Чарно́ва — возера ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Обаль.
Плошча паверхні возера складае 3,2 км², даўжыня 5,7 км, найбольшая шырыня 0,92 км. Найбольшая глыбіня 19,3 м, сярэдняя — 7,2 м.Катлавіна Чарнова лагчыннага тыпу, выцягнутая ў напрамку з захаду на ўсход. Схілы катлавіны маюць вышыню да 12—16 метраў, параслі лесам і хмызняком. Берагавая лінія звілістая і ўтварае некалькі заліваў. Берагі пясчаныя. Падводная частка катлавіны карытападобнай формы з глыбокімі ўпадзінамі і мелямі. Літаральная зона вузкая, схілы сублітаралі стромкія. Каля берагоў і на мелкаводдзі дно пакрыта пяском і апясчаненым глеем, на глыбіні гліністым глеем. На возеры 5 астравоў агульнай плошчай 0,6 га.
Возера мезатрофнае, слабапраточнае. У Чарнова ўпадаюць 5 ручаёў і выцякае рака Чарнаўка, злучаючая яго з возерам Малое Чарнова. Празрыстасць вады да 3,5 м. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці ад 10 да 150 метраў. Сярод раслін адзначаны гарлачык белы — від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
У возеры водзяцца шчупак, лешч, судак, акунь, лінь, плотка і іншыя віды рыб.
Каля возера знаходзяцца вёскі Карсакі, Ракава, Радчанкі, Лыска, Вясніна і інш., паляўніча-рыбалоўная база Першамайскай паляўнічай гаспадаркі Гарадоцкага прафесійнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці.
У 1974 годзе возера даследавана лабараторыяй азёразнаўства БДУ.
Літаратура
Ліст карты N-35-24. Выданне 1980 года. Адпавядае стану мясцовасці на 1979 год.
Спасылкі Общая характеристика озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Мартыненко В. П., Дорофеев А. М., Бейнар П. Г., Здесев И. А. Высшая водная растительность озера Черново и её изменения за 40 лет // Вестник ВГУ — № 1(55), 2010.
Катэгорыя:Азёры Гарадоцкага раёна Катэгорыя:Басейн Обалі