Вячаслаў Глеб (нар. , ) — беларускі футбаліст, нападнік. Ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі (2004—2011).

Клубная кар’ера У 2001 годзе заключыў кантракт з нямецкім «Штутгартам», дзе гуляў яго старэйшы брат Аляксандр Глеб. Прайсці ў асноўную каманду не здолеў, згуляў за «Штутгарт II» 25 матчаў і забіў 5 галоў. Потым перайшоў у «Гамбург». У 2005 годзе гуляў за швейцарскі «Грасхопер». Пасля вярнуўся ў Беларусь, падпісаў кантракт з мінскім МТЗ-РІПА. Глеб мог перайсці ў шатландскую лігу ў клуб «Хартс», але пераход не адбыўся.

У 2009—2010 гадах гуляў за кітайскія каманды «Шанхай Шэньхуа» і «Шэньчжэнь Рубі». У 2011 годзе падпісаў кантракт з мінскім «Дынама». Пасля змены трэнера, Глеб не праходзіў у галоўную каманду, а гуляў за дубль. Летам кантракт з «Дынама» быў разарваны. Другую палову сезона Глеб правёў у нямецкім «Франкфурце», але пасля змены трэнера пакінуў каманду.

У лютым 2012 года падпісаў кантракт з «Гомелем». Дапамог клубу выйграць Суперкубак 2012, аформіўшы дубль у вароты БАТЭ. У ліпені 2012 года спыніў супрацоўніцтва з гомельскім клубам, а ў верасні ў якасці свабоднага агента падпісаў кантракт з клубам АЕЛ другога дывізіёна Грэцыі.

У студзені 2013 года падпісаў кантракт з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ», дзе стаў іграком асновы. За два сезоны ў жодзінскім клубе забіў 11 галоў і аддаў 16 галявых перадач. У лютым 2015 года падоўжыў кантракт з аўтазаводцамі.

У лютым 2016 года па заканчэнні кантракта з жодзінскім клубам стаў трэніравацца з «Іслаччу». У сакавіку галоўны трэнер «Тарпеда-БелАЗ» Ігар Крывушэнка абвясціў, што Глеба не будзе ў камандзе ў новым сезоне. Пазней Вячаслаў далучыўся да складу «Крумкачоў», з якімі 28 сакавіка падпісаў паўгадавы кантракт. Стаў асноўным нападнікам сталічнага клуба, улетку падоўжыў кантракт да канца сезона.

У снежні 2016 года кантракт Глеба з «Крумкачамі» скончыўся, але ў пачатку 2017 года ён пачаў трэніравацца разам з камандай і ў сакавіку падпісаў новы кантракт да канца 2017 года. Пасля прыходу ў канцы мая на пасаду галоўнага трэнера Аляксея Кучука страціў месца ў аснове. У ліпені 2017 года разарваў кантракт з «Крумкачамі».

Неўзабаве пасля зыходу са сталічнага клуба падпісаў кантракт з гродзенскім «Нёманам» да канца сезона. У складзе «Нёмана» неўзабаве замацаваўся ў якасці асноўнага нападніка. У лістападзе 2017 года стала вядома, што Вячаслаў падоўжыў кантракт з гродзенцамі. У сезоне 2018, аднак, толькі тройчы выйшаў на замену. У ліпені 2018 года стала вядома, што Вячаслаў пакінуў «Нёман».

У студзені 2019 года далучыўся да дзяржынскага «Арсенала», якому дапамог перамагчы ў Другой лізе. У 2020 годзе згуляў за каманду ў двух матчах Першай лігі, пасля чаго пакінуў «Арсенал» і завяршыў кар’еру.

У лістападзе 2023 года атрымаў трэнерскую ліцэнзію катэгорыі A.

Міжнародная кар’ера Гуляў за нацыянальную зборную Беларусі з 2004 года. Першы гол забіў у браму зборнай Турцыі 18 жніўня 2004 года. Усяго адзначыўся 12 галамі.

Дасягненні Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі (3): 2000, 2005, 2008 Уладальнік Кубка Беларусі: 2008 Уладальнік Суперкубка Беларусі: 2012 Пераможца Другой лігі чэмпіянату Беларусі: 2019 У спісе 22 найлепшых ігракоў чэмпіянату Беларусі (2): 2006, 2014 Уладальнік Кубка нямецкай лігі: 2003

Грамадска-палітычныя погляды У сакавіку 2017 года ў інтэрв’ю Радыё Свабода Вячаслаў Глеб адзначыў, што герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг з’яўляюцца адвечнымі сімваламі Беларусі.

У кастрычніку 2018 года Вячаслаў Глеб разам з жонкай наведалі рэстарацыю, пабудаваную ў ахоўнай зоне мемарыялу Курапаты. У гэты час актывісты ладзілі акцыю супраць рэстарацыі. Глеб разам з жонкай раскрытыкавалі дзеянні актывістаў, ужываючы абразу.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама-Юні Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Штутгарт II Катэгорыя:Ігракі ФК Гамбург Катэгорыя:Ігракі ФК Грасхопер Катэгорыя:Ігракі ФК Каўнас Катэгорыя:Ігракі ФК Партызан Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Шанхай Шэньхуа Катэгорыя:Ігракі ФК Шэньчжэнь Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Франкфурт Катэгорыя:Ігракі ФК Гомель Катэгорыя:Ігракі ФК АЕЛ Калані Катэгорыя:Ігракі ФК Тарпеда-БелАЗ Катэгорыя:Ігракі ФК Крумкачы Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Нёман Гродна Катэгорыя:Ігракі ФК Арсенал Дзяржынск