Рыгведа (, , «Веда хвалебнаў») — збор хвалебнаў багам, першы вядомы помнік індыйскай літаратуры.
Рыгведа — збор хвалебнаў на ведыйскай мове, які ўваходзіць у лік чатырох індуісцкіх рэлігійных тэкстаў, вядомых як Веды. Рыг-Веда была складзена, напэўна, каля 1700—1100 гг. да н. э. і з’яўляецца адным з самых старажытных індаіранскіх тэкстаў і адным з самых старажытных рэлігійных тэкстаў у свеце. Стагоддзямі яна захоўвалася толькі ў вуснай традыцыі і ўпершыню запісана была, верагодна, толькі ў раннім Сярэднявеччы. Рыгведа — найбольш старажытная і значная з Ведаў, каштоўная крыніца для вывучэння старажытнаіндыйскай гісторыі і міфалогіі. У 2007 годзе ЮНЕСКА ўключыла Рыгведу ў рэестр «Памяць свету».
Тэкст
Рыгведа ў індыйскай літаратуры
Рыгведа — найстаражытнейшы моўны твор індыйскае цывілізацыі. Яна ўяўляе сабою збор хвалебнаў (гімнаў), прысвечаных розным багам (Індру, Агні, Ашвінам, Марутам ды інш.). Акрамя ўласна хвалебнаў, у Рыгведзе раскіданыя намёкі на розныя міфы, многія з якіх атрымалі сваё развіццё ў пазнейшай літаратуры Індыі. Разам з трыма іншымі ведамі (Йаджурведа, Самаведа ды Атхарваведа) і некаторымі іншымі творамі Рыгведа становіць канон шруці (śrúti- ‘пачутае’) — збор святых тэкстаў, якія маюць абсалютны аўтарытэт у індуізме.
Шруці процістаіць іншаму канону — смрыці (smṛ́ti- ‘памяць’), тэкстам, што валодаюць толькі адносным аўтарытэтам, бо паводле традыцыі паходзяць ад чалавека. Шруці ж ёсць ведаю, яўленай людзям як боскае адкрыццё і толькі выражанай праз чалавечую мову. Уласна таму не зусім правільна называць Рыгведу кнігаю — як нешта запісанае, падобна Бібліі ці Карану. Рыгведа — прынцыпова вусны твор, які тысячагоддзямі перадаваўся і дагэтуль перадаецца па памяці брагманамі (святарамі) ад настаўніка да вучня.
Час узнікнення
Датаванне Рыгведы ўскладняецца двума чыннікамі: 1) Рыгведа — прынцыпова вусны твор, які складаўся задоўга да з’яўлення пісьменнасці. Першы ж знойдзены рукапіс датуецца толькі 1464 н.э.; 2) ад цывілізацыі, якая стварыла хвалебны Рыгведы, да нас фактычна не дайшло анічога, акрамя самой Рыгведы.
Класічнае датаванне, прапанаванае яшчэ ў 19 ст., адносіць стварэнне хвалебнаў Рыгведы да часу паміж 1500—1200 гг. да н.э. У гэты час, паводле тэорыі арыйскага заваявання Індыі, плямёны індаіранцаў, якія звалі сябе ар’ямі (ā́rya- ‘часцівы’), уварваліся на тэрыторыю паўночнага захаду Індастана, адкуль пачалі сваё паступовае заваяванне астатняй часткі паўвострава. Тыя плямёны, што стварылі Рыгведу, былі носьбітамі аднае з архаічных індаеўрапейскіх гаворак, якая пазней стала вядома як санскрыт (sáṃskṛta-).
Тэорыя арыйскага заваявання даўно крытыкуецца шырокім колам навукоўцаў як неабгрунтаваная і не пацверджаная ні археалагічнымі, ні генетычнымі дадзенымі. Тым не менш, большасць лінгвістаў — зыходзячы пераважна з дадзеных параўнальна-гістарычнага мовазнаўства — дагэтуль размяшчае стварэнне РВ у прамежку 1700—1200 гг. да н.э. Некаторыя навукоўцы, што праўда, увязваюць рыгведавую культуру з Індскаю цывілізацыяй (напрыклад, грэчаскі даследчык Н. Казанас) і адсоўваюць датаванне Рыгведы аж да 3000 г. да н.э.
Яшчэ адно цікавы погляд на час стварэння РВ выказаў індыйскі навуковец Б. Г. Тылак. Паводле яго тэорыі продкі ар’яў пражывалі ў Арктычным рэгіёне, які былі вымушаныя пакінуць каля 8000 г. да н.э. Адпаведна стварэнне найранейшых хвалебнаў РВ ён адносіць да 5000-4000 гг. да н.э.
Рэцытацыі
Рыгведа ўзнікала ў выглядзе асобных хвалебнаў, якія ствараліся рознымі родамі паэтаў-святароў (ṛ́ṣi-) на працягу досыць доўгага часу, і толькі значна пазней (згодна з лінгвістычным аналізам — па некалькі стагоддзях) яны былі сабраныя разам у самгіту (sáṃhita- ‘збор’). Паводле індыйскае традыцыі аўтарства самгіты прыпісваецца мудрацу В’ясу (vyāsa- ‘раздзельца’). Менавіта ён падзяліў адкрытую багамі таемную веду на чатыры вядомыя нам Веды. Як паказвае лінгвістычны аналіз, пры стварэнні самгіты былі ўжытыя гукавыя правілы, якія альбо не дзейнічалі ў часы першых паэтаў, альбо наўмысна імі не ўжываліся, што прывяло да скажэння паэтычных памераў, а таксама да зацямнення многіх месцаў у творы. Таму пазней настаўнікам Шакал'ем (śā́kalya-) было зроблена разбіццё тэксту самгіты на асобныя словы: гэта рэцытацыя атрымала назву Падапатха (padapaṭhá- ‘чытанне па словах’).
Стварэнне Падапатхі было абумоўлена і тым, што з часам мянялася і сама мова, і многія словы станавіліся незразумелымі. Ужо на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў (а мо і раней) існаваў спіс цяжкіх да разумення слоў у Рыгведзе, які называўся Нігганту (nighaṇṭú-). Дзесьці ў 6-5 стст. да н.э. на яго з’яўляецца каментарый Нірукта (nírukta- ‘вытлумачэнне’) настаўніка Яскі (yāská-) — важны твор індыйскай традыцыйнай этымалогіі. Каб забяспечыць правільную вусную перадачу хвалебнаў, досыць рана сталі распрацоўвацца правілы вымаўлення ды падрабязныя апісанні гукаў, якія былі зведзеныя ў тэкст Пратышакх’я (prā́tiśākhya-). Гэта слова літаральна азначае «[трактат] для кожнай галіны». Пад галінаю разумеецца асобная школа рэцытацыі, якіх існавала досыць многа, і якія трохі адрозніваліся ў спосабе вымаўлення асобных гукаў і іх спалучэнняў. Захавалася пяць падобных Пратышакх’яў: адна для Рыгведы, адна для Атхарваведы, дзве для Чорнай і Белай Яджурведы і адна для Самаведы.
Рэдакцыя Рыгведы, што дайшла да нас, завецца Шакал'я-самгітою (śākalyasaṃhitā́-). Гэтая рэдакцыя ўключае 1028 хвалебнаў даўжынёю ад 1 да 58 слаўняў, падзеленых на 10 колаў (máṇḍala-). Другою магчымаю рэдакцыяй Рыгведы, што дайшла да нас, можна лічыць Башкала-самгіту (bāṣkalasaṃhitā́-), названую паводле настаўніка Башкалы (bāṣkala-). Яна ўключае 1025 хвалебнаў і дадатак з 95 хвалебнаў — кхіла-хвалебны (khilā́ni), якія, відаць, бытавалі ў іншых школах рэцытацыі Рыгведы або з’яўляюцца пазнейшымі дадаткамі.
