Бранісла́ў Ада́мавіч Тарашке́віч (; 20 студзеня (1 лютага) 1892, Мацюлішкі, Віленскі павет, Віленская губерня — , Менск, НКУС) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнавец, пісьменнік-перакладчык. Кандыдат філалогіі (1916). Акадэмік АН Беларусі (1928).

Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы (Беларуская граматыка для школ, 1918).

Біяграфія Дзяцінства, Віленская гімназія

Нарадзіўся 20 студзеня (1 лютага) у засценку Мацюлішкі (паблізу Лава́рышак, каля сучаснай беларуска-літоўскай граніцы), у сям’і каталіцкага селяніна-серадняка Адама Тарашкевіча і яго жонкі Алены Чарняўскай.

З сямі гадоў Браніслаў дапамагае бацьку з гаспадаркай, працуе пастухом. У народным вучылішчы Браніслаў паказвае выдатныя вынікі. Вестка пра гэта дайшла да маладой памешчыцы Гелены Стамброўскай. У 1906 годзе яна забрала Браніслава да сябе, апекавала яго і дапамагла паступіць у трэці клас 2-й Віленскай гімназіі.

У асяроддзі гімназістаў карыстаўся павагай. У 16-гадовым узросце Браніслаў пачынае зарабляць сабе на жыццё рэпетытарствам. У гімназіі паказвае сябе добрым вучнем, мае сярэдні бал 4,3Дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва РБ, Фонд 3, Вопіс 1, справа 225, старонка 3 // Сведчанне аб паспяховасці 1910/1911 год., у праграму ўваходзіла вывучэнне чатырох сучасных моў (рускай, польскай, французскай, нямецкай) і дзвюх класічных (грэчаскай, лацінскай).

У гімназіі Тарашкевіч трапляе ў студэнцкія згуртаванні, адным з такіх згуртаванняў была патрыятычна-незалежніцкая арганізацыя з клерыкальным адценнем Вызваленне (). Дзейнічала яна пад лозунгам: «Навука, Цнота, Айчына», мела мэтай працяг традыцый філаматаў і філарэтаў. Да гэтай арганізацыі належалі самыя перадавыя вучні гімназіі, але з рознымі жыццёвымі крэда, з рознымі, але талерантнымі поглядамі на нацыянальнае пытанне. Тарашкевіч трапляе ў левае адгалінаванне гуртка, там цікавяцца палітычнай філасофіяй і эканомікай.

Тым часам Тарашкевіч канчаткова самавызначаецца як беларус, перастае хадзіць у касцёл, становіцца атэістам. У часе навучання ў Вільні знаёміцца з беларускай інтэлігенцыяй, наведвае выдавецтва Нашай Нівы, органа Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1911 годзе скончыў 2-ю Віленскую гімназію з срэбным медалём.

Пецярбургскі перыяд У жніўні 1911 года Браніслаў Тарашкевіч прыехаў у Санкт-Пецярбург, прыняты на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Тут на працягу чатырох гадоў вучыўся пад кіраўніцтвам вядомых мовазнаўцаў: Яна Бадуэна дэ Куртэнэ, Яўхіма Карскага. Навуковым кіраўніком Тарашкевіча быў акадэмік Аляксей Шахматаў. У Пецярбургу Браніслаў Тарашкевіч жыў па адрасе Англійскі праспект 30, кв. 21Асабістая справа: ЦГИА СПб. Ф. 14, оп. 3, д. 58823, л. 15.

У Пецярбургу пачынае стварэнне навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Піша статут да яго. Пазней становіцца старастам гурткаСправаздача пра дзейнасць гуртка з 1912 °C. 92-115// Бібліятэка літоўскай акадэміі навук у Вільні..

У Пецярбургу Тарашкевіч даволі блізка сышоўся з Янкам Купалам, які ў той час пашыраў сваю адукацыю. Купала хоць і быў старэйшы на 10 гадоў, вельмі цаніў Тарашкевіча. Вось такі ліст атрымлівае пазней Тарашкевіч ад Янкі Купалы:

«Дзядзька Тарас, што чуваць у Вас з беларускай граматыкай? Ці зрабілі што-небудзь у гэтым напрамку? Калі маеце ўжо яе накід, то будзьце ласкавы прыслаць яго нам, калі не — то ўпэўніце ў сваёй добрай волі і спрыце і зрабіце гэта як найхутчэй. Просіць аб гэтым Вас п. Іваноўскі, старшыня Беларускага Выдавецкага Таварыства ў Вільні. Граматыку Вашу хоча Таварыства выдаць і пусціць у свет у „назіданіе“ маладому беларускаму пакаленню. Дык варушыцеся, дзядзька, і ў шапку не спіце. Чакаем хутка ад вас адказу. Шчыра вам адданы.»В. Рагойша Народныя песняры Мн. 1972. — C. 254.

