Язэп Юр’евіч Лёсік (; ) — беларускі мовазнаўца, пісьменнік, публіцыст, педагог, нацыянальны і палітычны дзеяч. Дзеяч Беларускай сацыялістычнай грамады, удзельнік Першага Усебеларускага з’езда, адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. 2-і старшыня Рады БНР, па расколе старшыня Найвышэйшай Рады БНР.

Выкладчык БДУ і Белпедтэхнікума, правадзейны сябра Інбелкульта (1922), Акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928), у Інстытуце мовазнаўства. Адзін з ініцыятараў правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў Менску (1926), аўтар шматлікіх прац па беларускім мовазнаўстве.

Родны дзядзька Якуба Коласа, брат Антона Лёсіка.

Біяграфія

Дзяцінства і маладосць Нарадзіўся 18 лістапада (ст. ст. 6 лістапада) 1883 года ў сяле Мікалаеўшчына Мінскага павета. Яго бацькі, Юрка і Хрысціна Лёсікі былі беззямельнымі сялянамі і арандавалі землі ў князёў Радзівілаў. Яны мелі сем сыноў і трох дачокГарон, А. «Новая земля» дзядзькі Антося: малавядомыя старонкі з жыцця Якуба Коласа / Антаніна Гарон // Звязда. — 2007. — 31 кастрычніка. — С. 7.. Язэп быў іх малодшым дзіцем, таму ў першыя гады жыцця не быў моцна загружаны абавязкамі. Скончыў другі клас Мікалаеўскай народнай школы, пасля чаго два гады рыхтаваўся да экзаменаў у настаўніцкую семінарыю. Здаваў экзамены ў Настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы, але не паступіў.

У 1898 годзе паступіў у Маладзечанскую семінарыю. Аднак на другі год быў выключаны з яе без права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы. Пераехаўшы ў Ноўгарад-Северскі (Чарнігаўская губерня), дзе працаваў ягоны брат, паступіў у гарадское вучылішча і скончыў яго ў 1902 годзе. У Ноўгарадзе-Северскім вытрымаў экзамен на годнасць настаўніка народнай школы.

Удзел у рэвалюцыі 1905 года і царскія рэпрэсіі

Быў прызначаны выкладчыкам рускай мовы ў Бабруйскую сельскагаспадарчую школу (Мінская губерня). Працаваў у Бабруйску адзін год, у 1903 годзе вярнуўся ў Ноўгарад-Северскі і быў прызначаны настаўнікам у школу ў мястэчку Грамяч. Неўзабаве стаў знаёміць з палітычнымі пытаннямі грамяцкіх сялян на сходах у школе, пра што стала вядома паліцыі. У 1905 годзе арыштаваны, зняволены ў Ноўгарад-Северскую турму.

У 1907 годзе прывезены на суд у горад Старадуб на Чарнігаўшчыне. Тут яму ўдалося збегчы з горада і такім чынам унікнуць суда. Некаторы час хаваўся ў Стоўбцах (Мінскі павет), Санкт-Пецярбургу, два гады жыў на станцыі Красноўка, недалёка ад Луганска (Кацярынаслаўская губерня), дзе адзін з ягоных старэйшых братоў быў дзяржаўным служачым.

У 1911 годзе прыехаў у Ноўгарад-Северскі да брата Антона, дзе яго ізноў арыштавалі і перавезлі ў Старадуб на суд. Яму прысудзілі бестэрміновае высяленне ў Сібір, дзе ён жыў да 1917 года, спачатку ў Кіранску (Іркуцкая губерня), а потым у некаторых сёлах Кіранскага павета. Нядоўгі час жыў у Бадайбо.

У часе знаходжання ў ссылцы займаўся самаадукацыяй. Здабываў сродкі на сваё існаванне фізічнай працай і толькі ў Бадайбо рабіў пісарам, а ў адной вёсцы арганізаваў пачатковую школу, але паліцыя хутка яе закрыла, бо ў ссылцы ў тыя часы забаранялася працаваць паводле сваёй спецыяльнасці. У Сібіры сустрэўся з Алесем Гаруном, з якім потым не разлучаўся.

Супрацоўнічаў з газетай «Наша Ніва», падтрымліваў сувязь з пісьменнікамі і знаёмымі настаўнікамі ў Беларусі.

