Алвар Хуга Хенрык АалтаНапісанне імя і прозвішча Алвар Аалта ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Т.1., Мн., 1996, С.7. (, 3 лютага 1898, Куартанэ — 11 мая 1976, Хельсінкі) — фінскі архітэктар і дызайнер, «бацька мадэрнізму» ў Паўночнай Еўропе, адзін з заснавальнікаў сучаснага дызайну.

Адзін з найбуйнейшых архітэктараў XX ст. Скончыў Тэхналагічны інстытут у Хельсінкі (1923). Працаваў у розных краінах свету (Швецыя, ЗША, Германія і інш.). Праектаваў жылыя комплексы, друкарні, санаторыі, бібліятэкі, навучальныя ўстановы, культурныя цэнтры, прамысловыя аб’екты (заводы, фабрыкі) і інш.

У сваёй творчасці спалучаў нацыянальныя фінскія традыцыі з прынцыпамі функцыяналізму і арганічнай архітэктуры, дабіваўся выразнасці аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, арганічна ўпісанай у прыродны ці гарадскі ландшафт. Лічыцца адным са стваральнікаў фінскага дызайну.

Сярод найбольш значных твораў Алвара Аалта — галоўны будынак Політэхнічнага інстытута ў Атаніемі (1963-66), санаторый у Пайміа (1929-30), палац «Фінляндыя» ў Хельсінкі; бібліятэка ў Выбаргу; культурны цэнтр у Вольфсбургу (1962); будынак Пенсійнага кіравання і інш. У творчасці Аалта адлюстраваўся шматслойны характар фінскай культуры (змяшэнне розных элементаў заходняй цывілізацыі, рэшткаў дагістарычных і сярэднявечных часоў). Значную ўвагу архітэктар надаваў арганізацыі асвятлення ў будынках, бо лічыў, што святло фармуе прастору, выяўляе пластыку канструкцый, служыць магутным сродкам ўздзеяння на чалавечыя эмоцыі.

Літаратура Аалта // Культуралогія: Энцыкл. даведнік Уклад. Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6 Aalto A. Bde I—III. Ed. Fleig K. Zürich, 1963—1978. Schildt G. A. Aalto. [Vol.] 1—4. N. Y., 1984—1994.

Спасылкі

Музей Алвара Аалта ў Ювяскюля Алвар Аалта Artek Биография Аалто Alvar Aalto’s Savoy Vase (1936) Чарцяжы пабудоў Алвара Аалта

Катэгорыя:Архітэктары Фінляндыі Катэгорыя:Архітэктары Выбарга Катэгорыя:Дызайнеры Фінляндыі Катэгорыя:Архітэктары-мадэрністы Катэгорыя:Члены Каралеўскай фламандскай акадэміі навук і мастацтваў Бельгіі