Калі́ніна (да 1924 — Сямёнаўка) — вёска ва Узоўскім сельсавеце Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі.

Геаграфія

Размяшчэнне У 27 км на паўднёвы ўсход ад Буда-Кашалёва, 14 км ад Гомеля, 4 км ад чыгуначнай станцыі Уза (на лініі Жлобін — Гомель) і ў 0,5 км на поўнач ад чыгуначнай станцыі Калінінскі.

Гідраграфія На ўсходзе меліярацыйныя каналы, злучаныя з ракой Белічанка (прыток ракі Уза).

Транспартная сетка Шаша Доўск — Гомель. Планіроўка складаецца з просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад (па абодва бакі шашы), да якой на захадзе далучаецца выгнутая вуліца з завулкам. Забудова двухбаковая, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.

Гісторыя Заснавана ў 1848 годзе. Па рэвізіі 1858 года ў валоданні памешчыка Сенажэцкага. З 1876 года працавала крупарушка. У 1883 годзе знаходзіліся карчма, хлебазапасны магазін. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: школа граматы, 2 крамы, 3 ветракі, крупарушка, гамарня, карчма. У 1909 годзе — 2361 дзесяціна зямлі, школа, вінная крама, млын, у Рудзянецкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні. Побач была аднайменная сядзіба.

У 1926 годзе працавалі крама, паштовае аддзяленне, школа. З 8 снежня 1926 года цэнтр Калінінскага сельсавета Уваравіцкага, з 17 красавіка 1962 года Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. У 1930 годзе арганізаваны калгас.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў жніўні 1941 года разам з часцямі Чырвонай Арміі каля вёскі трымалі абарону гомельскія апалчэнцы. З лістапада 1941 года да чэрвеня 1942 года дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнікі І. Ф. Канцавы і Л. М. Кавальскі). У верасні 1943 года акупанты спалілі 35 двароў. У баях за вёску ў лістападзе 1943 года загінулі 6 савецкіх салдат і 3 партызаны (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). На франтах загінулі 76 жыхароў вёскі.

У 1959 годзе ў складзе саўгаса «Праўда» (цэнтр — вёска Уза). Размяшчаліся аддзяленне сувязі, базавая школа, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт.

У склад Калінінскага сельсавета ўваходзілі да 1973 года пасёлак Новы, да 1990 года вёска Рассветная і пасёлак Гудок (цяпер не існуюць).

Насельніцтва

Колькасць 2004 год — 284 гаспадаркі, 704 жыхары.

Дынаміка 1858 год — 35 двароў, 227 жыхароў. 1883 год — 110 двароў, 1180 жыхароў. 1897 год — 165 двароў, 1342 жыхары (паводле перапісу). 1909 год — 202 двары, 1433 жыхары. 1925 год — 267 двароў. 1959 год — 1154 жыхары (паводле перапісу). 2004 год — 284 гаспадаркі, 704 жыхары.

Літаратура

Катэгорыя:Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя:Узоўскі сельсавет Катэгорыя:Перайменаваныя населеныя пункты Беларусі