Бабруйская крэпасць — комплекс абарончых збудаванняў у Бабруйску першай паловы XIX стагоддзя.
Гісторыя
Пачатак будаўніцтва Будаўніцтва крэпасці ў Бабруйску пачалося ў чэрвені 1810 года, хоць у некаторых даследаваннях сустракаюцца звесткі аб тым, што крэпасць пачалі будаваць яшчэ па загаду расійскай імператрыцы Кацярыны IIНенадавец, А. М. Крэпасць на Бярэзіне. — Мн., 1993. — С. 5. Нягледзячы на праекты ваенных інжынераў па ўмацаванню заходніх граніц Расійскай імперыі, ні адзін з іх не быў увасоблены ў жыццё пры Кацярыне II (дарэчы, Бабруйск, у якасці горада, дзе прапаноўвалася пабудаваць крэпасць, не згадваўся ні ў адным з праектаў)Пивоварчик, С. А. Белорусские земли в системе фортификационного строительства Российской империи и СССР (1772—1941). — Гродно, 2006. — С. 28 — 31.
Пасля прызначэння на пасаду інспектара Інжынернага корпуса генерал-маёра Карла Іванавіча Опермана намаганні расійскіх ваенных інжынераў былі засяроджаны на ўмацаванні заходняй мяжы імперыі. У пачатку сакавіка 1810 года Ваеннае міністэрства камандзіравала інжынераў для выбару ў заходніх губернях месцаў, найбольш зручных для размяшчэння ўмацаванняў. Было рэкамендавана звярнуць увагу на Будзілаў, Рагачоў, Быхаў, Полацк як на месцы магчымага размяшчэння крэпасцей. Сярод гэтых інжынераў быў і капітан Тэадор Нарбут, які прапанаваў пабудаваць адну з новых крэпасцей у БабруйскуШумахер, Л. И. Бобруйская крепость. Исторический очерк крепости и города. — М., 1963. — С. 18. на месцы старажытнага горада ў сутоцы рэк Бярэзіна і Бабруйка.
У пабудове ўдзельнічалі 50 батальёнаў салдат і шмат вольнанаёмных, а таксама прыгонныя сяляне Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губерняў. Крэпасць была пастаўлена на месцы старажытнага замка.
На першым этапе ў 1810—1812 гадах паводле праекта інжынера К. Опермана (кіраўнік работ генерал Я.П. Фелькерзам, са студзеня 1811 года — палкоўнік С.С. Фёдараў) былі ўзведзены 5 асноўных бастыёнаў, валы і равы, будынкі казармаў, шпіталя, складоў, брамы, а кляштар езуітаў, які меўся тут, перабудаваны ў арсенал. Уваход у крэпасць быў праз Мінскую, Слуцкую і Вадзяную брамы.
Вайна 1812 года У 1812 годзе крэпасць была ўзброеная больш за 300 гарматамі, сцены казармаў мелі таўшчыню 7—8 цаглін, асобных бастыёнаў — 8—10 цаглін і былі непрабівальнымі для тагачаснай артылерыі. Крэпасць была абкружана высокім земляным валам і водным каналам.
У пачатку французска-расійскай вайны летам 1812 года камандзір II расійскай арміі генерал Пётр Баграціён прызначыў мінскага часовага ваеннага губернатара Гаўрыіла Ігнацьева на пасаду бабруйскага ваеннага губернатара, улада якога распаўсюджвалася на Бабруйск і акругу. Пасля жорсткіх баёў з французскімі войскамі Баграціён даў за сценамі крэпасці адпачынак салдатам, назапасіў харчоў, боепрыпасаў, пакінуў тут раненых. Крэпасць вытрымала працяглую французскую аблогу ў час вайны.
Пасля 1812 года Другі этап будаўніцтва (1812—1836) характарызаваўся шырокім размахам: была павялічана тэрыторыя крэпасці, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў (да 1820 года), вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм» (1822). Паводле плана 1818 года архітэктара А. Штаўберта планіроўку Бабруйскай крэпасці вызначала сетка ўзаемна перпендыкулярных вуліц, забудаваных мураванымі 2—3-павярховымі дамамі. На перакрыжаванні дзвюх галоўных вуліц знаходзілася парадная Саборная плошча з домам каменданта (1818), будынкамі шпіталя (1822) і штаба (1824), саборам Аляксандра Неўскага (архітэктар А. Штаўберт, размалёўка інтэр’ераў П. Урандзіна). У заходняй частцы крэпасці размяшчаліся казармы, ва ўсходняй — склады, артылерыйскі і інжынерны паркі. У аздабленні будынкаў крэпасці выкарыстаны элементы архітэктуры класіцызму — рызаліты, рустоўка, абрамленні аконных праёмаў. У 1830-я гады на вонкавым рове ўзвездены капаніры для флангавага артылерыйскага і ружэйнага агню.
У крэпасці распрацаваны Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823 года, які прадугледжваў арышт цара і яго світы ў час агляду войскаў у крэпасці. У лютым 1826 года прапаршчык С.І. Трусаў спрабаваў узняць паўстанне раскватараванага тут Палтаўскага палка. Пасля задушэння дзекабрысцкага руху крэпасць ператворана ў катаржную турму, дзе знявольвалі рэвалюцыянераў. Яе вязнямі былі дзекабрысты, петрашэўцы. Салдат крэпасці спрабавалі агітаваць члены Братэрскага саюза літоўскай моладзі. Пасля паражэння паўстання 1863—1864 гадоў тут было зняволена каля 2 тысяч яго ўдзельнікаў.
У рэвалюцыю 1905—1907 гадоў у крэпасці размяшчаўся дысцыплінарны батальён у колькасці 900 салдат, у тым ліку 300 матросаў Балтыйскага флоту, якія адбывалі пакаранне за рэвалюцыйную дзейнасць. У знак пратэсту супраць суровага рэжыму ўтрымання тут адбыліся бабруйскія выступленні салдат 1905 года і 1907 года.
На пачатку 1918 года крэпасць была занята І Польскім Корпусам пад кіраўніцтвам генерала Юзафа Доўбара-Мусніцкага. Да мая 1918 года яна з’яўлялася галоўнай сядзібай Корпуса і сталіцай тэрыторыі пад польскай адміністрацыяй, у склад якой уваходзіў горад Бабруйск і яго наваколлі. У маі немцы вымусілі дэмабілізацыю польскіх войскаў і занялі крэпасць.
У крэпасці знаходзіліся польскі лагер для ваеннапалонных чырвонаармейцаў (1919—1920), нямецкі лагер смерці ў час Другой сусветнай вайны (забітыя і замораныя голадам каля 40 тыс. савецкіх вайскоўцаў і каля 40 тыс. цывільных людзей з наваколля). У чэрвені 1944 года савецкія войскі акружылі і знішчылі тут варожы гарнізон.
Крыніцы
Літаратура
Скрыпка М. Цытадэль над Бярэзінай // . С.18—19. Піваварчык С. Беларусь у фартыфікацыйным ўмацаванні Расійскай Імперыі. ― Гродна, 2004. Тепляков, С. Оборона Бобруйской крепости в 1812 году Бобруйская крепость // Міністэрства абароны Расійская Федэрацыі
Спасылкі
Катэгорыя:Славутасці Бабруйска Катэгорыя:Крэпасці Беларусі Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Бабруйска Катэгорыя:1812 год у Беларусі Катэгорыя:XIX стагоддзе ў Бабруйску Катэгорыя:Крэпасці Расійскай імперыі