Алякса́ндр Казімі́равіч Сержпуто́ўскі (, в. Бялевічы, Слуцкі павет — , Ленінград) — беларускі этнограф, фалькларыст, мовазнавец, публіцыст, музейны супрацоўнік.

Біяграфія

З сялянскай сям’і ляснога вартаўніка. У 1880 годзе скончыў Вызненскае народнае вучылішча, у 1884 годзе Нясвіжскую настаўніцкую семінарыюЭтнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. — Мн., БелЭн, 1989. с.459. Працаваў настаўнікам Лучыцкага народнага вучылішча (Мазырскі павет).

У 1891 годзе дэбютаваў у друку, яго карэспандэнцыя «Голос из души: С. Лучицы Мозырского уезда» была змешчана ў «Мінскіх губернскіх ведамасцях» (26 красавіка).

У 1893 годзе пераехаў у Мінск, працаваў пісарам у аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка, пазней — у Мінскім паштова-тэлеграфным ведамстве. З 1896 года ў Санкт-Пецярбургу, у 1896—1906 гадах працаваў на паштамце. Службу на паштамце сумяшчаў з вучобай у Санкт-Пецярбургскім археалагічным інстытуце (скончыў у 1904) і на вышэйшых юрыдычных курсах.

У 1906 года пачаў работу ў Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу як рэгістратар этнаграфічнага аддзела, працаваў да 1930 года. Паводле даручэння Рускага геаграфічнага таварыства ў 1906 годзе даследаваў сялянскі побыт у Слуцкім і Мазырскім паветах — па левых прытоках Прыпяці. Вынік першых экспедыцый абагуліў у нарысе «Беларусы-палешукі».

У 1918 годзе Аляксандр Сержпутоўскі абраны асістэнтам этнаграфічнага аддзела Рускага музея. Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні ўстаноўчага з’езда Беларускага вольнага эканамічнага таварыства ў 1918 годзе. У 1918 годзе супрацоўнічаў з беларускай петраградскай газетай «Чырвоны шлях», дзе апублікаваў шэраг артыкулаў пра станаўленне беларускай народнасці, пра паходжанне і сутнасць рэлігіі, а таксама серыю публіцыстычных нарысаў у рубрыцы «Малюнкі Беларусі» (пад псеўданімам Наум Смага). З 1918 да 1923 года працаваў настаўнікам Беларускай школы ў Петраградзе. У 1922 годзе прызначаны старшынёй беларускае падкамісіі па складанні карт і вывучэнні нацыянальнага складу насельніцтва пры Расійскай Акадэміі навук, узначальваў аналагічную падкамісію Рускага геаграфічнага таварыства. У 1919—1920 гадах выступаў з лекцыямі аб жыцці і побыце беларускага народа ў рабочым Нядзельнім універсітэце. Па заданні Ленінградскага аддзела народнай асветы ў 1926 годзе ўдзельнічаў у выпрацоўцы плана і праграмы правядзення навукова-даследчых экскурсій у некаторыя вобласці СССР.

Правадзейны член Інстытута беларускай культуры з 1925 года. У верасні 1920 года ўдзельнічаў у этнаграфічнай экспедыцыі ў Пермскую губерню. Удзельнічаў у этнаграфічныя паездках па Беларусі, па Смаленскай і Пскоўскай абласцях (1923—1927). Удзельнік Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 года ў Менску. Прапагандыст беларускай культуры, складальнік вопісаў беларускай калекцыі, адпраўленай на міжнародную выстаўку ў Ліверпулі (1939). Наватар беларускай этнаграфічнай навукі і фалькларыстыкі; адзін з першых сярод фалькларыстаў звярнуў увагу на казачнікаў. Сваёй працай паказаў наяўнасць глыбокага філасофскага мыслення ў беларускай народнай прозе. Шмат прац Сержпутоўскага не збераглося, у тым ліку і яго галоўная праца «Быт беларусаў». Яны, разам з архівам Беларускай Акадэміі навук, былі вывезены ў Германію і прапалі.

У час масавых палітычных рэпрэсій у БССР 3 чэрвеня 1937 года Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю». Паводле Загаду кнігу Сержпутоўскага «Прымхі і забабоны беларускіх паляшукоў» (Менск, 1930) прадугледжвалася «спальваць».

З 1930 года на пенсіі. Пасля смерці жонкі жыў у адзіноце, у цяжкіх умовах.

Асноўныя творы Першая публікацыя — нарыс «Голас з глушы» у «Мінскіх губернскіх ведамасцях» (1891). Этнаграфічны нарыс «Беларусы-палешукі» (1908). Сказки и разсказы бѣлоруссовъ-полѣшуковъ (1911) Рукапісны «Зборнік беларускіх прыказак і прымавак». Зв. 6 тыс. тэкстаў. «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930). «Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы». Работа высока ацэнена Яўхімам Карскім. Збор песень з Горацкага, Чавускага, Мсціслаўскага, Клімавіцкага раёнаў, разам з кампазітарам Я. Прохаравым (1924). Лёс рукапісу невядомы.

Узнагароды Узнагароджаны Малым залатым медалём Аддзела этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства (за «Зборнік беларускіх прыказак і прымавак»).

Памяць Вуліца ў вёсцы Пярэвалакі (Ганцавіцкі раён, Брэсцкая вобласць) названа ў гонар Аляксандра Сержпутоўскага.

На хутары паблізу ад вёсак Пярэвалакі і Чудзін Ганцавіцкага раёна, дзе ў 1864—1885 гадах жыў Аляксандр Сержпутоўскі, у 2003 годзе ўсталявалі памятны знакПамятный знак Сержпутовскому Александру Казимировичу // Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал [Электронны рэсурс] — Дата доступу 16.10.2015.

Крыніцы

Літаратура

Сержпутоўскі Аляксандр //

Касько У. К. Збіральнік народных скарбаў //  — С. 26—29.

Спасылкі

Максимчик А. Н. Экспедиция А. К. Сержпутовского на Кавказ // Этнокультурное развитие Беларуси в XIX — начале ХXI в.: материалы международная науч.-практ. конф. / редкол. : Т. А. Новогродский (отв. ред.) и др. — Мн.: БГУ, 2011. — С. 57-60 А. К. Сержпутовский. Сказки и рассказы белорусов-полешуков

Катэгорыя:Фалькларысты СССР Катэгорыя:Фалькларысты Беларусі Катэгорыя:Этнографы СССР Катэгорыя:Этнографы Беларусі Катэгорыя:Публіцысты СССР Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Мовазнаўцы СССР Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі