Царква Раства Багародзіцы знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада Глыбокае, насупраць Троіцкага касцёла.

Гісторыя

Першапачаткова была касцёлам каталіцкага ордэна кармелітаў босых, заснаванага паводле тэстамэнтаў ваяводы мсціслаўскага і старасты дзісенскага Іосіфа Корсака, складзеных у 1640-1643 гадах.

Пры жыцці Корсак збудаваў у Глыбокім драўляны касцёл. Ён планаваў збудаваць мураваную святыню, але ў выпадку сваёй смерці загадаў гэта зрабіць кармелітам. Драўляны касцёл, верагодна, быў страчаны падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай у 50-я гады XVII стагоддзя.

Касцёл кармелітаў быў адбудаваны не пазней за 1675 год. У вядомых даследчыкам крыніцах няма звестак пра архітэктуру святыні, у тым ліку невядома, з якога матэрыялу быў адбудаваны касцёл.

Новы або перабудаваны мураваны касцёл асвяціў 16 ліпеня 1735 года віленскі суфраган Ежы Анцута. Па меркаванні польскага даследчыка Войцеха Бабэрскага, касцёл чарговы раз быў перабудаваны каля 1755 года. Аўтарам перабудовы быў віленскі архітэктар Абрагам Вюрцнэр. У выніку перабудовы фасад са шчытом і дзвюмя вежамі набыў рысы віленскага барока.

Кляштар скасаваны ў 1861 г. Пасля паўстання 1863—1864 гг. касцёл і кляштар былі заняты праваслаўным духавенствам. Кошт перабудовы склаў 27.000 сярэбраных руб. Пераасвячоны епіскапам Ковенскім праасвяшчэнным Уладзімірам 3 верасня 1878 г. у праваслаўную Ражджаства-Багародзіцкую царкву, кляштарны корпус перададзены гарадской паліцэйскай управе. Асвячэнню царквы папярэднічала перабудова былога касцёла адразу пасля 1863 на асігнаваную ўрадам суму ў 27 тыс. руб. серабром.

У склепе пад царквой, у адной з ніш да сярэдзіны ХХ стагоддзя быў надпіс на лацінскай мове: «Тут спяць у міры косці вяльможнага фундатара, душа яго — на небе».

Царква пашкоджаная падчас Другой Сусветнай вайны, адбудаваная ў пасляваенныя гады.

Архітэктура

Помнік архітэктуры віленскага барока (адзін з першых узораў у Беларусі). У плане храм меў выгляд працяглага прамавугольніка, які ўключаў 3-нефавую базіліку, вылучаную бакавымі сакрысціямі прамавугольную апсіду, шэраг аб’яднаных калідорам келляў за ёй. У адрозненне ад спрошчанага планіровачнага вырашэння аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя атрымала шмат’ярусны шматпланавы выгляд. Вуглы храма адзначаны 4 вежамі, 2-ярусны перапад нефаў з вылучэннем крылаў трансепта. Асноўны архітэктурна-пластычны акцэнт зроблены на галоўным фасадзе, які фланкіруюць 2 зграбныя шмат’ярусныя вежы, завершаныя цыбулепадобнымі галоўкамі. Іх вертыкальны дынамічны рух узмацняецца вузкімі і высокімі арачнымі праёмамі, шматлікімі крапоўкамі. Паміж вежамі ўзнесены фігурны ступеньчаты франтон. Ніжні ярус фасада вылучаны па цэнтры багата дэкарыраваным уваходным парталам з драўлянымі разнымі дзвярамі і бакавымі нішамі-экседрамі. У сяродкрыжжы будынка ў 1908 годзе быў узведзены драўляны барабан з купалам (згарэў у 1944 г. разам з верхнімі ярусамі вежаў).

Каля 1755 г. перад храмам пастаўлена барочная 3-арачная 2-ярусная мураваная брама. Да паўночна-заходняга боку апсіды храма дабудаваны 3-павярховы жылы корпус (часткова разабраны ў 1909 г.). Была перароблена арнаментацыя скляпенняў у прэсбітэрыі.

У 1908 г. паміж 4 вонкавымі вежамі дабудаваны драўляны візантыйскі купал.

Інтэр’ер У інтэр’еры нефы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. У ХІХ стагоддзі пастаўлены іканастас.

Крыніцы

Літаратура

 — С. 48.

Спасылкі

Катэгорыя:Храмы Глыбокага Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Глыбоцкага раёна Катэгорыя:Колішнія касцёлы Віцебскай вобласці Катэгорыя:Збудаванні Глыбокага ў стылі барока Катэгорыя:З’явіліся ў 1654 годзе Катэгорыя:Саборы Беларусі Катэгорыя:Храмы Полацкай і Глыбоцкай епархіі Катэгорыя:Кармеліцкія кляштары Беларусі