Гістарычнае таварыства «Тадэвуш Рэйтан» — грамадскае аб'яднанне, добраахвотная грамадская арганізацыя, мэтай якой было вывучэнне гісторыі Ляхавіцкага раёна і Рэспублікі Беларусь агулам.
Таварыства мае статус мясцовага грамадскага аб’яднання, якое дзейнічае на тэрыторыі г. Ляхавічы і Ляхавіцкага раёна ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб грамадскіх аб’яднаннях», іншымі палажэннямі дзеючага заканадаўства і Статутам Гістарычнага таварыства.
З ініцыятывай аб неабходнасці стварэнні Гістарычнага таварыства «Тадэвуш Рэйтан» у Ляхавічах у 1997 годзе выступілі прафесары Адам Мальдзіс, Анджэй Кемпфі, Марцэлі Косман, кандыдат гістарычных навук Віталь Скалабан, ляхавіцкі краязнаўца Міхась Турыянскі і шэраг грамадзян Баранавіч, Ляхавіч і Ляхавіцкага раёна.
26 ліпеня 1997 года ўпраўленнем юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама было зарэгістравана за № 99 грамадскае аб’яднанне «Гістарычнае таварыства „Тадэвуш Рэйтан“». 21 студзеня 1998 года гістарычнае таварыства прайшло рэгістрацыю за № 04 у Ляхавіцкім райвыканкаме. Спыніла дзейнасць і ліквідавана ў 2018 годзе.
Таварыства дзейнічала на аснове свабоднага волевыяўлення і раўнапраўя членаў, самакіравання і галоснасці. Члену таварыства выдаваўся членскі білет.
Таварыства было юрыдычнай асобай, мела пячатку са сваім найменнем, разліковыя рахункі ў банкаў, у тым ліку ў валюце.
Гісторыка-археалагічныя доследы таварыства ажыццяўляе па заказах і фінансаванні музеяў, навуковых устаноў і прыватных асоб пры наяўнасці дазволу мясцовых улад, Нацыянальнай Акадэміі навук, згодна з дзеючым заканадаўствам.
Вышэйшы кіруючы орган — сход, які склікаўся раз на год. Пастаянным распарадчым органам быў савет, які складаўся з трох членаў таварыства. Рэвізійная камісія кантралявала дзейнасць савета.
Асноўныя мэтыСтатут Грамадскага аб’яднання «Гістарычнае таварыства „Тадэвуш Рэйтан“», артыкул 1.3. Фарміраванне гістарычнай самасвядомасці жыхароў раёна як грамадзян Беларусі. Прапаганда гістарычных ведаў. Заняцце краязнаўствам. Абарона гістарычнай спадчыны, пошук, вывучэнне і ахова помнікаў гісторыі і культуры. Адраджэнне і развіццё нацыянальнай культуры. Стварэнне ў горадзе краязнаўчага музея для азнаямлення грамадзян з археалагічнай спадчынай, прыватнымі нумізматычнымі і гісторыка-краязнаўчымі зборамі. Стварэнне гістарычнага кансультацыйнага цэнтра.
Старшыні
1997—2018 гады — Міхась Турыянскі
Ганаровыя члены Гістарычнага таварыства Адам Мальдзіс Анджэй Кемпфі Міхаіл Кулік Вітаўт Кіпель Ежы Бараноўскі Яўген Папроцкі Эльжбета Святаполк-Чацвярцінская Аляксандр Грыц Аляксандр Гейштар Марсіа Лорд Васіль Сокал Віталь Скалабан Раіса Жук-Грышкевіч Марцэлі Косман Аляксандр Мацкевіч Анджэй Цеханавецкі
Аб арганізацыі Саветам таварыства ў 1997 годзе быў распрацаваны план мерапрыемстваў развіцця таварыства на 1997—2000 гады, які ўключаў тры асноўныя кірункі: Збор памятак па Тадэвушу Рэйтану з мэтай заснавання архіва і вывучэнне яго эпісталярнай спадчыны. Аглядная канцэпцыя праекта «Мураванка», якая прадугледжвала працу па захоўванню будынка XVII ст. (Бюргерскі домік) — месца апошніх гадоў жыцця Тадэвуша Рэйтана. Сацыяльная апека над старымі і нямоглымі гісторыкамі. Гэтыя кірункі дзейнасці справакавалі інтарэс грамадскасці да заснавання і правядзення фэстаў у Грушаўцы (1997—1998).
Літаратура Турыянскі М. Створана таварыства ў гонар Рэйтана // Кантакты і дыялогі. 1997. № 9-10. С. 59. Сіцька З. Грушаўка // Дыялог. 1998. № 2. С. 16-18. Мухарэўская І. «Тадэвуш Рэйтан»: учора, сёньня, заўтра // INTEХ-PRESS. 2000. № 25. С. 6. Панамароў А. Историческое общество «Тадеуш Рейтан» (г. Ляховичи) приглашает… // INTEХ-PRESS. 1998. № 21 (178). С. 2. Лапіч А. На ФЭСТ у Грушаўку // Ляхавіцкі Веснік. 1998. № 64 (10379). С. 3. Казлоў Л. Рэйтан вяртаецца // Падарожнік. 1997. № 11. С. 9.
Катэгорыя:Грамадскія арганізацыі Беларусі