У Санкт-Пецярбургу Тарашкевіч трапляе ў розныя колы нацыянальных рухаў, прыхільна ставіцца да польскага нацыянальнага руху. Працуючы хатнім настаўнікам, Тарашкевіч пазнаёміўся з сям’ёй Зябіцкіх. Вось што піша Юзаф Зябіцкі ў сваім дзённіку:

«Гэты сын селяніна з-пад Вільні садзейнічае далейшаму ўмацаванню польскасці ў нашым доме… Неўзабаве пачаў дастаўляць жонцы польскую літаратуру, падабраную так, каб даць ёй магчымасць пазнаць жыццё і імкненні польскага народа, у духу якога павінна выхоўваць сыноў.»

У траўні 1916 года скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага ўніверсітэта і быў пакінуты там пры кафедры рускай мовы і літаратуры. Працаваў і як прыват-дацэнт старажытнагрэчаскай і лацінскай моў.

Вяртанне ў Беларусь. Пачатак палітычнай дзейнасці.

У 1917 годзе становіцца актыўным удзельнікам і адным з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). На ІІІ з’ездзе БСГ, які адбыўся 14 кастрычніка 1917 года ў Мінску ў «Беларускай хатцы», прысутнічаў як адзін з прадстаўнікоў Грамады ад Петраграда, дзе быў абраны членам Цэнтральнага камітэта і членам рэдакцыйнай камісіі па выпрацоўцы аграрнай праблемы БСГ. Пасля рэарганізацыі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый у Вялікую беларускую раду (28 кастрычніка — 6 лістапада 1917 года) заняў там пазіцыю камісара асветы.

У лютым 1918 года браў удзел у заснаванні Петраградскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкам), дзе ўзначальваў культурна-асветніцкі аддзел і быў сакратаром статыстычнага аддзела. Паводле справаздачы Тарашкевіча, культурна-асветніцкі аддзел Белнацкама займаўся падрыхтоўкай школьных падручнікаў, таксама быў распрацаваны праект беларускіх педагагічных курсаў.

Улетку 1918 года пакінуў Петраград і накіраваўся праз Фінляндыю на Віленшчыну. Некалькі месяцаў прабыў у бацькоў і ў Вільні, у час гэтага побыту выдаў у Вільні «Беларускую граматыку для школ».

Па запрашэнні аддзела асветы Народнага сакратарыята Беларусі (выканаўчы орган Беларускай Народнай Рэспублікі) выехаў у Менск для працы ў Менскім педагагічным інстытуце, дзе выкладаў беларускую мову і літаратуру, агульнае мовазнаўства і гісторыю літаратуры. На пасяджэнні Рады Менскага педагагічнага інстытута ад 3 лютага 1919 года быў назначаны бібліятэкарам Інстытута.

У красавіку 1919 года перабіраецца ў Варшаву, дзе разам з Паўлам Алексюком выступаў як адзін з галоўных прыхільнікаў супрацоўніцтва з Польшчай. Арганізатар Беларускага з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны, у чэрвені быў выбраны ў прэзідыум Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, а пасля таго як 16 ліпеня Клаўдзій Дуж-Душэўскі быў вымушаны адмовіцца ад пасады старшыні, заняў яго месца. Рада пры пасярэдніцтве польскай прэсы звярнулася да польскага народа, у апублікаванай адозве гаварылася пра права беларускага народа на самастойнасць і дзяржаўную незалежнасць, а таксама пра супольныя з польскім народам інтарэсы, якімі была барацьба з «маскоўскімі захопнікамі». Гэтая супольная справа станавілася платформай для выгаднага абодвум народам пагаднення, якое павінна было быць заключана ў імя супольнай абароны на падставе «прызнання польскім народам незалежнасці і непадзельнасці Беларусі, звязанай з Польскай Рэспублікай».

Дзейнасць у Заходняй Беларусі

З восені 1920 года — загадчык беларускага сектара дэпартамента асветы Сярэдняй Літвы. У выніку актыўнасці сектара пад кіраўніцтвам Тарашкевіча на тэрыторыі Сярэдняй Літвы дзейнічала 186 пачатковых беларускіх школ, беларуская гімназія ў Вільні і настаўніцкая семінарыя ў Барунах. Але з 1 студзеня 1922 года дэпартамент па справах беларускага школьніцтва быў ліквідаваны, што павінна была спрыяць узмацненню польскасці ў Сярэдняй Літве.

Непрацяглы перыяд уваходзіць у віленскую масонскую ложу «Праўда».

