Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай — рымска-каталіцкі касцёл у гарадскім пасёлку Гарадзішча Баранавіцкага раёна. Размяшчаецца па вул. Міцкевіча, на ўзгорку на былой рыначнай плошчы, за савецкім часам від на яго забудаваны райвыканкамам. Пабудаваны ў стылі барока.
Гісторыя Першы драўляны касцёл пабудаваны ў 1494 г. ў гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі па фундацыі Некраша ВаладковічаŻyskar J. Nasze kościoły. Djecezja Mińska. Warszawa, 1912. T. 1.. Паводле іншых звестак, першы храм быў заснаваны Хадкевічамі на ўсход ад старажытнага замкаОписание церквей и приходов Минской епархии. I. Новогрудский уезд. Мн., 1879. С. 34—40.. У цэнтры мястэчка на пагорку была пастаўлена Троіцкая царква. У 1640 (1662?) годзе з цэглы пабудавана ўніяцкая царква па фундацыі ваяводы Яна КамінскагаŻmigrodzki J. Nowogródek i okolice. Nowogródek, 1931. S. 53. .
У XVII ст. абодва праваслаўныя храмы прыйшлі ў заняпад. Траян-Пятроўскі побач з рэшткамі праваслаўнай Троіцкай царквы ўзвёў кальвінскі збор. Наступны ўладальнік мястэчка старадубскі маршалак Гаўрыла Керло ператварыў яго ў касцёл. У 1864—1866 гг. большасць насельніцтва перайшла ў праваслаўе, касцёл быў закрыты і перададзены праваслаўным, 19 сакавіка 1868 г. пераасвячоны ў праваслаўную Троіцкую царкву. Храм знаходзіўся ў дрэнным стане, у канцы 1872 г. новы ўладальнік мястэчка Л. А. Спічакаў звярнуўся да старшыні дэпартамента дзяржаўнай эканоміі генерал-ад’ютанта з просьбай аб рамонце і перабудове храма. У студзені 1873 г. губернскі архітэктар С. П. Іваноў стварыў план рэканструкцыі храма. Праект не быў прыняты, над царквой былі надбудаваны з левага боку апсіды вежа-званіца і 5-галоўе ў завяршэнні. У 1874—1876 гг. царква перабудавана пры актыўным садзейнічанні губернатара В. І. Чэрыкава, у 1919 г. ператворана ў касцёл. Перабудаваны ў 1930 г., зараз адноўлены.
Архітэктура Помнік архітэктуры барока. Аднанефавы храм з прамавугольным прытворам пад двухсхільным дахам, са скарочанымі крыламі трансепта і паўкруглай апсідай, двухсхільны дах над якой пераходзіць уступам у канічнае пакрыццё. Вертыкальнасць кампазіцыі касцёла падкрэслена магутнымі лапаткамі-пілонамі і высокімі арачнымі аконнымі праёмамі з вонкавымі і ўнутранымі адхіламі. Іх ліштвы ўтоплены ў тоўшчу магутных сцен (шырыня 0,8 м) і аформлены паўкалонамі. Плоскасныя фасады акаймаваны шырокім тонкапрафіляваным карнізам, а нізкі цокаль апрацаваны закругленымі архітэктурнымі абломамі буйных чляненняў. Дынаміку архітэктурнай кампазіцыі ўзмацняе асіметрычна прыбудаваная да паўночнага боку апсіды 3-ярусная (2 васьмерыкі на чацверыку) шатровая званіца. Паміж апсідай і званіцай дабудавана сакрысція. Галоўны ўваход вырашаны арачным праёмам, фланкіраваным лапаткамі, завершаны 2-гранным шчыпцом з люкарнай па цэнтры.
У інтэр’еры неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках, апсіда — конхай, каля заходняй сцяны на 2 слупы ўзняты хоры.
Літаратура
Спасылкі
Гарадзішча Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:Гарадзішча (Баранавіцкі раён) Катэгорыя:Касцёлы Баранавіцкага раёна Катэгорыя:Касцёлы Пінскай дыяцэзіі Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Беларусі