Палітычная дзейнасць у беларускім нацыянальным руху

Вярнуўся ў Беларусь у сакавіку 1917 года пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Спыніўся ў Мінску, дзе ўключыўся ў дзейнасць беларускага нацыянальнага руху. З красавіка 1917 года — у Беларускай сацыялістычнай грамадзе (мінская секцыя), адзін з актыўных сяброў партыі. Кандыдат ад партыі ва Устаноўчы сход на Міншчыне. Як прадстаўнік БСГ увайшоў у склад створанага 7—9 красавіка 1917 года Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК), рэдагаваў яго газету «Вольная Беларусь».

21—23 ліпеня 1917 года прыняў удзел у З’ездзе беларускіх арганізацый і партый, у ходзе якога БНК быў распушчаны. У апошні дзень з’езда быў абраны ў прэзідыум створанай замест БНК Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый. Уваходзіў у склад Вялікай беларускай рады, створанай на другой сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый 28 кастрычніка—6 лістапада (ст. ст. 15—24 кастрычніка) у Мінску. Удзельнік Першага Усебеларускага з’езда 1917 года. Выступіў публічна супраць разгону кангрэсу і супраць бальшавікоў.

Адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. У 1918 годзе, у часе функцыянавання структур БНР пад нямецкай акупацыяй, падтрымаў развіццё беларускай асветы. Разам з Язэпам Варонкам і Кастусём Езавітавым рэарганізаваў беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Прасвета» ў культурна-асветніцкае таварыства «Бацькаўшчына». Уваходзіў у склад Рады БНР. У сярэдзіне красавіка 1918 года разглядаўся палітыкамі БНР як адзін з кандыдатаў на пасаду кіраўніка ўрада — старшыні Народнага сакратарыята. 25 красавіка разам з іншымі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма II. Тэлеграма змяшчала падзяку за «вызваленне Беларусі» і просьбу аб аказанні падтрымкі БНР у яе хаўрусе з Германіяй. Гэтым Рада разлічвала на прызнанне дзяржавы з боку Германіі. Аднак гэты крок быў негатыўна ўспрыняты некаторымі сябрамі Рады, у выніку чаго многія з іх пакінулі Раду БНР, а Беларуская сацыялістычная грамада распалася.

Старшыня Рады БНР

14 траўня 1918 года Язэп Лёсік быў абраны старшынёй Прэзідыума Рады БНР (фармальным кіраўніком дзяржавы). Замяніў на гэтай пасадзе Івана Сераду. Пасля распаду Беларускай сацыялістычнай грамады стаў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Як старшыня Рады імкнуўся давесці да прызнання незалежнасці БНР на міжнароднай арэне, а таксама прадухіліць страту тэрыторый, якія палітыкі БНР разглядалі як частку Беларусі.

Пасля падпісання 27 жніўня дадатковай нямецка-савецкай дамовы да Брэсцкага міру, Язэп Лёсік, старшыня Народнага сакратарыяту і народны сакратар замежных спраў Іван Серада і народны сакратар, начальнік канцылярыі Народнага сакратарыята Лявон Заяц накіравалі канцлеру Германіі Георгу фон Гертлінгу пратэст супраць планаў перадачы беластоцкага, бельскага і гарадзенскага паветаў, на якія прэтэндавала БНР, у рукі палякаўАрхівы Беларускай Народнай Рэспублікі = Archives of the Belarusian democratic republic / Беларускі інстытут навукі й мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства; [Уклад., падрыхт. тэксту, уступ. арт., камент., пер., паказ. С. Шупы]. Т. 1: У 2-х кн. Кн. 1: Фонд N 582 Дзяржаўнага архіва Літвы («Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі»). — Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага: Беларускі інстытут навукі й мастацтва — Таварыства беларускага пісьменства — «Наша ніва», 1998. — 850, с. — С. 242—243. — (Bibliographic series; № 4). — ISBN 9986-9219-2-9.. 20 кастрычніка быў у складзе дэлегацыі БНР да канцлера Германіі, якая павінная была данесці просьбу аб прызнанні БНР Германіяй і просьбу аб фармаванні беларускага войска. Дэлегацыя не была прынятая. 22 кастрычніка быў адным з прадстаўнікоў БНР, які папрасіў прэзідэнта ЗША аб прызнанні дзяржавы, палітычнай падтрымцы і абароне тэрыторыі пасля эвакуацыі нямецкіх войскаў. Пасля прыходу бальшавікоў у Менск у пачатку снежня 1918 года быў абвешчаны апошнімі па-за законам разам з іншымі раднымі.

