Ву́лька Целяха́нская (, ) — вёска ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Целяханскага сельсавета. Размешчана за 49 км ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Івацэвічы, на беразе Вулькаўскага (Варанскага) возера, якое ўваходзіла ў сістэму Агінскага канала.
Гісторыя Вядома паводле пісьмовых крыніц з XIX стагоддзя. У 1880 годзе — вёска ў Целяханскай воласці Пінскага павета Мінскай губерні, размяшчалася на беразе возера Вулька (Варанскае), якое ўваходзіла ў сістэму Агінскага канала. Налічвала 57 двароў, 209 жыхароў, якія займаліся ў асноўным сплавам лесу. Вёска з'яўлялася ўладаннем Пуслоўскіх.
Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы было 135 двароў, 912 жыхароў, дзейнічалі хлебазапасны магазін, лясная ахова (2 будынкі, 15 жыхароў) і сядзіба (11 жыхароў), працавала карчма. У 1909 годзе ў вёсцы было 176 двароў.
У жніўні 1915 года лінія фронту ўстанавілася ўздоўж Агінскага канала і праходзіла праз Целяханы, Вульку-Целяханскую, Выганашчы, Выганашчанскае возера. Фронт стаяў тут да восені 1918 года.
З 1921 года — у складзе Польшчы. З 1939 года — у БССР. З 1940 года вёска Вулька-Целяханская з'яўлялася цэнтрам Целяханскага сельсавета ў Целяханскім раёне Пінскай вобласці. На той час у вёсцы было 202 двары, 1608 жыхароў.
У Вялікую Айчынную вайну з 1941 да 1944 года вёска была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія часткова спалілі вёску і загубілі 19 жыхароў. На фронце загінулі 28 вяскоўцаў.
У 1947 годзе вёска перайшла ў склад Выганашчанскага сельсавета, налічвала 211 гаспадарак. У 1951—52 гадах у вёсцы было 211 двароў, 1041 жыхар, вёска знаходзілася ў складзе калгаса «1 Мая». З 8 студзеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці. З 8 жніўня 1959 года ў Лагішынскім раёне. З 25 снежня 1962 года ў Пінскім раёне. З 6 студзеня 1965 года ў Івацэвіцкім раёне. З 1979 года вёска перайшла ў склад Гортальскага сельсавета, а з 16 сакавіка 1987 года — у Целяханскі пасялковы саветРашэнні выканкома Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 19 студзеня, 16 лютага, 16 сакавіка 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901)..
Насельніцтва XIX стагоддзе: 1880 — 209 жыхароў, 57 двароў. 1897 — 912 жыхароў, 135 двароў. XX стагоддзе: 1909 — 176 двароў. 1940 — 1608 жыхароў, 202 двары. 1951-52 — 1041 жыхар, 211 двароў. 1959 — 1059 жыхароў. 1970 — 996 жыхароў. 1997 — 56 жыхароў, 242 двары. XXI стагоддзе: 2002 — 650 жыхароў, 242 гаспадаркі. 2005 — 615 жыхароў, 232 гаспадаркі.
Інфраструктура На 2005 год у вёсцы дзейнічалі базавая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. Па стане на студзень 2014 года ў вёсцы працуюць: базавая школа, магазін, аддзяленне паштовай сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, лазня, сельская бібліятэка, клуб.
На заходнім беразе Вулькаўскага возера знаходзіцца зона адпачынку з фестывальнай пляцоўкай, гасцініца "Целяханы" і Целяханскі псіха-неўралагічны дом-інтэрнат (былы санаторый "Палессе").
Спіс вуліц Савецкая Першамайская Камуністычная Паўднёвая Новая Лугавая Школьная Калгасная Цяністая Набярэжная Сонечная завулак Паўднёвы
Прозвішчы жыхароў вёскі Найбольш распаўсюджанымі прозвішчамі ў вёсцы з'яўляюцца: Мялік, Струнеўскі, Купрыянчык, Юркевіч, Сліж. Радзей сустракаюцца прозвішчы Дзягцярык, Абрамчук, Кот, Дземковіч і інш.
Літаратура
Катэгорыя:Населеныя пункты Івацэвіцкага раёна Катэгорыя:Вёскі Беларусі паводле алфавіта