Кінатэа́тр «Перамо́га» — кінатэатр у горадзе Мінску, помнік архітэктуры пасляваеннага перыяду аўтарства Іосіфа Лангбарда і Міхаіла Бакланава ў стылі сацыялістычнага класіцызму. Месціцца па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 20.
Гісторыя Да 1920 года на месцы кінатэатра месціўся кляштар бенедыкцінак XVII стагоддзя. У 1920-я гады было прынятае рашэнне пра будаўніцтва ў Менску клуба харчавікоў на месцы былога кляштара бенедыктынак, праект распрацаваў Андрэй Бураў. Будынак клуба харчавікоў (пазней клуб імя Сталіна) быў пабудаваны ў 1929 годзе ў стылі канструктывізму і меў складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю з глыбокім курданёрам. Будынак клуба быў моцна пашкоджаны ў часе Другой сусветнай вайны ў 1944 годзе.
Праектныя работы па аднаўленні і рэканструкцыі будынка клуба пад кінатэатр «Перамога» пачаліся на пачатку 1946 года ў інстытуце «Белдзяржпраект» пад кіраўніцтвам Палкоўнікава. Праектная прапанова прадугледжвала размяшчэнне кінатэатра з захаваннем і аднаўленнем усяго аб’ёму былога клуба. Варыянт праекта Палкоўнікава не прынялі.
У 1947—1948 гадах праект аднаўлення быў перапрацаваны пад кіраўніцтвам Іосіфа Лангбарда. Ён скарэктаваў папярэдняе праектнае рашэнне, значна скараціў бакавыя крылы галоўнага фасада ў даўжыні і правы рызаліт у шырыні, раскрыў плошчу перад будынкам і выдзеліў цэнтральную частку порцікам. Праектнае заданне, распрацаванае Лангбардам, было зацверджана Архітэктурным саветам Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР 16 лістапада 1947 года. На яго аснове ў 1948 годзе распрацаваны тэхнічны і рабочы праекты рэканструкцыі былога клуба ў кінатэатр «Перамога». На гэтым этапе праектавання разам з Лангбардам узялі ўдзел архітэктар Міхаіл Бакланаў і інжынер-канструктар Арлоў.
Былі захаваны асноўныя канструктыўныя элементы былога клуба (акрамя часткі па вуліцу Інтэрнацыянальнай), а фасады былі выкананы ў формах сацыялістычнага класіцызму. Заканчэнне будаўніцтва і адкрыццё кінатэатра адбылося ў 1950 годзе.
У 1986—1989 гадах праведзены капітальны рамонт кінатэатра са заменай канструкцый і пакрыцця даху, поўнай зменай інтэр’ернага аздаблення.
Рэканструкцыя 1 студзеня 2017 года будынак быў зачынены на рэканструкцыю, але фактычныя работы пачаліся толькі ў лютым 2022 года.
Падчас работ былі адноўлены гістарычны выгляд фасадаў помніка, аздабленне і каларыт часткі памяшканняў. Перад будынкам з дапамогай брукоўкі іншага колеру пазначылі страчаныя крылы клуба харчавікоў, якія калісьці выступалі да вуліцы Інтэрнацыянальнай і ўтваралі ўваходны курданёр.
Праект распрацаваны інстытутам «Мінскграмадзянпраект». У аўтарскі калектыў уваходзілі архітэктары А. Лакотка, Ю. Лыгіна, Н. Галіцкая. Канцэпцыя рэстаўрацыі і рэстаўрацыйныя рашэнні былі падрыхтаваныя ў супрацоўніцтве з Навукова-праектным цэнтрам «Рэстабіліс» пад кіраўніцтвам архітэктара-рэстаўратара Рамана Забелы.
У інтэр’ерах захаванне і аднаўленне гістарычнай аздобы спалучылі з сучаснымі тэндэнцыямі дызайну. Асаблівая ўвага нададзена захаванню агульнай стылістыкі 1950-х гадоў. У холе і бакавых кулуарах адноўлена па аўтарскіх чарцяжах 1940-х гадоў ляпніна, а таксама на падставе даследаванняў — гістарычны каларыт часткі памяшканняў. Ва ўваходным вестыбюлі адрэстаўраваныя роспісы 1990 года (аўтарскі калектыў: Раман Заслонаў, Андрэй Задорын, Вячаслаў Лемачко, Васіль Баранаў).
Праект атрымаў дыплом другой ступені ў намінацыі «Інтэр’еры грамадскіх будынкаў і збудаванняў» на XXI Рэспубліканскім конкурсе ў рамках XV Нацыянальнага фестывалю архітэктуры.
З пачатку ліпеня 2024 года кінатэатр зноў адкрыўся і цяпер працуе як мультыплекс з пяццю заламі на 284 месцы (у тым ліку галоўная зала на 186 месцаў). Кінатэатр абсталяваны новым праекцыйным, гукавым і акустычным абсталяваннем, мае два кінабары, канферэнц-залу і шматфункцыянальную аўдыторыю.
Архітэктура Пры будаўніцтве выкарыстаныя рэшткі разбуранага ў Другую сусветную вайну клуба харчавікоў (архітэктар Андрэй Бураў, 1929). Да прамавугольнага ў плане аб’ёму з 2 бакоў далучаныя больш нізкія аб’ёмы, якія выступаюць за агульныя контуры збудавання. Цэнтральная частка галоўнага фасада прыўзнятая, выканана ў выглядзе манументальнага чатырохкалоннага порціка, перад ёй высокі ганак. Бакавыя фасады расчлянёныя лапаткамі, дэкараваныя ляпнымі элементамі. Вокны прамавугольныя. Асновай кампазіцыі будынка ёсць глядзельная зала (першапачаткова на 600 месцаў), злучаная агульным фае з малой лекцыйна-канцэртнай залай. У малой зале 2 рады квадратных калон, уздоўж сцен вестыбюля калоны карынфскага ордара з развітым антаблементам, на які апіраюцца крыжападобныя скляпенні. У астатніх частках будынка столь плоская. У архітэктуры будынка, аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаныя элементы класіцызмуМіцянін А., с. 84.
Крыніцы
Літаратура Міцянін А. А. Кінатэатр «Перамога» //
Спасылкі
Фота на сайце «Мінск стары і новы»
В Минске открылся старейший в городе кинотеатр «Победа». Вот как он выглядит — відэаагляд
Перамога Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Катэгорыя:З’явіліся ў 1950 годзе Катэгорыя:1950 год у Мінску Катэгорыя:Збудаванні Мінска ў стылі савецкага класіцызму Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Іосіфа Лангбарда Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Міхаіла Бакланава Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі савецкага класіцызму