Радзе́ева (, ) — вёска і чыгуначны раз’езд у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Уваравіцкага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне У 16 км на паўднёвы ўсход ад Буда-Кашалёва, 30 км ад Гомеля.
Гідраграфія Праз вёску праходзіць меліярацыйны канал.
Транспартная сетка Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Буда-Кашалёва — Уваравічы. Планіроўка складаецца з дзвюх падзеленых меліярацыйным каналам вуліц — заходняя арыентавана з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, усходняя — з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Забудова двухбаковая, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя Па пісьмовых крыніцах вядомая з XIX стагоддзя як вёска ў Рудзянецкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні. У 1862 годзе памешчык меў тут 800 дзесяцін зямлі. Пасля здачы ў эксплуатацыю чыгункі Бабруйск — Гомель у лістападзе 1873 года пачаў дзейнічаць чыгуначны раз’езд. У 1883 годзе працаваў хлебазапасны магазін. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: школа граматы, 2 ветракі, кузня, карчма. У вясковай школе ў 1905 годзе навучаліся 77 хлопчыкаў і 8 дзяўчынак. У 1909 годзе ў вёсцы 2086 дзесяцін, у маёнтку 170 дзесяцін зямлі. У 1926 годзе меліся паштовае аддзяленне і пачатковая школа.
З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года цэнтр Радзееўскага сельсавета Уваравіцкага раёна Гомельскай акругі.
У 1930 годзе арганізаваны калгас імя Ф. Энгельса, працавалі кузня, 3 ветракі, сталярная майстэрня, конная крупарушка. Падчас Вялікай Айчыннай вайны вызвалена ад акупантаў 27 лістапада 1943 года, 69 жыхароў вёскі загінулі на франтах. У 1959 годзе ў складзе эксперыментальнай базы «Уваравічы» (цэнтр — гарадскі пасёлак Уваравічы). Аддзяленне сувязі, клуб, бібліятэка, базавая школа, фельчарска-акушэрскі пункт.
Насельніцтва
Колькасць 2004 год — 162 гаспадаркі, 381 жыхар.
Дынаміка 1883 год — 75 двароў, 398 жыхароў. 1897 год — 135 двароў, 1002 жыхары; фальварак — 3 двары, 18 жыхароў (паводле перапісу). 1909 год — 165 двароў. 1959 год — 691 жыхар, на раз’ездзе — 15 жыхароў (паводле перапісу). 2004 год — 162 гаспадаркі, 381 жыхар.
Вядомыя выхадцы В. К. Цвірка — народны мастак БССР (1963), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. З 1958 па 1962 год быў рэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. А. Я. Андрыенка — поўны кавалер ордэна Славы.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна