Э, э — 30-я літара беларускага і 31-я літара рускага кірылічных алфавітаў; у іншых сучасных славянскіх кірылічных алфавітах не выкарыстоўваецца. Выкарыстоўваецца таксама ў некаторых алфавітах неславянскіх моў. Лічыцца, што яна паходзіць ад глагалічнай формы літары «есць» (Ⰵ) і абазначае неётаваны гук.

Гісторыя Узнікла ў старабеларускай графіцы ў канцы XV стагоддзя. Спачатку ўжывалася толькі ў іншамоўных словах (экгрисевле, эксеквіе). У многіх старабеларускіх пісьмовых помніках XVI—XVII стагоддзяў абазначала гук [э] ў іншамоўных і ўласнабеларускіх словах (грэбля, рэестръ, стрэмя, фэстъ, шэстъ), хоць паралельна з ёй па традыцыі выкарыстоўвалася і літара е (декретъ, честь). Лічбавага значэння не мела. У XVI стагоддзі, акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму (Статут Вялікага княства Літоўскага 1588). У рускую графіку ўведзена ў 1730-я гады.

Беларуская мова У сучаснай беларускай мове абазначае галосны гук [э] пярэдняга рада сярэдняга пад’ёму ў націскным становішчы (бярэзнік — [б’арэз’н’ік], рэпа, на рацэ) і незалежна ад націску ў запазычаных словах (рэформа, эпоха), а таксама ў першай частцы складаных слоў (рэдказубы, шэравокі, шэсцьсот).

Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму. Ужываецца ў афіцыйных абрэвіятурах (ЭМЗ, ЭС), як умоўнае скарачэнне слова эра (IV ст. да н. э.). Пры класіфікацыйным падзеле мае значэнне дваццаць шосты (група «Э»), пры лічбавай нумарацыі — дадатковае значэнне для размежавання прадметаў пад адным нумарам (шыфр № 8э).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Літары кірыліцы Катэгорыя:Беларускі алфавіт Катэгорыя:Рускі алфавіт