У 1922 годзе становіцца дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі (да гэтага ён быў выкладчыкам лацінскай мовы і гісторыі беларускай мовы і членам школьнага савета гімназіі). Быў ініцыятарам утварэння Таварыства беларускай школы.

У 1922—1927 гадах — пасол сойма Польскай Рэспублікі, у 1922—1924 гадах быў старшынёй Беларускага пасольскага клуба. У першы перыяд сваёй парламенцкай працы трымаўся ў цэлым паланафільскай арыентацыі, хоць востра крытыкаваў з соймавай трыбуны нацыянальную і сацыяльную палітыку польскіх урадаў. Спрабаваў знайсці вектар аб’яднання для польскага і беларускага народаў.

«…Добра разумеем, што польскія войскі прыбылі на нашую бацькаўшчыну з мэтай ператварэння земляў былога Вялікага Княства Літоўскага ў крэпасць для абароны Рэчы Паспалітай Польскай… З гэтага вынікае, што… інтарэсы Польшчы ёсць і нашымі інтарэсамі. Таму гэтая супольнасць інтарэсаў дае нам магчымасць будучую работу па адбудове незалежнай Беларусі весці на грунце згоды з польскім народам. Узаемаразуменне на аснове прызнання польскім народам незалежнасці і цэльнасці Беларусі, звязанай з Рэччу Паспалітай сумеснай абаронай свайго незалежнага існавання, лічым за пажаданае і карыснае для абодвух народаў. Польская акупацыя пакінула пасля сябе справядлівы горыч і расчараванне ў шчырасці палітыкі Польшчы, якая аднеслася да Беларусі толькі як да сваіх крэсаў усходніх. Аднак свядомая беларуская народная думка не перастала шукаць падтрымкі Польшчы, верачы, што прынцыпы сапраўднай дэмакратыі павінны ўрэшце перамагчы»B. Taraszkewicz, Białoruskie postułaty polityczne, «Przymierze», 1920. — C. 6..

У 1923 годзе Беларускі пасольскі клуб, а менавіта, Тарашкевіч распрацоўвае праект аўтаноміі Беларусі. Юрыдычны бок кансультуе і ўхваляе вядомы адвакат Тадэвуш Урублеўскі. Але праект так і не быў заслуханы ў сеймеРагуля В. // Успаміны; Нью Ёрк, 1957 °C. 41.. У лютым 1924 года разам з Радаславам Астроўскім і Аляксандрам Уласавым прыняў удзел у стварэнні Беларуска-польскага таварыства ў Вільні, за што быў адхілены ад старшынства ў Беларускім пасольскім клубе і заменены на Васіля Рагулю.

Паступова мяняе свае погляды і на магчымасць дэмакратычных змен у Польшчы. У прамове ў сейме 25 сакавіка 1925 года Тарашкевіч гаварыў:

«Абвінавачваеце нас у камунізме, у распальванні дыверсійнага руху, бандыцкага, як вы кажыце, а паводле сутнасці руху паўстанцкага, абвінавачваеце нас у тым, што не хочам быць лаяльнымі ў адносінах да польскай дзяржавы, але прыгадайце, што прыйшлі мы ў гэты сойм менавіта дзеля таго, каб знайсці тут прававую аснову; былі мы, праўда, на кароткі час, наіўнымі, мы паддаліся канстытуцыйным ілюзіям, мы спадзяваліся, што законы і канстытуцыя надзейна гарантуюць палітычныя і нацыянальныя правы. Мы прыйшлі ў гэты сойм, каб змагацца за аўтаномію. Мы выбралі прэзідэнта, мы галасавалі за ўрад Сікорскага, каб падкрэсліць сваю лаяльнасць. А што сталася? За тое, што мы набраліся смеласці выбраць прэзідэнта, вы яго забілі»Sprawozdania stenograficzne, okres I, posiedzenie 129; 13.06.1924.

Пасля гэтага зблізіўся з левым крылом Беларускага пасольскага клуба. 24 чэрвеня 1925 года разам з Сымонам Ракам-Міхайлоўскім, Паўлам Валошыным і Пятром Мятлой выйшаў са складу Беларускага пасольскага клуба і заснаваў пасольскі клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Стаў старшынёй клубу, а пасля старшынёй ЦК створанай на яго аснове масавай палітычнай партыі. Напісаў праграму БСРГ, якая была прынята 12 мая 1926 года.

Зблізіўся з лідарамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), і ў снежні 1925 года прыняты ў партыю. Таемна ўдзельнічаў у III канферэнцыі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (студзень 1926 года). У студзені 1927 года арыштаваны польскімі ўладамі падчас рэпрэсіўнай акцыі супраць кіраўніцтва і актывістаў БСРГ.