Каленік Мішкавіч (XIV ст. — да 20 жніўня 1450) — баярын, прыбліжаны вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы. Продак роду Тышкевічаў.
Біяграфія Сын нязнанага бліжэй баярына Міхаіла (Мішкі або Міські). Магчыма, паходзіў з чарнігава-северскага баярства, аднак, нашчадкі Каленіка лічыліся ўжо кіеўскімі зямянамі.
Складальнікі гербоўнікаў, найперш Сымон Акольскі, які ў сваёй працы спасылаўся на дакументы з «архіву Тышкевічаў», адзначаюць, што Каленік служыў гаспадару «як галава на радзе і як правая рука на вайне», а ў 1434 годзе заняў урады пуціўльскага і звенігарадскага намесніка. Акольскі таксама называе яго «маршалкам» вялікага князя, гэтая звестка выглядае цалкам легендарнай .
Паводле дарчай граматы ад 17 кастрычніка 1437 года, выданай у Кіеве, за верную, «нигды не опущеную» службу Каленік атрымаў значны комплекс маёмасці, не цалкам лакалізаваны, у прыватнасці з прычыны розніцы ў тэкстах дзвюх рэдакцый дакумента. Вядзецца пра сяло Буркаўцы, слабадзішча каля Звягеля, Міхеевічы, Хадарковічы і Тайковічы у Жытомірскім павеце, а ў Оўруцкім — сяло Астаф’ева на рацэ Нарыні, Валковічы, Дзямідковічы і Дзмітрыевіча дзеці на Хвасніцы, пад Палонным — Вішчыкусовічы і Плішча на сутоку Каменкі са Случчу. Акрамя таго, былі нададзены разлеглыя землі над Гнілапяццю і Гуйвай, так званая Слабадзішчанская воласць (Слабадзішча, Бярдзічаў, Руднікі, Чарталесцы, Сільцэ і Бернаўка), аднак адпаведны прывілей не захаваўся.
Нашчадкі Каленіка Мішкавіча карысталіся гербам «Ляліва», таму Уладзіслаў Сямковіч у свой час выказаў здагадку, што Каленік мог прыняць герб у 1432—1440 гадах ад Івана Манівідавіча, бацька якога прыняў гэты герб падчас Гарадзельскай уніі. Алег Аднарожанка схіляецца да думкі, што баярын карыстаўся ўласным знакам, які склаўся на мясцовым грунце без значных знешніх уплываў.
Невядома, ці захаваў Каленік свае ўрады ў 1440-я гады, ці быў ён адхілены ад намесніцтва кіеўскім князем Алелькам Уладзіміравічам.
Памёр да 20 жніўня 1450 года.
Сям’я Родзічы Каленіка прынамсі ў канцы XIV ст. мелі ўладанні ў Чарнігава-Северскай зямлі. Па дакументах і надпісе пра «род пана Каленікавіча і пані яго» на надмагільнай пліце ў Кіева-Пячэрскім манастыры Наталля Якавенка называе братоў — Андрэя, Паўла і Еську. На думку даследчыцы, згаданае ў сінодыку імя Клімент гэта хроснае імя Мішкавіча, а жаночае імя Аграфіна, якое ідзе да яго парай — імя яго жонкі .
Пакінуў сыноў Івана, жанатага княжной Агаф’яй Іванаўнай Глінскай, якая пазней пастрыглася ў манашкі пад імем Гафталіны і ў 1500 годзе запісала Гатна кіеўскаму Пустынна-Мікольскаму манастыру. Каленіка, згадваецца крыніцамі ў 1457/1458 — 1488 гадах, у прыватнасці як суддзя «по приказанью господаря нашаго, князя Семена Олександровича, отчича киевского». Ад сына Каленіка Каленікавіча — Тышкі, пайшоў род Тышкевічаў.
Уладзімір Сабчук імаверна паказаў, што Сенька, Дашка і Федзька Каленікавічы, якіх гісторыкі лічылі сынамі Мішкавіча, на праўдзе былі з роду армянскага паходжання ў Львоўскай зямлі.
Ушанаванне памяці У 2016 годзе ў імя Каленіка Мішкавіча перайменаваны адзін з завулкаў у Звенігародцы, які называўся імем Сідара Каўпака.
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Uruski, S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. 1-15. — Warszawa, 1904—1938.
Катэгорыя:Старосты пуціўльскія Катэгорыя:Тышкевічы Катэгорыя:Старосты звянігародскія Катэгорыя:Прыхільнікі Свідрыгайлы Альгердавіча