Міхаі́л Арка́дзевіч Ке́рзін () — беларускі савецкі скульптар рускага паходжання, педагог.

Біяграфія

Раннія гады Нарадзіўся ў сям’і маскоўскага адваката, Керзіна Аркадзя Міхайлавіча, аматара і прапагандыста расійскай музыкі, разам з жонкай, піяністкай Марыяй Сямёнаўнай, які заснаваў «Гурток аматараў рускай музыкі», так званы «Керзінскі гурток». З 1903 па 1912 вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў у класе Залемана. Дыпломная скульптура пад назвай «Вакханалія» прынесла Керзіну званне мастака і замежнае турнэ з аплатай на 2 гады. Камандзіровачныя складалі 5000 рублёў золатам. Скульптар аб’ехаў Грэцыю, Італію, Францыю, Германію, Англію, удасканальваў сваё майстэрства і вывучаў еўрапейскую культуру.

Быў адным з заснавальнікаў Саюза дзеячаў пластычных мастацтваў (СДПМ) у 1917 годзе ў Петраградзе разам з Багданавым-Бельскім, Макоўскім, Беклемішавым, Рэпіным. Удзельнічаў у вясновых выставах у залах Імператарскай Акадэміі мастацтваў, якія праходзілі ў 1897—1918 гадах у Санкт-Пецярбургу. Уваходзіў у суполку мастакоў «Новы саюз перасоўных выставак», які існаваў у 1908—1930 гадах і ў Саюз скульптараў-мастакоў, створаны ў 1917 годзе ў Петраградзе. У 1918—1923 гадах выкладаў у мастацкай школе ў Веліжы.

На Беларусі З 1923 года па 1932 выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, змяніўшы на пасадзе дырэктара Марка Шагала, які эміграваў у Парыж. Керзін запрасіў з Ленінграда майстроў жывапісу, малюнка, і зладзіў пераэкзаменоўкі ўсіх студэнтаў. Многія былі адлічаныя, бо залічэнне раней праводзілася часцяком не паводле здольнасці, а паводле палітычнай прыналежнасці да бальшавіцкага рэвалюцыйнага руху. Керзін пачаў аднаасобна вырашаць пытанні арганізацыі навучання. Палічыўшы гэта зневажальным, Юдаль Пэн (прарэктар па вучэбнай рабоце), Саламон Юдовін, Яфім Мінін і група студэнтаў 23 верасня 1923 года выступілі з калектыўнай заявай аб выхадзе і пакінулі інстытут.

Вучнямі Керзіна былі вядомыя беларускія скульптары Заір Азгур, Аляксей Глебаў, Андрэй Бембель, Сяргей Селіханаў, Анатоль Анікейчык і іншыя. Заіру Азгуру Керзін асабіста параіў перайсці з аддзялення жывапісу на першы курс скульптуры. Аляксей Глебаў быў любімым вучнем Керзіна, нягледзячы на тое, што не змог скончыць курс да канца. Яго некалькі разоў адлічвалі за тое, што пры паступленні схаваў сваё паходжанне. Яго бацька быў святаром.

З 1932 года ў Менску. Вучні Керзіна ў 1930-х гадах пад яго кіраўніцтвам склалі брыгаду скульптараў, якія працавалі над афармленнем Дома ўрада ў Менску. За часамі нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну Керзін заставаўся ў Мінску, працуючы сувязным ў мінскім падполлі, якое дзейнічала пад прыкрыццём майстэрні скульптара.

Пасля вызвалення Мінска Керзін быў узнагароджаны партызанскім медалём і абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Ленінград У 1949 годзе, праз паклёп сваіх вучняў, быў абвінавачаны ў касмапалітызме і вымушаны з’ехаць на радзіму, у Ленінград, дзе з 1949 года загадваў кафедрай скульптуры ў інстытуце імя Рэпіна. Меў невялікую кватэру на 4-й лініі Васільеўскага вострава, у двары Расійскай Акадэміі мастацтваў, дзе выкладаў да 1980-х гадоў. Член Саюза мастакоў СССР.

Міхаіл Керзін працаваў у розных жанрах скульптуры.

Узнагароды Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР.

Літаратура

Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. Т. 1. А капэла — Габелен / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — 727 с. — 9500 экз. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. Т. 3. Карчма — Найгрыш / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 751 с. — 9500 экз.

Спасылкі Профессор красоты. Штрихи к портрету Михаила Керзина // sb.by 16 красавіка 2002

Катэгорыя:Скульптары СССР Катэгорыя:Скульптары Беларусі Катэгорыя:Выкладчыкі Віцебскага Народнага мастацкага вучылішча Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларускай ССР