thumb|400px|Карта Крыма Крымскі паўвостраў, Крым (, ) — паўвостраў на поўдні Украіны. Большую частку паўвострава займае Аўтаномная рэспубліка Крым. На паўднёвым захадзе размешчана асобая адміністрацыйная адзінка — горад Севастопаль.
Абмываецца на захадзе і поўдні Чорным морам, на ўсходзе Азоўскім морам і Керчанскім пралівам. 3 мацерыком злучаны вузкім (8 км) Перакопскім перашыйкам. Плошча 27 тыс. км². На ўсходзе знаходзіцца Керчанскі паўвостраў, на захадзе — Тарханкуцкі паўвостраў. Уздоўж паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа цягнецца сістэма неглыбокіх заліваў (Сіваш), якія аддзелены ад мора нізіннай пясчанай Арабацкай Стрэлкай.
З 18 сакавіка 2014 года знаходзіцца пад расійскай акупацыяй.
Прырода Паўночная частка Крыма — раўніна (т.зв. Стэпавы Крым), паўднёвую (Горны Крым) займаюць Крымскія горы (выш. да 1545 м, г. Раман-Кош). Каля паўднёвай падэшвы гор прыбярэжная паласа Паўднёвага берага Крыма з лакалітамі (г. Аю-Даг) і старажытнымі вулканічнымі масівамі (Карадаг). Сярод далін — Байдарская даліна. Карысныя выкапні: жалезная руда (Керчанскі жалезарудны басейн), газ, нафта, вапнякі, мергелі, соль і лекавыя гразі азёр.
Клімат на поўначы ўмераны, сухі, на поўдні субтрапічны міжземнаморскага тыпу. Сярэднія тэмпературы студзеня ад 1-2 °C на поўначы да 4 °C на поўдні, ліпеня 24 °C. Ападкаў ад 300 мм на поўначы да 1200 мм у гарах за год.
Рэкі малаводныя, найбольшыя — Чорная, Салгір, Кача, Альма. Ліманныя салёныя азёры (Сакскае і інш.). Паўночна-Крымскі канал.
На поўначы характэрны каштанавыя глебы, у цэнтры — пераважна чарназёмы, у гарах бурыя горна-лясныя і чарназёмападобныя горна-лугавыя глебы. Стэпавы Крым амаль поўнасцю ўзараны, зрэдку трапляецца стэпавая расліннасць. У гарах ядлоўцава-дубовыя і букава-грабавыя лясы. На ўзбярэжжы хмызняковая расліннасць з шыбляку. Жывёльны свет: на поўначы стэпавыя грызуны і птушкі, у гарах высакародны алень, муфлон, казуля, каменная куніца, кажан; птушкі — чорнагаловая сойка, дзяцел, чорны грыф, арлы.
На тэрыторыі Крыма знаходзяцца запаведнікі Ялцінскі, Мыс Марцьян, Карадагскі, Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Нікіцкі батанічны сад.
Гісторыя
Пачынаючы з I тысячагоддзя да н. э. Крымскі паўвостраў быў населены плямёнамі таўраў і кімерыйцаў, якіх потым змянілі скіфы. У VI стагоддзі да н. э. на ўзбярэжжы з’явіліся першыя калоніі грэкаў. На працягу I тысячагоддзя н. э. розныя часткі паўвострава траплялі пад уплыў Рыма, Скіфскай дзяржавы, германскіх плямёнаў, Візантыі, Хазарскага каганата.
У 988 годзе кіеўскі князь Уладзімір захапіў Херсанес. У Х-ХІ стагоддзях Крым быў заваяваны печанегамі, затым палаўцамі. У XII стагоддзі тут з’явіліся венецыянцы, якіх неўзабаве выціснулі генуэзцы.
У 1239 годзе стэпавы Крым быў заваяваны манголамі і ўключаны ў склад Залатой Арды. У 1441 годзе на паўвостраве ўтварылася незалежнае Крымскае ханства. У 1475 годзе Асманская імперыя заваявала генуэзскія ўладанні, а само ханства стала яе пратэктаратам.
