Браніслаў Уладзіслававіч Камінскі () — ваенны дзеяч у Другую сусветную вайну, обер-бургамістр Лакоцкага акруговага аамакіравання (аўтаномнай тэрыторыі ў тыле германскіх войскаў), стваральнік і кіраўнік РВНА, брыгадэфюрер СС і генерал-маёр войскаў СС (1 жніўня 1944).
Біяграфія
Даваенны перыяд Нарадзіўся ў Віцебскай губерні ў польска-нямецкай сям’і (бацька паляк, маці немка). У 1917 г. паступіў у Петраградскі політэхнічны інстытут імператара Пятра Вялікага, але неўзабаве ўступіў добраахвотнікам у РККА. Член ВКП (б). Пасля Грамадзянскай вайны вярнуўся ў інстытут, затым працаваў на хімічным заводзе «Рэспубліка».
У 1935 годзе за крытыку калектывізацыі выключаны з ВКП (б), у 1937 г. быў арыштаваны і асуджаны нібыта за прыналежнасць да чаянаўскай контррэвалюцыйнай групы. Адбываў тэрмін тэхнолагам па спіртвытворчасці ў «шарашцы» у Шадрынску. У пачатку 1941 года быў вызвалены і адпраўлены на пасяленне ў пас. Локаць Брасаўскага раёна Арлоўскай вобласці.
Другая сусветная вайна Пасля гібелі К. П. Васкабойніка ў баі з партызанамі (8 студзеня 1942) стаў на чале атрада т. зв. народнай міліцыі ў пас. Локаць. Разгарнуў актыўную дзейнасць супраць партызан. Пасля рэарганізацыі гітлераўцамі аўтаномнага раёна ў павет, потым у акругу з насельніцтвам каля 600 тыс. чалавек, Б. У. Камінскі ў выніку прымусовых мабілізацый скамплектаваў брыгаду колькасцю да 12 тыс. байцоў і назваў яе Руская вызваленчая народная армія (РВНА).
Падраздзяленні РВНА з пераменным поспехам ваявалі супраць партызан, неслі ахоўную службу. У 1943 г. яна была прыцягнута камандаваннем вермахта да баявых дзеянняў на фронце на захад ад г. Курск і пацярпела шэраг цяжкіх паражэнняў ад Чырвонай арміі.
У жніўні 1943 г. пасля ўзгаднення з нямецкім камандаваннем Б. У. Камінскі пачаў эвакуацыю РВНА і цывільнага насельніцтва акругі, пераважна сем’яў байцоў і камандзіраў брыгады (эвакуіравана каля 30 тыс. чалавек), у раён г. Лепель. Партызаны і мясцовыя жыхары называлі брыгаду Б. У. Камінскага «арлоўскімі паліцэйскімі». У выніку масавага дэзерцірства і пераходу яе байцоў на бок савецкіх партызан, колькасць РВНА скарацілася больш чым на 2/3.
Брыгада Б. У. Камінскага, папоўненая кантынгентам з мясцовых паліцэйскіх, атрымала задачу абараняць тылавыя камунікацыі 3‑й танкавай арміі вермахта, па якіх наносілі ўдары партызанскія брыгады Полацка-Лепельскай зоны.
Б. У. Камінскі не змог авалодаць сітуацыяй у Лепельскай акрузе, і ў 1944 г. РВНА разам з цывільнымі бежанцамі была пераведзена ў г. Дзятлава. Тым не менш у красавіку — маі 1944 г. палкі брыгады ўдзельнічалі ў карных аперацыях супраць партызанскіх фарміраванняў і мірнага насельніцтва Полацка-Лепельскай партызанскай зоны.
У час Беларускай аперацыі 1944 г., у выніку якой Чырвоная армія вызваліла Беларусь, фарміраванне Б. У. Камінскага разам з нямецкімі войскамі адступіла на тэрыторыю Польшчы. Паводле загада рэйхсфюрара СС Г. Гімлера, ад 1 жніўня 1944 г., Б. У. Камінскі атрымаў чын брыгадэфюрара СС, а на базе яго брыгады стваралася 29‑я грэнадзёрская дывізія СС. У жніўні 1944 г. зводны полк дывізіі пад камандаваннем оберштурмбанфюрара СС І. Д. Фралова і пры асабістым удзеле самога Б. У. Камінскага ўдзельнічаў ў задушэнні Варшаўскага паўстання, дзе панёс вялікія страты і вызначыўся масавымі забойствамі, згвалтаваннямі, рабаўніцтвам мясцовых жыхароў, у т. л. немцаў па нацыянальнасці.
У канцы жніўня 1944 г. Б. Камінскі быў асуджаны ваенна-палявым судом СС і расстраляны, паводле пашыранай версіі, за марадзёрства.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Рускія калабарацыяністы ў Другой сусветнай вайне Катэгорыя:Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі Катэгорыя:Камандзіры дывізій СС Катэгорыя:Нацысцкія злачынцы Катэгорыя:Расстраляныя Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай