Брава (парт. Brava, Braba «злосны») — востраў у краіне Каба-Вердэ, уваходзіць у паўднёвую групу астравоў Сатавенту. Агульная плошча 67 км². Насельніцтва — 6043 чал. (2010 г.).

Гісторыя Адкрыты ў 1462 г. партугальцамі. Першае паселішча імі было заснавана толькі ў 1573 г. Значную частку насельніцтва складалі чарнаскурыя рабы. У XVII—XVIII стст. астравіцяне моцна пакутавалі з-за рэйдаў піратаў.

З XIX ст. жыхары Брава актыўна наймаліся на кітабойныя судны з ЗША і еўрапейскіх краін. Многія пры гэтым ад’язджалі назаўсёды, асабліва на ўсход ЗША.

Брава — радзіма кабавердыйскага паэта Эўжэнью Таварыса.

Прырода Востраў мае вулканічнае паходжанне, месціцца на агульнай падводнай платформе з суседнім востравам Фогу. З моманту каланізацыі вывяржэнні не зафіксаваны, але землятрусы здараюцца часта. У 1680 г. на востраве ратаваліся ад вывяржэння вулкана жыхары Фогу.

Ландшафт гарысты. Вёскі звычайна будуюцца на вяршынях ўзгор’яў. Найвышэйшы пункт — 976 м.

Для Брава характэрныя сталыя вятры, з-за якіх узнікаюць праблемы з авіяпералётамі. Пабудаваны на востраве аэрапорт практычна не працуе. У 1982 г. астравіцяне моцна пацярпелі ад урагану.

Да поўначы ад Брава месцяцца бязлюдныя выспы Сіма і Грандэ.

Эканоміка Жыхары Брава здаўна займаюцца ірыгацыйным земляробствам, а таксама ловам рыбы. Сучасная эканоміка моцна залежыць ад знешняй дапамогі. У апошнія гады павольна развіваецца турызм.

Насельніцтва Брава — самы маланаселены востраў Каба-Вердэ, што тлумачыцца яго памерамі, а таксама сталай эміграцыяй на іншыя астравы і ў іншыя краіны.

Насельніцтва вострава Брава, (1940—2010 гг.) 1940 1950 1960 1970 1980 1990 2000 2010 8528 7937 8625 7756 6985 6975 6804 6043

Галерэя

Спасылкі Афіцыйная старонка для турыстаў Гісторыя Брава

Катэгорыя:Астравы Каба-Вердэ