Кварц () — прыродны і штучны мінерал, адзін з самых распаўсюджаных у зямной кары, пародаўтваральны мінерал большасці магматычных і метамарфічных парод. Хімічная формула: SiO2.

Апісанне Шчыльнасць кварцу 2,6—2,65 г/см³, тэмпература плаўлення прыблізна 1470 °C. Цвёрдасць 7 адзінак па шкале Моаса. Кварц хімічна ўстойлівы, празрысты да ультрафіялетавага і часткова інфрачырвонага выпраменьвання, валодае нелінейнымі аптычнымі і электронна-аптычнымі ўласцівасцямі.

Крышталі нарослыя або ўрослыя, часта ўтвараюць зросткі-друзы. Трапляюцца зерні, агрэгаты і суцэльныя масы. Крышталі маюць форму шасціграннай прызмы, увемчанай з аднаго або абодвух канцоў шасці- ці трохграннай пірамідай. У напрамку да вяршыні крышталь звужваецца. Грані прызм пакрыты папярочнай штрыхоўкай.

Крышталічныя мадыфікацыі: трыганальная (α-кварц, устойлівы ніжэй 573 °C) і гексаганальная (β-кварц, устойлівы вышэй 573 °C).

Колер разнастайны: бясколерны кварц — горны крышталь, фіялетавы — аметыст, дымчаты — раўхтапаз, чорны — марыён, залацісты — цытрын і інш. Бляск шкляны. Крохкі. Мае моцныя п’езаэлектрычныя ўласцівасці.

Распаўсюджванне ў прыродзе Паходжанне пераважна эндагеннае. Свабоднае ўтрыманне кварцу ў зямной кары каля 12 %. Уваходзіць у склад іншых мінералаў у выглядзе сумесяў і сілікатаў. На Беларусі шматлікія радовішчы кварцавых пяскоў.

Выкарыстанне Кварцавыя пяскі і кварцыты выкарыстоўваюцца ў керамічнай і шкляной прамысловасці, монакрышталі кварцу — для вырабу п'езаэлектрычных прылад, лінзаў ультрафіялетавай оптыкі, прызмаў спектрометраў, кварцавага шкла і інш. Афарбаваныя разнавіднасці кварцу выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе.

Гл. таксама Ружовы кварц Онікс

Літаратура

Мінералы, горныя пароды і глебы роднага краю: Кн. для настаўніка / У. Фядотаў, А. Цытленак. — Мн.: Нар. асвета, 1987. — 109, c.

Спасылкі

Пра кварц Кварц у базе webmineral.com Кварц і яго разнавіднасці Кварц у базе catalogmineralov.ru

Катэгорыя:Вокіслы (мінералы) Катэгорыя:Сілікаты (мінералы) Катэгорыя:Пародаўтваральныя мінералы