Жанна Вацлаваўна Некрашэвіч-Кароткая (нар. , Мінск) — беларуская мовазнаўца і літаратуразнаўца, гісторык літаратуры і культуры. Спецыялістка па старажытнай беларускай літаратуры і лацінамоўнай паэзіі Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVII стагоддзяў. Перакладчыца помнікаў лацінскай паэзіі на беларускую мову. Доктар філалагічных навук (2013), прафесар (2014).

Біяграфія Скончыла філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру пры кафедры гісторыі беларускай літаратуры, дактарантуру БДУ. У 1999 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Драматургія Францішкі Уршулі Радзівіл», а ў 2013 годзе — доктарскую дысертацыю па тэме «Лацінамоўны ліра-эпас у полілінгвістычнай літаратуры Беларусі XVI—XVII ст.».

У 1995—2001 гадах працавала старшай выкладчыцай кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, у 2001—2004 гадах — загадчыцай кафедры класічнай і славянскай філалогіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і дацэнтам кафедры раманскай і класічнай філалогіі. З 2005 года была дацэнтам, пазней — прафесарам кафедры сучасных замежных моў факультэта міжнародных адносін БДУ.

Цяпер працуе ў асноўным за межамі Беларусі (Ольдэнбург, Познань).

Навуковая дзейнасць і творчасць Даследуе творы старажытнай беларускай літаратуры, пераважна помнікі лацінскай паэзіі эпохі Рэнесансу і ранняга барока.

Перакладае з лацінскай, польскай, царкоўнаславянскай і старабеларускай моў.

Аўтар больш за 140 публікацый па гісторыі беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў.

Аўтар кніг «Нясвіжская Мельпамена: Драматургія Францішкі Уршулі Радзівіл» (2002), «Беларуская лацінамоўная паэзія: ранні рэнесанс» (2009), «Беларуская лацінамоўная паэзія: позні рэнесанс і ранняе Барока» (2011), «Шматмоўная літаратура Беларусі ў кантэксце актуальных літаратуразнаўчых канцэпцый» (2015), укладальніца кнігі «Ян Вісліцкі. Пруская вайна» (2005), суаўтар акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў» (т. 1, 2006).

Пераклала на беларускую мову з лацінскай паэмы «Пруская вайна» Яна Вісліцкага, «Радзівіліяда» Яна Радвана, большасць вершаваных твораў Міколы Гусоўскага (у т. л. у сааўтарстве з Ірынай Шкурдзюк), з польскай — асобныя творы Францішкі Уршулі з Вішнявецкіх Радзівіл, раман «Арлалёты і Падканвойны, або Полацкая шляхта» Вайніслава Казіміра Сулімы-Савіча-Заблоцкага (разам з Вольгай Макрак) і інш.

Сям’я У шлюбе з беларускім літаратуразнаўцам Уладзімірам Кароткім.

Бібліяграфія Беларусь як культурная прастора і еўрапейскі літаратурны працэс XVI—XIX стст.: дапаможнік. Мінск, 2020. Шматмоўная літаратура Беларусі ў кантэксце актуальных літаратуразнаўчых канцэпцый: дапаможнік. Мінск, 2015. Беларуская літаратура і гісторыя. Мінск, 2013. Беларуская лацінамоўная паэма: позні Рэнесанс і ранняе Барока. Мінск, 2011. Беларуская лацінамоўная паэзія: ранні Рэнесанс. Мінск, 2009. Joannis Visliciensis. Bellum Prutenum = Ян Вісліцкі. Пруская вайна: На лацінскай і беларускай мовах. Мінск, 2005. Нясвіжская Мельпамена: Драматургія Францішкі Уршулі Радзівіл. Мінск, 2002. Удзел у калектыўных працах Зубрыны неруш і сусветная спадчына: гісторыя польска-беларускага нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Мінск, 2021. Дыярыушы XVII стагоддзя (1594—1707 гады): Самуэль Маскевіч, Багуслаў Маскевіч, Піліп Абуховіч, Міхал Абуховіч, Тэадор Абуховіч. Мінск, 2016 (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). Летапісы і хронікі Вялікага Княства Літоўскага, XV—XVII стст. Мінск, 2015 (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). Рэлігійнае пісьменства кірылічнай традыцыі XI—XV стст. Мінск, 2013 (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). Залатая калекцыя беларускай літаратуры. Т. 1: Літаратура XI—XVI стагоддзяў. Мінск, 2011; Т. 2: Літаратура XVII—XVIII стагоддзяў. Мінск, 2012. Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст. Мінск, 2011 (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). Нясвіжскі альбом: зборнік любоўнай лірыкі / Францішка Уршуля Радзівіл. Мінск, 2011. Латинский язык: пособие для студентов. Минск, 2010. Творы прадстаўнікоў роду Радзівілаў [Электронны рэсурс]. Мінск, 2009. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў: у 2 т. Т. 1. Мінск, 2006. Старажытная літаратура ўсходніх славян XI—XIII стагоддзяў: хрэстаматыя. Гродна, 2004.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Выкладчыкі БДУ Катэгорыя:Перакладчыкі з лацінскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з польскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага