Макс Шэлер (; 22 жніўня 1874, Мюнхен — 19 мая 1928, Франкфурт-на-Майне) — нямецкі філосаф і сацыёлаг, адзін з заснавальнікаў філасофскай антрапалогіі.

Біяграфія Макс Шэлер вывучаў медыцыну, філасофію і псіхалогію ў Мюнхене і Берліне. Акрамя гэтага ў Берліне Шэлер займаўся сацыялогіяй, а ў Ене вывучаў неакантыянства ў галіне этыкі і тэорыі пазнання. Абараніў дысертацыю ў Рудольфа Эйкена ў 1897 годзе.

Пазней, да 1905 года, займаўся выкладчыцкай дзейнасцю ў Енскім універсітэце. У 1919—28 гадах — прафесар Кёльнскага ўніверсітэта, з 1928 года — прафесар Франкфурцкага ўніверсітэта.

Не паспеў скончыць працу над зводнай працай «Сутнасць чалавека, новы досвед філасофскай антрапалогіі» («Філасофская антрапалогія»), сціснутым выкладаннем якой паслужыў даклад «„Становішча чалавека ў космасе“» (1927).

Светапогляд Зведаў уплыў філасофіі жыцця і фенаменалогіі Э. Гусерля. 3 1910-х г. звярнуўся да каталіцкай рэлігійнай філасофіі («Пра вечнае ў чалавеку», 1921, і інш.), у далейшым эвалюцыяніраваў да персаналістычнай метафізікі пантэістычнага тыпу.

У ранні перыяд яго філасофія грунтавалася на фенаменалагічнай праблематыцы, найперш, на пытаннях фенаменалагічнай этыкі. Маральныя каштоўнасці, на яго думку, успрымаюцца як аб'ектыўныя, незалежныя ад чалавека і чалавецтва з'явы або своеасаблівыя «прадметныя светы» з уласцівасцямі аб'ектаў навакольнай рэчаіснасці. Вылучаў 4 групы каштоўнасцей: геданічныя, вітальныя, духоўныя і рэлігійныя, якія ў яго класіфікацыі займаюць цэнтральнае месца. Асноўны кірунак філасофскіх даследаванняў М. Шэлера — пошук антрапабіялагічных падстаў чалавечай жыццядзейнасці, культуры, маралі, права, грамадскіх інстытутаў. Апошні перыяд яго філасофскай творчасці звязаны з канцэнтрацыяй увагі на сацыялагічных ведах. Ён лічыў, што зыходны пункт у разуменні сутнасці грамадства — сфера міжіндывідуальных адносін, у прыватнасці, акты ўзаемапрызнання, суперажывання і агульнасці мовы, што вынікаюць з прыродных узаемных сімпатый людзей.

Асноўныя творы

«Die transzendentale und die psychologische Methode» («Трансцэндэнтальны і псіхалагічны метад»), 1900 «Der Genius des Krieges und der deutsche Krieg», 1915 «Krieg und Aufbau», 1916 «Von Ewigen im Menschen», 1921 «Wesen und Formen der Sympathie», 1923 «Schriften zur Soziologie und Weltanschauungslehre», 1923—1924 «Die Formen des Wissens und die Bildung», 1925 «Die Wissensformen und die Gesellschaft» («Формы ведаў і грамадства»), 1926 «Die Stellung des Menschen im Kosmos» («Становішча чалавека ў космасе»), 1927 «Zur Ethik und Erkenntnislehre», 1933

Літаратура Боўш В. Шэлер // БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. І. Мн., 2004.

Спасылкі Сайт таварыства Макса Шелера Афіцыйны сайт

Катэгорыя:Выпускнікі Енскага ўніверсітэта Катэгорыя:Філосафы Германіі Катэгорыя:Сацыёлагі Германіі Катэгорыя:Філосафы XX стагоддзя Катэгорыя:Філасофская антрапалогія Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мюнхене Катэгорыя:Памерлі ў Франкфурце-на-Майне Катэгорыя:Фенаменолагі Катэгорыя:Выкладчыкі Енскага ўніверсітэта