Анто́н Іва́навіч Абрамо́віч (каля 1811, Віцебскі павет — пасля 1854) — беларускі кампазітар, піяніст і музычны педагог XIX стагоддзя.

Біяграфія Музыцы навучаўся ў бацькі. Пасля 1832 года пераехаў і жыў у Санкт-Пецярбургу. Быў вядомы ў расійскай сталіцы як піяніст-выканаўца і педагог, склаў уласную школу ігры на фартэпіяна.

Творчасць Антону Абрамовічу належаць адны з першых спроб стварэння нацыянальна-характэрных музычных твораў, у аснове якіх ляжаць мелодыі беларускіх народных песень і танцаў.

У 1843 годзе ў першым томе альманаха Рамуальда Падбярэскага «Rocznik Literacki» былі надрукаваны яго музычныя варыянты (песні) на словы Яна Баршчэўскага «Дзеванька» і «Гарэліца». Гэтая праца была высока ацэнена тагачасным літаратурным крытыкам Міхалам Грабоўскім, які адзначыў вялікую заслугу кампазітара: «Мы ўдзячны пану Антону Абрамовічу за спісанне колькіх мелодый беларускіх народных спеваў. Пакідаем кампетэнтным суддзям сказаць, ці мае беларуская музыка адрозны характар у шэрагу іншых славянскіх… Мы лічым за найвялікшую заслугу спісванне такіх спеваў». Крытык лічыў гэта неабходным матэрыялам для авалодвання нацыянальнай танічнай паэзіяй.

Найбольш вядомым творам кампазітара з’яўляецца праграмная васьмічасткавая музычная паэма для фартэпіяна «Беларускае вяселле». Яна была апублікавана ў трэцім томе «Rocznika Literackiego» (1846) разам з вялікім артыкулам Р. Падбярэскага «П. Антон Абрамовіч. Музыкант». Апублікаваны артыкул і ноты былі ўклеены ў альманах у самы апошні момант пасля 112 старонкі (імаверна, каб пазбегнуць цэнзурнай забароны выдання). У сваім артыкуле Р. Падбярэскі, абапіраючыся на творы Я. Баршчэўскага, падрабязна тлумачыў змест частак паэмы: «Уступ» (з імітацыяй голасу дуды і стуку капытоў), «Сватаўство», «Княгіня галосіць», «Дзявочы вечар», «Прыезд у царкву», «Хор у царкве» (на матыў «О, Спасіцелю наш, Пане»), «Блаславенне» (на матыў «Баслаў Бог, да вяселле іграць») і «Кругавая». Выдавец шчыра раіў кампазітару і далей скіроўваць намаганні на апрацоўку беларускіх народных песень, бо бачыў у гэтым ягоны сапраўдны і непаўторны шлях у музыцы.

Сярод іншых твораў кампазітара таксама вылучаюцца п’есы «Беларускія мелодыі» і «Зачараваная дуда» для фартэпіяна.

Крыніцы

Літаратура

Яны праславілі наш край / Падрыхтаў У. І. Мезенцаў // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Віцебскага раёна / Рэдкалегія: А. П. Красоўскі і інш.; Уклад. У. І. Мезенцаў; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: Маст. літ., 2004. — С. 81. — 772 с.: іл. Каханоўскі Г. А., Малаш Л. А., Цвірка К. А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. — Мн., 1989. Кісялёў Г. Радок у энцыклапедыю // Кісялёў Г. Героі і музы. — Мн., 1982. Мальдзіс А. І. Падарожжа ў XIX ст. — Мн., 1969.

Спасылкі

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1811 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Віцебскім павеце (Расійская імперыя) Катэгорыя:Памерлі ў 1854 годзе Катэгорыя:Кампазітары Беларусі Катэгорыя:Кампазітары Расійскай імперыі Катэгорыя:Піяністы Беларусі Катэгорыя:Піяністы Расійскай імперыі Катэгорыя:Музычныя педагогі Беларусі Катэгорыя:Музычныя педагогі Расійскай імперыі