У выніку Руска-турэцкай вайны 1768–1774 гадоў ханства перайшло пад пратэктарат Расійскай імперыі. У 1783 годзе Крым быў далучаны да Расіі, у тым жа годзе закладзены Севастопаль і заснаваны Чарнаморскі флот. Новыя землі сталі часткай Таўрычнай вобласці, а затым — губерні. Сталіцай губерні стаў горад Сімферопаль.
Паўвостраў быў асноўнай арэнай баёў падчас Крымскай вайны 1853—1856 гадоў. У лістападзе 1905 года адбылося Севастопальскае паўстанне на чале з лейтэнантам Шмідтам.
У 1917—1920 гадах падчас грамадзянскай вайны ў Крыме некалькі разоў змяняліся розныя ўрады. У 1918 годзе паўвостраў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 1921 годзе ён увайшоў у склад РСФСР як аўтаномная рэспубліка. Адным з наступстваў грамадзянскай вайны стаў голад 1921—1923 гадоў, у якім загінула да 100 тысяч чалавек, пераважна з ліку крымскіх татараў.
У 1941—1944 гадах Крым быў акупаваны Трэцім рэйхам. Знакамітай была абарона Севастопаля, якая доўжылася 250 дзён.
Паўднёвы бераг Крыма стаў месцам правядзення канферэнцыі лідараў трох дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі, якая атрымала назву Ялцінскай. Сустрэча Сталіна, Чэрчыля і Рузвельта фактычна ўстанавіла пасляваенны сусветны парадак.
У 1944 годзе ўлады СССР правялі дэпартацыю больш за 183 тысяч крымскіх татараў.
У 1946—1954 гадах Крым уваходзіў у склад РСФСР як Крымская вобласць. 19 лютага 1954 года ўказам прэзідыума Вярхоўнага савета СССР вобласць была перададзена Украінскай ССР.
У час перабудовы пачалося масавае вяртанне крымскататарскага народа на паўвостраў з месцаў дэпартацыі.
12 лютага 1991 года па выніках рэферэндуму вобласць была ператворана ў Крымскую АССР у складзе УССР. Прынятая ў 1992 годзе канстытуцыя дазваляла Крыму мець шырокую аўтаномію і пасаду прэзідэнта. У 1994 годзе прэзідэнтам стаў Юрый Мешкаў, які прапаноўваў перадаць Крым пад юрысдыкцыю РФ. У 1995 годзе Вярхоўная рада Украіны скасавала пасаду прэзідэнта Крыма і яго канстытуцыю. Сам Мешкаў быў выдворены на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.
У 1997 годзе Масква і Кіеў дамовіліся аб падзеле Чарнаморскага флоту і яго базіраванні ў Севастопалі да 2017 года. У 2010 годзе дагавор быў падоўжаны яшчэ на 25 гадоў.
Насельніцтва Галоўныя гарады: Сімферопаль, Севастопаль, Керч, Еўпаторыя і інш. У Крыме (уключаючы Севастопаль) станам на 2024 год колькасць насельніцтва склала 2 470 873 чалавек. Паводле звестак перапісу насельніцтва 2014 года, асноўнымі этнічнымі групамі ў Крыме былі рускія (65 %), украінцы (15 %) і крымскія татары (10 %). Агульная колькасць беларусаў, якія пражываюць на паўвостраве, перавышае 21 тысячу чалавек, што складае прыблізна 0,9 % ад агульнай колькасці жыхароў Крыма. З 1991 года дзейнічае арганізацыя «Беларусы Крыма».
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Белорусы в Крыму. История, культура и традиции народов Крыма. – Симферополь, 2006.
Катэгорыя:Паўвостравы Украіны Катэгорыя:Спрэчныя тэрыторыі ў Еўропе