Будова колаў
Традыцыйны каментарый на РВ Анукрамані (anukramaṇī-) замацоўвае за кожным хвалебнам імя пэўнага паэта. Часам дадзеныя гэтага тэксту выглядаюць зусім непраўдападобна, але збольшага яго прымаюць як досыць імаверную крыніцу ведаў пра аўтарства хвалебнаў. Колы 2-7 прынята называць родавымі (фамільнымі), бо паводле Анукрамані яны цалкам прыпісваюцца паасобным родам паэтаў. Так, 2-е кола належыць паэтам з роду грытсамады (gṛtsamada-), 3-е — Вішвамітры (viśvā́mitra-), 4-е — Вамадэвы (vāmádeva-), 5-е — Атры (átri-), 6-е — Бгарадваджы (bharádvāja-) і 7-е — Васіштхі (vásiṣṭha-). Колы размешчаны паводле ўзрастання колькасці хвалебнаў: 2 (43), 3 (62), 4 (58), 5 (87), 6 (75) і 7 (104). Унутры ж кола хвалебны размешчаны паводле багоў: спачатку ідуць хвалебны, прысвечаныя Агні, потым — Індру і г.д.
Астатнія колы напісаныя паэтамі з розных родаў. 9-е кола цалком прысвечана божаству Сома Ачышчаны (sóma- pávamāna-). Аўтары гэтага кола — тыя самыя, што і родавых, таму мяркуецца, што складальнікі самгіты папросту дасталі ўсе хвалебны Сому з гэтых колаў ды аб’ядналі іх у асобны раздзел. Вялікую цікавасць становіць 8-е кола, у якім надзвычай многа доўгіх хвалебнаў. Яны складзеныя ў нетыповай для астатняе РВ страфічнай форме ды поўняцца імёнамі яўна неарыйскіх валадароў.
Найпазнейшым дадаткам да родавых колаў уважаецца 10-е кола. На такую выснову наводзіць шэраг фактаў: па-першае, некаторае моўнае адрозненне (напр., значна большая частата гука l, з’яўленне новых слоў, уніфікацыя граматычных форм і г.д.); па-другое, іншае размеркаванне багоў (зусім няма хвалебнаў багіні Зары, аслаблена роля Мітры-Варуны); па-трэцяе, пашырэнне тэматыкі (касмаганічныя і філасофскія хвалебны, абрадавыя (вясельный ды пахавальныя) хвалебны, многа хвалебнаў-дыялогаў).
Наастатку, 1-е кола распадаецца на дзве часткі. Першая частка (1-50) мае шмат агульнага з 8-м колам, у прыватнасці тое, што значная частка хвалебнаў належыць паэтам з роду Канваў. Другая ж частка (51-191) разглядаецца навукоўцамі як найранейшы дадатак да родавых колаў.
Акрамя падзелу на колы, Рыгведа традыцыйна дзеліцца на 8 васмярыцаў (áṣṭaka-), якія ў сваю чаргу падзяляюцца на ўзыходы (adhyāyá-), якія распадаюцца на раздзелы (várga-). Гэты падзел мае чыста ўтылітарны характар і быў зроблены для аблягчэння завучвання ды перадачы тэксту па памяці.
Традыцыйныя каментары
Шматлікія месцы Рыгведы атрымалі сваё тлумачэнне — абрадавае і філасофскае — у пазнейшых тэкстах: брагманах (brāhmaṇá-), аран'яках (ā́raṇyaka-) ды ўпанішадах (upaniṣád-), якія таксама ўваходзяць у канон шруці.
Важнай крыніцай традыцыйных ведаў пра Рыгведу з’яўляецца каментарый Сарванукрамані (sarvānukramaṇī- 'поўны пераклік') настаўніка Катйайаны (kātyāyana-), створаны каля 2 ст. да н.э.. У ім пазначаецца першае слова хвалебну, колькасць слаўняў, імя паэта і ягоны патронім, боства, якому прысвечаны кожны са слаўняў, ды вершаваныя памеры. На гэты тэкст існуе асобны каментарый — Ведартхапрадыпіка (vedārthapradīpikā- 'праясненне сэнсу Ведаў'), створаны настаўнікам Шадгурушышйам (ṣaḍguruśiṣya-) у 12 ст. н.э.
Іншаю значнаю крыніцаю для разумення Рыгведы з’яўляецца поўны каментарый настаўніка Сайаны (sāyaṇa-), выкананы ў 14 ст. н.э. Сайана быў родам з Паўднёвай Індыі і ў сваёй працы абапіраўся на папярэднія яму каментарыі, ад якіх да нас дайшлі толькі невялікія ўрыўкі. Сайана трактуе Рыгведу амаль выключна з гледзішча абраду, звычайна пакідаючы па-за ўвагаю суаднясенне з пазарытуальнаю рэчаіснасцю. Пераклад Рыгведы ў хіндзі, выкананы Рамаговіндам Трыведзі, у многім абапіраецца на Саянаў каментарый.
Адзіны дасаянавы каментарый, што захаваўся цалкам, належыць настаўніку Мадгава (mādhava-), які жыў у 10 ст. н.э. Ён уключае толькі першую васьмярыцу.
Вершаваныя памеры
Рыгведа ёсць зборнікам хвалебнаў, напісаных у вершаванай форме. Вывучэннем і навучэннем вершаваных памераў займаецца традыцыйная індыйская навука чхандас (chándas- ‘вершаваны памер’), адна з шасці ведангаў (vedāṅgá- ‘частка, целавіна Веды’).
Слоўны націск у мове Ведаў танічны, аднак ён аніяк не ўплывае на вершаскладанне. У часы стварэння Ведаў яно было найперш сілабічным, і ў меншай ступені — квантытатыўным. Метрычную адзінку верша складае ступа (pā́da- ‘нага, чвэрць’), якая мае пэўную колькасць складоў. Камбінацыя некалькіх аднолькавых ці розных ступ утвараюць усю разнастайнасць памераў Рыгведы. Адзін верш, вытрыманы ў пэўным памеры, завецца слаўнем (ṛ́c- — адсюль назва твора ṛg-vedá- ‘веда слаўняў’). Слаўні ж аб’ядноўваюцца ў строфы ды хвалебны (sūktá-).
Ступа будуецца на чаргаванні лёгкіх і цяжкіх галосных, аднак структура не жорсткая і дапускае мноства адхіленняў. Галосны называецца лёгкім (ЛГ), калі ён кароткі і перад ім няма збегу зычных. Астатнія галосныя (доўгія, а таксама кароткія, перад якімі ёсць збег зычных) называюцца цяжкімі (ЦГ). Ступа разглядаецца як фанетычнае цэлае, таму галосны і наступны збег зычных могуць належаць да розных слоў. Канец ступы заўжды супадае з канцом слова.
Чаргаванне ЛГ і ЦГ больш-менш строга вытрымліваецца толькі ў канцы ступы, якая становіць кадэнцыю — гэта 4 або 5 апошніх складоў. Для пачатку ж ступ часта ўласцівы ямбічны рытм (кожны другі галосны — цяжкі), але ён часта парушаецца. Колькасная характарыстыка першага і апошняга галоснага ступы пад увагу не бярэцца і можа быць любою.
Колькасць складоў у ступе можа быць 5, 8, 11 і 12. У дзвюх апошніх ступах бывае цэзура (кароткая паўза), якая робіцца пасля 4-га ці 5-га складу. 5-складовыя ступы — сама рэдкія ў РВ.
Рыгведа дайшла да нас у выглядзе т.зв. самгіты (saṃhitā́- ‘збор’) — пазнейшай за самі хвалебны рэдакцыі. У ёй амаль паўсюль дастасаваныя прасадычныя правілы сандгі (sandhí- ‘злучэнне’) — злучнага вымаўлення, — некаторыя з якіх пашырыліся толькі ў пасляведавы час. Гэта прывяло да скажэння зыходных памераў. Акрамя таго, як паказвае прасадычны аналіз хвалебнаў, старажытныя паэты карысталіся пэўнымі штучнымі прыёмамі для запаўнення памеру. Напрыклад, санорныя y і v вельмі часта вымаўляюцца як iy ды uv:
РВ 1.1.2 ī́ḍiyo nū́tanair utá (замест ī́ḍyo) РВ 1.2.7 mitráṃ huve pūtádakṣaṃ (замест hve)