Беларуская іканапісная школа — самабытная нацыянальная іканапісная школа XVI — пачатку XIX стагоддзяў. Склалася пад уплывам ідэй Адраджэння на аснове традыцый візантыйскага і старажытнарускага мастацтва.

На Беларусі іканапіс узнік з прыняццем хрысціянства. Да XVI ст. развіваўся на аснове візантыйскіх традыцый, паступова засвойваў рэалістычныя рысы заходнееўрапейскага сакральнага мастацтва. Працэс станаўлення і росквіту беларускага іканапісу расцягваецца на некалькі стагоддзяў. Традыцыі мастацтва Візантыі і Старажытнай Русі, якія былі асіміляваныя беларускай культурай (IX—XIV стагоддзі), аб’ядноўваліся са стылістычнымі асаблівасцямі заходнееўрапейскага мастацтва — рэнесанс (XIV—XVI стагоддзі), барока (канец XVI—XVIII стагоддзяў), класіцызм (другая палова XVIII стагоддзя). Творы беларускага іканапісу вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўленчай мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнаграфічных элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць.

Гісторыя На думку даследчыкаў, першыя абразы на тэрыторыю Беларусі трапілі ў вялікія гарады — Полацк і Тураў. Яны, імаверна, былі візантыйскага паходжання (паводле падання, Еўфрасіння Полацкая атрымала абраз Маці Божай ад імператара Візантыі Мануіла Камніна). Традыцыя мясцовага кананічнага пісьма можа пачынацца з часоў прыняцця хрысціянства мясцовым насельніцтвам, прыкладна з IX стагоддзя. Падмуркам для фарміравання беларускай школы абразапісання, як галіны традыцыйнага мастацтва паслужыў, як і ў шмат іншых хрысціянскіх краінах, добра распаўсюджаны на той час візантыйскі стыль. У XI—XV стагоддзях працягваўся візантыйска-балканскі ўплыў.

Фарміраванне ўласнай мясцовай школы іканапісу прыпадае на XV—XVI стагоддзі. Да гэтага часу мясцовыя мастакі назапасілі досвед візантыйскіх традыцый і тэхналогій афарбоўкі, набылі індывідуальную манеру, тыпы, характары, сваё бачанне колераў і пачалі ствараць уласныя ​​іканаграфічныя варыянты. Беларускі іканапіс развіваўся на пачатку часоў значнага ўплыву польскай культуры. Таксама дзейнічалі такія цэнтры асветы, як праваслаўныя манастыры і царкоўныя брацтвы, пры іх былі іканапісныя школы, друкарні, майстэрні шыцця аблачэння, апрацоўкі металу, аздаблення кніг.

Вытокі Звесткі з архіўных крыніц і высокі ўзровень адзінкавых помнікаў, што захаваліся, сведчаць пра росквіт на Беларусі ў XIV—XV стагоддзях сярэдневяковага выўленчага мастацтва. Ствараліся абразы ў тэхніцы тэмпернага жывапісу, ці ў рэльефнай пластыцы і жывапісныя мініяцюры ў богаслужэбных кнігах..

Найбольш раннія з захаваных твораў іканапісу належаць да палеска-валынскага рэгіёна. Выдатным узорам служыць абраз мяжы XIV—XV стагоддзяў «Маці Божая Замілаванне» з Маларыты. Ён спалучае асноўныя рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу.

Позневізантыйская мастацкая традыцыя XV стагоддзя, прадстаўленая грэчаскай візантыйскай або італа-крыцкай школай, была добра вядомая на беларускіх землях і аказала ўплыў на фарміраванне мясцовай школы іканапісу. У адрозненне ад славянскіх іканапісных традыцый, беларускія майстры пачалі карыстацца светлаценямі для выяўлення формы; яны вучацца мадэляваць аб’ём, рабіць глыбіню і перспектыву. Пры стварэнні абразоў выкарыстоўваліся дэкаратыўна-пластычныя сродкі (разьба і лепка), размалёўка фону, наяўнасць розных накладных элементаў, пакрыццё маляўнічай паверхні ахоўным лакам з яечнага бялку або смалы.

Выяўленчы матэрыял, звязаны з Турава-Пінскімі землямі, паказвае, што ў канцы XV — пачатку XVI стагоддзя тут развіваецца мясцовая іканапісная традыцыя. У яе ўлонні створаны такі яркі ўзор, як драўляны разьбяны абразок з сюжэтам «Сафія Мудрасць Божая ствара сабе Дом».

