Тэракты ў Нарвегіі — два тэрарыстычныя акты, скіраваныя супраць асоб выканаўчай улады, грамадскага маладзёжнага лагера і цывільнага насельніцтва ў Нарвегіі ў пятніцу 22 ліпеня 2011 года. Першым нападам быў выбух бомбы ва ўрадавым квартале Осла перад офісам прэм’ер-міністра Нарвегіі Енса Столтэнберга і іншых урадавых будынкаў, што адбыўся ў 15:26 па мясцовым часе. У выніку выбуху загінулі сем чалавек і каля пятнаццаці параненыя. Наступны больш жорсткі напад адбыўся праз дзве гадзіны ў часе правядзення лагера кіруючай Працоўнай партыі Нарвегіі на востраве Уцёя (Цюрыфіёрд, Бускеруд). Узброены чалавек, пераапрануты ў паліцэйскага, адкрыў страляніну па ўдзельніках лагера, забіўшы прынамсі 86 чалавек....
За масавае забойства на востраве Уцёя быў арыштаваны 32-гадовы нарвежац Андэрс Берынг Брэйвік. Ён абвінавачваецца ў ажыццяўленні абодвух нападаў. Паліцыя таксама параіла прэм’ер-міністру Нарвегіі не раскрываць свайго месцазнаходжання да канчатковага высвятлення абставінhttp://www.thenewstribe.com/2011/07/23/87-killed-in-norway-shooting/ .
Еўрапейскі Саюз, НАТА і многія краіны выказалі сваю падтрымку Нарвегіі і асудзілі здзейсненыя напады.
Выбух у Осла
Афіцыйныя справаздачы адразу сыйшліся на тым, што крыніцаю выбуху было замініраванае аўто, узарванае перад офісам прэм’ер-міністра Нарвегіі Енса Столтэнберга і такімі прылеглымі ўрадавымі будынкамі, як міністэрства нафтавай прамысловасці і энергетыкі Нарвегіі (пацярпела найбольш) і міністэрства фінансаў з шматлікімі выбітамі шыбамі. У офісе міністэрства нафтавай прамысловасці пачаўся пажар. Выбуховая хваля выбіла шыбы ў вокнах будынкаў на адлегласці аднаго кіламнтра ад эпіцэнтру выбуха. Паводле некаторых крыніц, на месцы здарэння магло быць яшчэ два выбуховыя прыстасаванні. Паведамлялася, што Столтэнберг не пацярпеў. Міністр фінансаў Нарвегіі ў гэты час знаходзіўся ў Германіі на адпачынку. Выбух быў чутны на адлегласці прынамсі 7 кіламетраў.
Прылеглая вулічная тэрыторыя пасля выбуху запоўнілася шклянымі аскепкамі і абломкамі. Рэшткі ўзарванага аўто былі заўважаныя каля аднаго з будынкаў. За выбухам паследавала шырокае воблака белага дыму ў выніку пажару ў міністэрстве нафтавай прамысловасці. Пасля інцыдэнту паліцыя ачапіла небяспечную зону і зладзіла пошукі дадатковых выбуховых прыстасаванняў. Паліцыя параіла людзям пакінуць цэнтр сталіцы. Таксама ў цэнтр Осла былі ўведзеныя вайскоўцы.
Пацярпелыя
У выніку напада ў Осла загінула 7 чалавек, пацярпела — 15 (з іх 11 з цяжкімі раненнямі). Доктар шпіталя пры ўніверсітэце Осла паведаміў, што яны маюць справу ў асноўным з раненнямі галавы, грудзі і чэрапа.
На колькасць ахвяр паўплывала пара году. Дзякуючы сезону адпачынку, многія офісы былі напаўпустымі. Як зазначыў дзяржаўны сакратар Ганс Крыстыян Амундсен, на прылеглай да месца выбуху тэрыторыі было менш людзей, чым заўсёды. У ліпені большасць нарвежцаў бяруць на рабоце адпачынак.
Уплыў на транспартны рух Пасля выбуху ўсе дарогі гэтай часткі гораду былі перакрытыя, а людзі былі эвакуіраваныя праваахоўнымі органамі. Жыхарам Осла параілі заставацца далей ад цэнтра гораду і абмежавацца ў выкарыстанні мабільнай сувяззю з прычыны імавернасці чарговай тэрарыстычнай атакі. Грамадскі транспарт, які рухаецца за і ўнутр межаў гораду быў прыпынены таксама. Паліцыя ініцыявала вобшук машынаў на шляху да гарадскога аэрапорту, хоць сам аэрапорт працягваў дзейнічаць. Усе цягнікі былі прыпыненыя пасля выяўлення ля чыгуначных шляхоў падазронага пакета. Офіс тэлевізійнай кампаніі TV 2 быў эвакуіраваны пасля выяўлення падобнага да бомбы аб’екта знадворку будынку.
Бойня на востраве Уцёя Прыкладна праз дзве гадзіны пасля выбуху Брэйвік праехаў каля 40 км на паўночны захад ад Осла да возера Цюрыфіёрд, дзе пераправіўся на востраў Уцёя да зладжанага Працоўнай партыяй Нарвегіі маладзёжнага лагера. Дабраўшыся да месца на пароме, ён распачаў бязладную страляніну па маладых удзельніках лагера. Паліцыя лічыць, што выбух у Осла і бойня на востраве Уцёя звязаныя паміж сабой. У часе затрымання Андэрс Берынг Брэйвік атрымаў агнястрэльнае раненне.
Будучы апранутым у адзенне паліцэйскага, паводле існуючых звестак, ён сабраў вакол сябе групу маладых людзей, сказаўшы, што павінен зрабіць аб’яву ў сувязі з выбухам у Осла, які адбыўся за некалькі гадзін перад гэтым, і раптам адкрыў страляніну, забіваючы і наносячы шматлікія раненні. Спачатку ён страляў у людзей на востраве, а пасля ў тых, хто спрабаваў выратавацца ўплаў па вадзе. Большасць пацярпелых — падлеткі ва ўзросце 15—16 гадоў. Паводле некаторых сведак, забойца клікаў юнакоў да пачатку страляніны.
Прыкладна ў 03:50 па мясцовым часе 23 ліпеня 2011 года дзве галоўныя тэлекампаніі Нарвегіі NRK і TV2 пачалі прамую трансляцыю канферэнцыі з Цэнтральнага ўпраўлення паліцыі, дзе загадчык Нацыянальнай паліцыі Нарвегіі пацвердзіў наяўнасць «прынамсі 80» ахвяр на востраве Уцёя з прагназаваным іх павелічэннемTV2, Norwegian national television station. Некаторыя сведкі інцыдэнту на Уцёі сцвярджалі, што выканаўцаў расстрэлу грамадскага лагера было двое. Паліцыя працавала над праверкай гэтай інфармацыі.
Выканаўца тэракта
Публічная вяшчальная кампанія NRK і некалькі іншых нарвежскіх мэдыа апазналі ў асобе нападніка Андэрса Берынга Брэйвіка (нар. 13 лютага 1979). Арыштаваны на востраве Уцёя за стральбу па мірных грамадзянах, ён лічыцца датычным і да выбуху бомбы ва ўрадавым квартале Осла. Ён абвінавачваецца ў ажыццяўленні абодвух нападаў
Асабістае жыццё Пад канец чэрвеня або ў пачатку ліпеня Андэрс Берынг Брэйвік пераехаў у невялікае мястэчка Рэна за 140 км на поўнач ад Осла, дзе ён адкрыў невялікую фірму пад назвай «Breivik Geofarm». Выказваліся меркаванні, што ён выкарыстоўваў сваю фірму з мэтай легальнага здабыцця вялікай колькасці штучных угнаенняў і іншых хімічных рэактываў для стварэння аміячнай селітры. Паводле Reuters, у маіі фірме Брэйвіка было прададзена шэсць тон угнаенняў
Палітычныя погляды Дзейны начальнік нацыянальнай паліцыі Свэйнунг Спонгейм (Sveinung Sponheim) распавёў вяшчальнай кампаніі NRK, што сеціўныя паведамленні падазраванага выканаўцы «наводзяць на думку, што яго палітычныя погляды схіляюцца ў правым антыісламісцкім кірунку, аднак ці стала гэта матывацыяй для здзейсненага ўчынку, застаецца невядомым». Пасля арышту Брэйвіка афіцыйныя асобы ахарактарызавалі яго як ультраправага экстрэміста. Брэйвік атрымаў адукацыю ў Камерцыйнай школе Осла і, паводле Verdens Gang, вызнае сябе кансерватыўным нацыяналістам. Паводле Reuters і BBC, намеснік начальніка паліцыі Роджэр Андэрсен апісаў падазраванага як «хрысціянскага фундаменталіста». Таксама паведамляецца, што Брэйвік напісаў шмат паведамленняў на антыісламісцкі і праізраільскі сайт document.no. Брэйвік з’яўляецца былым сябрам Партыі прагрэса Нарвегіі (FrP) і яе маладзёжнага крыла FpU. Паводле дзейнага лідара FpU Ова Ванебо, Брэйвік быў досыць ініцыятыўным у першай палове 2000-х, аднак быў вымушаны пакінуць партыю праз узмацненне жорсткасці сваіх поглядаў. У шматлікіх сацыяльных медыа ён вызнаваў сабе прыхільнікам нарвежскага антынацыскага партызана Макса Мануса, нідэрландскага палітыка Герта Вілдэрса, філосафа Джона Сцюарта Міля і Уінстана Чэрчыля. Палітычную партыю Герта Вілдэрса ён апісаў як «адзіную сапраўдную партыю для кансерватараў». У яго Твітэры існуе толькі адзін запіс з цытатай Джона Сцюарта Міля: «Адзін чалавек з верай мацнейшы за сто тысяч чалавек, якія маюць толькі інтарэсы», датаваны 17 ліпеня.
Афіцыйная пазіцыя Рэспублікі Беларусь : «Гэтыя трагедыі ў Нарвегіі, у выніку якіх загінула і пацярпела вялікая колькасць людзей, адгукнуліся болем і журбой у сэрцы кожнага беларуса. Рэспубліка Беларусь рашуча асуджае гвалт, ахвярамі якога робяцца мірныя бязвінныя людзі, і салідарна з Нарвегіяй у барацьбе супраць любых форм і праяў тэрарызма і экстрэмізма», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Тэрарыстычныя акты, здзейсненыя ў Нарвегіі Катэгорыя:Тэрарыстычныя акты 2011 года Катэгорыя:Падзеі 22 ліпеня Катэгорыя:Ліпень 2011 года Катэгорыя:2011 год у Нарвегіі Катэгорыя:Масавыя забойствы ў Нарвегіі