Тума́н — скопішча каля зямной паверхні завіслых у паветры дробных кропель вады або крышталёў лёду, якое пагаршае гарызантальную бачнасць да 1 км. Туман — воблака каля зямлі, утвараецца з перанасычанай пары ў выніку кандэнсацыі. Пры дадатных тэмпературах туман складаецца з кропель, пры адмоўных (−10 °C і ніжэй) у ім з’яўляюцца крышталікі, пры вельмі нізкіх можа быць цалкам крышталічным. Слабое памутненне паветра пры гарызантальнай бачнасці больш за 1 км называецца смугой.
Паводле ўмоў утварэння вылучаюць туманы: адвектыўныя (утвараюцца з-за ахаладжэння цёплага вільготнага паветра над больш халоднай паверхняй сушы, характэрныя для ўзвышшаў, ахопліваюць значныя тэрыторыі) і радыяцыйныя, ці мясцовыя (з’яўляюцца часцей у цёплы перыяд, у нізінах, у выніку начнога ахалоджвання паветра ў прыземным слоі, маюць лакальны характар). Узнікаюць звычайна пры тэмпературы паветра, блізкай да 0 °C, і малой хуткасці ветру (1-5 м/с). Адвектыўныя туманы больш густыя і працяглыя, чым туманы мясцовага ўтварэння, якія звычайна рассейваюцца з усходам Сонца. У вялікіх прамысловых цэнтрах утрыманне ў паветры ядзер кандэнсацыі, прытым буйных, рэзка павышана, таму паўтаральнасць і шчыльнасць туманаў у такіх гарадах большая, чым за горадам. У залежнасці ад гарызантальнай далёкасці бачнасці адрозніваюць туман моцны (бачнасць 50 м і менш), умераны (менш за 500 м) і слабы (ад 500 да 1000 м).
Туман — адна з небяспечных метэаралагічных з’яў, што ўскладняюць работу транспарту. У тумане адлегласць да прадметаў, як нерухомых, так і рухомых, здаецца большай, чым на самай справе. Туман таксама змяняе ўспрыманне ўсіх колераў, акрамя чырвонага (жоўты здаецца чырванаватым, зялёны — жаўтаватым). Асаблівую небяспеку нясуць моцныя туманы з бачнасцю менш за 50 м. Туман павялічвае імавернасць дарожна-транспартных здарэнняў, стварае цяжкасці ў правядзенні сельскагаспадарчых работ, садзейнічае развіццю грыбковых хвароб сельскагаспадарчых культур, негатыўна ўплывае на здароўе людзей.
Гл. таксама Смуга Смог Кандэнсацыйны след Воблака Пара
Спасылкі
Катэгорыя:Атмасферныя з’явы Катэгорыя:Пара