Вывезены з Мінска ў 1914—1917 гадах абраз «Блакітнае Успенне» XV стагоддзя напісаны яечнай тэмперай на з і павалакай. Унізе кампазіцыі на ложы, засланым полагам і пакрывалам, ляжыць Маці Божая ў хітоне і мафорыі. За ложам стаіць Хрыстус, які трымае перад сабою спавітую белым фігурку — сімвал душы Марыі. Назва іконы ад сіняга фона фігур Хрыста і Марыі на нябёсах (астатні фон залаты), які звычайна выкарыстоўваўся ў візантыйскай іканаграфіі, але быў унікальны ў іканаграфіі рускайMironowicz A.: Biskupstwo turowsko-pińskie w XI—XVI wieku. Trans Humana, 2011, s. 179—180. ISBN 978-83-61209-55-3.. Асаблівасці іканаграфіі, стылю і тэхнікі «Блакітнага Успення» не дазваляюць адназначна аднесці яго да пэўнага мастацкага цэнтра ці школы. Падабенства рэлігійнай сцэны да жанравай кампазіцыі, светлы мяккі каларыт, супакоена-добразычлівыя твары апосталаў — усё гэта характэрна для палеалогаўскага мастацтва Візантыі. Менавіта гэтая крыніца, агульная для жывапісу ўсходнеславянскага свету, надала «Блакітнаму Успенню» рысы, характэрныя для многіх рэгіянальных школ (у тым ліку для Цверы, Масквы, Валыні). Аднак, як паказвае А. А. Ярашэвіч, паходжанне абраза і гістарычна-культурная сітуацыя XV ст. даюць падставу сцвярджаць, што пераасэнсаванне ў ім палеалогаўскага стылю адбылося на поўдні Беларусі і заказчыкам «Успення» хутчэй за ўсё быў хтосьці з турава-пінскіх епіскапаўАляксандр ЯРАШЭВІЧ. Унебаўзятая.

XVI стагоддзе Для ранніх твораў XVI стагоддзя было характэрна спалучэнне адметных рыс сярэднявечнага мастацтва з элементамі Рэнесансу: светлы каларыт, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Ерусалімская» з Берасцейшчыны). Тэндэнцыя мадэляваць аб’ём і перспектыву, распачатая ў XV стагоддзі, працягнулася і атрымала развіццё і ў стагоддзі XVI, што добра ілюструецца такімі творамі, як «Парскева» і «Хрыстос Уседзяржыцель».

Іканаграфічная схема «Параскевы» са Случчыны ўзыходзіць да гравюры «Петка» з кнігі «Мікея выбраная», выдадзенай калоніяй сербаў у Венецыі ў 1538 годзе. Беларускі мастак захаваў прапорцыі і абрыс фігуры, але значна пераасэнсаваў гэтую гравюру. У гэтым помніку сярэдзіны — другой палавіны XVI ст. упершыню з’явіўся разны раслінны фон, малюнак якога бярэ пачатак у рэнесансных італьянскіх тканінах. Важныя зрухі адбыліся ў разуменні мастаком глыбіні, аб’ёму. На змену былой графічнасці прыходзіць мяккая мадэліроўка складак адзення, якія падкрэсліваюць аб’ёмнасць фігуры. У аснову адлюстравання твора пакладзены натуральны малюнак. Абраз «Параскева» мае вялікае значэнне для характарыстыкі станковага жывапісу сярэдзіны — другой палавіны XVI ст. Ён — яркі прыклад творчых пошукаў майстроў Беларусі XVI ст., якія працавалі над стварэннем свайго мастацкага стылю, сваёй манеры пісьма, адпаведных духу часу.

З XVI стагоддзя фарміруецца беларуская іканапісная школа са сваёй вобразна-пластычнай мовай і стылістыкай, абразы ствараюцца ў Брэсце, Гродне, Пінску, Магілёве, Віцебску, Полацку, Мінску, Вільні і інш. Абразы малявалі на дошках (часцей ліпавых), па клеямелавым грунце яечнай тэмперай з алейнымі фарбамі. Яркасць, адметнасць беларускага іканапісу — алтарныя абразы, якія спалучаюць рысы готыкі, рэнесансу, барока.

У гэты перыяд у беларускім іканапісе пашыраюцца стрыманыя пластычныя трактоўкі. Майстры часта звяртаюцца да сілуэтнай трактоўкі вобразаў, абмяжоўваюць лепку форм, мадэлююць асяроддзе, адзенне персанажаў лакальнымі плямамі, пакрываюць фон разьбяным арнаментам. У каляровай будове дамінуюць чырвона-карычневыя, вохрыстыя і кантрасныя ім сінія, зеленаватыя фарбы, спалучэнне якіх надае ім падкрэслена-дэкаратыўны характар. Уплыў Рэнесансу выражаецца ў тым, што кананічнае адлюстраванне жывапісных вобразаў разбаўляецца больш рэалістычнымі жыццёвымі сцэнкамі, людзі выглядаюць больш адпаведнымі і канкрэтызаванымі. Паступовасць гэтага працэсу сцвярджаецца тым, што на некаторых узорах суіснуюць кананічныя прыёмы з новым пластычным рашэннем. Яшчэ адну асаблівасць беларускаму іканапісу дало суіснаванне каталіцкай і праваслаўнай плыняў хрысціянства. Нягледзячы на рэлігійныя адрозненні, у мастацкім асяроддзі знаходзілася многія кропкі перасячэнняў, узаемаўплыў павялічыўся з увядзеннем уніяцтва.

Паводле крыніц XIV—XVI стагоддзяў, на Беларусі тых часоў ва ўжытку было шмат рэлігійных і свецкіх мастацкіх твораў, прывезеных з замежжа ці зробленых паводле іх узору. Гэта таксама не магло не адбіцца на творчай манеры беларускіх іканапісцаў.

У гэты час фарміруецца самабытная школа беларускага іканапісу, блізкая да барочнага стылю. На беларускіх землях адчуваўся ўплыў заходнееўрапейскага мастацтва, ішоў пошук новых выразных сродкаў для больш жыццёвай трактоўкі вобразаў святых. Невыпадкова беларускія іконы маюць рысы позняга Рэнесансу і ранняга барока. Аднак сакральнай сутнасці вобразаў гэта не закранала, а тычылася толькі эстэтычнага боку іконы.

XVII стагоддзе

Беларускі іканапіс XVII стагоддзя падзяляўся на чатыры катэгорыі: мясцовы, святочны, апостальскі і прарочы. Гэта яскрава праяўлялася ў яго структуры. Абразы мясцовага раду (адзігітрыі і спасы) выконвалі ролю іканастаснага вобраза. У іх падрабязна выпрацоўвалася кампазіцыя, разлічаная на працяглае разглядванне з блізкай адлегласці. Абразы святочнага раду вылучаліся значнай апавядальнасцю, паслядоўнасцю разгортвання сюжэта. У цэлым жа іканастасы канцэнтравалі ў сабе эстэтычную і духоўную сістэму супярэчлівага часу контррэфармацыі, светапогляду рэнесанснай эпохі.

На мяжы XVI—XVII стагоддзяў фарміравалася беларуская іканапісная школа, праявілася імкненне да перадачы прасторы, натуральных прапорцый, асобныя персанажы сталі адлюстроўвацца ў свецкай вопратцы. Для абразоў «Святая Параскева» з-пад Мастоў, «Замілаванне», «Пакроў», «Успенне» з Брэстчыны быў характэрны аптымізм, светлы настрой, вера ў вышэйшую справядлівасцьИзобразительное искусство . Іканапіс у XVII стагоддзі заставаўся самым распаўсюджаным відам жывапісу. Менавіта ў XVII стагоддзі пачынае расквітаць Заходнепалеская іканапісная школа са сваімі характэрнымі рысамі.

Шэдэўрам лічыцца абраз Пятра Яўсеевіча з Галынца «Нараджэнне Марыі», створаная ў 1649 годзе. Гэта адзіная ікона, аўтар якой вядомы, таму што пакінуў на ёй сваё прозвішча. Захаваліся іконы «Троіца старазапаветная» (Брэстчына), «Сашэсце ў пекла» з Чачэрска. З XVII стагоддзя пачалі маляваць на палатне. Ікона Божай Маці «Бялыніцкай» пры агульным захаванні кананічнасці формаў не абмяжоўвае мастацкую мову аўтара.

Пра развіццё сюжэту «Троіца» у іканапісу Беларусі можна судзіць па захаваных помніках, найбольш ранні з якіх датуецца апошняй чвэрцю XVII стагоддзя. У іконе з Крычава лёгка счытваюцца тыя асноўныя геаметрычныя формы, якія надаюць твору яснасць, устойлівасць, завершанасць. Фігуры анёлаў упісваюцца ў круг, што паказвае іх адзінства і непадзельнасць. Гэтая фігура паўтараецца і ў форме стала, дзе здзяйсняецца таемства Боскай трапезы — правобраза Эўхарыстыі. У цэнтры круга адгадваецца роўнабаковы трыкутнік, што з раннехрысціянскіх часоў з’яўляецца сімвалам трыадзінства Бога.

Ікона апошняй чвэрці XVII ст. «Сашэсце ў пекла», што паходзіць з Дзісны, вылучаецца разгорнутай кампазіцыяй і багаццем персанажаў. У ёй заключана ўся евангельская гісторыя. Гэта дзіўны перанос у прастору беларускай іконы заходнееўрапейскай алтарнай карціны эпохі Рэнесансу.

XVIII стагоддзе

У XVIII стагоддзі беларускі станковы жывапіс быў адметны ўзмацненнем праяў народнай творчасці і рэалістычнасці. Майстры іканапісу прытрымліваліся традыцый як старажытнарускага, так і мясцовага жывапісу.

У гэтым стагоддзі іканапіс розных рэгіёнаў Беларусі звязваюць праяўленні стылю барока, імкненне раскрыць псіхалогію і характар персанажаў, іх эмацыйны стан. Пашыраныя ў той час жанравы жывапіс, пейзаж, нацюрморт у рознай ступені прысутнічаюць у сакральных сюжэтах мясцовых майстроў.