У часе польскай акупацыі 1919—1920 гадоў супрацоўнічаў з газетамі «Звон» і «Беларусь» (рэдактар з 1920). Па акупацыі Гарадзеншчыны і Віленшчыны Войскам польскім Язэп Лёсік удзельнічаў у перамовах з генеральным камісарам Ежы Асмалоўскім на тэму палітычнай будучыні тых зямель, у тым ліку пра плебісцыт. 10 жніўня 1919 года ў Менску ўвайшоў у склад утворанага там Часовага беларускага нацыянальнага камітэта — нацыянальнага прадстаўніцтва беларусаў, якое не выключала федэрацыі з Польшчай пры ўмове прызнання БНР.

19 верасня 1919 года ў якасці старшыні Рады БНР прыняў удзел у сустрэчы з кіраўніком польскай дзяржавы Юзафам Пілсудскім у Менску. У ходзе сустрэчы дэлегацыя БНР папрасіла Пілсудскага аб прызнанні незалежнасці і цэласнасці БНР, дазваляючы аднаўленне працы яе органаў, аб паступовай перадачы ўлады ў рукі Рады, аб фармаванні беларускага войска і сумеснай барацьбе супраць бальшавікоў. Дэлегацыя не атрымала якіх-небудзь абавязацельстваў з боку Пілсудскага.

Дзейнасць пасля расколу ў Радзе БНР На пасяджэнні 13 снежня 1919 года ў Менску адбыўся раскол Рады БНР праз пытанне стаўлення да польскіх акупацыйных уладаў. Група, што ініцыявала пераварот, стала называцца Народнай Радай БНР. 14 снежня была створаная Найвышэйшая Рада БНР, якую ўзначаліў Язэп Лёсік, і якая пацвердзіла паўнамоцтвы прэм’ера Антона Луцкевіча.

20—24 сакавіка 1920 года ўдзельнічаў у перамовах паміж польскімі прадстаўнікамі грамадзянскага ўпраўлення ўсходніх зямель і беларускім акружэннем. Лёсік прадстаўляў на перамовах пазіцыю Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, у адпаведнасці з якой беларускі бок звяртаўся да польскіх уладаў з просьбай абараніць усю Беларусь, прызнаць волю беларускага народа, прызнаць роўнасць беларускай мовы і спрыяць развіццю беларускай асветы. Пры гэтым беларускія палітыкі падкрэслілі, што чакаюць незалежнасці БНР, але бачаць яе будучыню ў звязе з Польшчай. Польскі бок не выканаў патрабаванняў.

Дзейнасць у Савецкай Беларусі

Па заканчэнні польска-савецкай вайны застаўся ў ССРБ, абвясціў аб «прызнанні прынцыпаў Савецкай улады» і адышоў ад палітычнай дзейнасці. Займаўся навуковай, культурна-асветнай, літаратурнай працай. 3 ліпеня 1921 года выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, на беларускіх лектарскіх курсах, у Белпедтэхнікуме.

У 1922 годзе, пасля выхаду ў свет кнігі «Практычная граматыка беларускае мовы», газета «Звезда» назвала падручнік «контррэвалюцыйным». У пачатку лістапада 1922 года Язэп Лёсік быў арыштаваны, але ў абарону яго выступіў тагачасны наркам асветы ССРБ Усевалад Ігнатоўскі. 11 лістапада 1922 года Ігнатоўскі накіраваў у Прэзідыум ЦК КП(б)Б зварот, у якім паказаў значэнне Язэпа Лёсіка для будаўніцтва нацыянальнай культуры і паставіў пытанне аб яго вызваленні. У снежні 1922 года Лёсік быў адпушчаны.

У 1922 годзе абраны правадзейным сябрам Інстытута беларускай культуры. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі, з пачатку 1930-х — яе старшыня. Пераклаў на беларускую мову (1923) «Маніфэст комуністычнай партыі» Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. Быў адным з ініцыятараў правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў лістападзе 1926 года, на якой выступіў з двума асноўнымі дакладамі. У 1928 годзе зацверджаны правадзейным сябрам Беларускай акадэміі навук. Быў намеснікам дырэктара Інстытута мовазнаўства.

Савецкія рэпрэсіі і смерць 14 ліпеня 1930 года арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі» на курорце ў Мацэсце (Сочынскі раён, Чарнаморская акруга, Паўночна-Каўказскі край, РСФСР), дзе ён лячыўся ад ішыясу: 2 гады не мог хадзіць без кія. Закончыць курс лячэння яму не далі, з Каўказа арыштаваным прывезлі ў Менск і пасадзілі ў турму Дзяржаўнай палітычнай управы НКУС, так званую «амерыканку». Адначасова з ягоным арыштам у яго доме на Шпітальнай вуліцы праходзіў ператрус. Пачаўся ператрус а 10-й гадзіне вечара і працягваўся да 8-й гадзіны раніцы.