зборніках
Творы
Артыкулы
Крыніцы
Літаратура «Скаўт Беларусі» // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-08-1.
Спасылкі Бібліяграфія А. Грушэцкага на сайце Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі Біяграфія А. Грушэцкага на Нацыянальным паэтычным партале «Вершы.ru» Біяграфія А. Грушэцкага на сайце электроннай бібліятэкі Lib.ru Артыкулы А. Грушэцкага на сайце газеты «Звязда» * Артыкулы А. Грушэцкага на сайце газеты «Новы Час»
(Першы Нацыянальны канал Белрадыё, 15 мая 2021) (канал «Культура» Беларускага радыё, 12 студзеня 2023) («Радыё Марыя», 23 жніўня 2023) (тэлеканал «Беларусь 3», 20 ліпеня 2024)
Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Дзіцячыя пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Казачнікі Беларусі Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі з польскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі фэнтэзі Беларусі Катэгорыя:Рускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Члены Талакі