Пе́ршы ліст да Карынфя́наў Свято́га Апо́стала Па́ўла, Пе́ршы ліст да Карынця́наў, Пе́ршае пасла́нне да Карынфя́н — адзін з лістоў апостала Паўла, які ўваходзіць у спіс кніг Новага Запавету. У спісе кніг Новага Запавету ліст знаходзіцца пасля ліста да Рымлянаў і перад другім лістом да Карынфянаў.

Адрасат

Ліст накіраваны да хрысціян горада Карынфу. Павел наведаў Карынф падчас сваёй другой місіянерскай вандроўкі, пасля чаго заснаваў там царкву. Апостал даволі працяглы час заставаўся ў Карынфе. Больш за паўтара гады ён прапаведаваў і вучыў у гэтым грэчаскім горадзе. Так атрымалася невыпадкова: у сярэдзіне I ст. Карынф быў вялізным гандлёвым горадам з двума партамі, населеным рознымі народамі, як грэкамі, так і рымлянамі. Дакладна вядомы час, калі Павел прыйшоў у Карынф. Паводле кнігі Дзеянняў апосталаў, гэта здарылася на пачатку кіравання праконсула Галіёна (51 г. н.э.), да якога Паўла прывялі раз’юшаныя яўрэі.

Карынфская суполка амаль цалкам складалася з былых язычнікаў, таму нядзіўна, што апостал сутыкнуўся з праблемамі, якія былі распаўсюджаны сярод язычніцкага свету. Гэтыя праблемы ён яскрава акрэслівае ў сваім лісце: распуста і судовыя цяжбы. Апостал прылагае шмат намаганняў, каб звярнуць карынфян да святога жыцця. Акрамя таго, жыхары Карынфу, як, дарэчы, і ўсе грэкі, былі прыхільнікамі старажытнагрэчаскай філасофіі і рыторыкі, што лічылася сапраўднай праявай розуму. З гэтай прычыны яны з вялікім натхненнем прымалі настаўнікаў-вандроўнікаў, а таксама чакалі ад Паўла звыклых для іх паводзін. Таму апосталу прыходзілася прыкладаць вялікія намаганні, каб пераканаць карынфян ачысціць царкву ад распусных людзей, якія не жадалі мяняць свой вобраз жыцця. Ужо пасля таго, як Павел пакінуў Карынф, ён напісаў вернікам ліст, які не захаваўся да нашых дзён (пра яго існаванне можна даведацца з тэкстаў 1 Кар. 5:9-10) і ў якім апостал паўтарыў свае патрабаванні. Але, на жаль, вернікі Карынфа няверна зразумелі апостала: яны інтэрпрэтавалі словы Паўла як загад адмежавацца ад свету, чаго ён зусім не меў на ўвазе.

Аўтарства Аўтарства ліста ніколі не ставілася пад сумнеў. У самым першым тэксце прыводзяцца імёны аўтараў: гэта апостал Павел і яго супрацоўнік Сасфен. Дакладна не вядомая роля, якую граў Сасфен у напісанні ліста, але сапраўдным аўтарам ліста з’яўляецца Павел, бо з пачатку і да канца ліста выкарыстоўваецца займеннік першай асобы адзіночнага ліку.

Мэты напісання ліста Павел даведаўся ад рабоў багатай жыхаркі Карынфа Хлоі, якіх даслалі ў Эфес па гаспадарчых справах, што ў Карынфскай суполкі з’явіліся сур’ёзныя праблемы. Так, у царкве ўтварыліся розныя групоўкі, паміж якімі перыядычна ўзнікалі спрэчкі і сваркі. Таксама Павел даведаўся пра абуральныя амаральныя паводзіны некаторых членаў суполкі, гэтак жа як і пра судовыя цяжбы сярод хрысціян. Праз непрацяглы час да Паўла прыбылі прадстаўнікі царквы Стэфанас, Фартунат і Ахаік, якія прынеслі ахвяраванні для Іерусалімскай царквы. Акрамя грошай, яны прынеслі шэраг пытанняў, на якія карынфская суполка жадала атрымаць адказ. Таму Павел накіраваў у Карынф свайга блізкага сябра і супрацоўніка Цімафея з лістом-адказам, у якім растлумачвалася пазіцыя апостала па вострых пытаннях у жыцці хрысціян.

Змест ліста

Ліст складаецца з 16 раздзелаў. Гэта столькі ж, як і ў лісце да Рымлянаў, аднак па колькасці разглядаемых тэм ліст значна пераўзыходзіць усе іншыя лісты Паўла.

Пачынаецца ліст з апавядання пра тое, аб чым апостал даведаўся ад дамачадцаў Хлоі. Павел вельмі заклапочаны тым, што ў Карынфе з’явілася шмат кіраўнікоў, якія падзялілі царкву на групы, што стала прычынай разладаў. Таму апостал шмат увагі прысвячае тлумачэнню таго, што ў сваіх духоўных кіраўніках вернікі павінны бачыць служкаў Хрыста і прыклад браць з Хрыста. Потым Павел пераходзіць да адказаў на пытанні карынфян. Вернікаў цікавіць погляд Паўла на шлюб, развод, удоўства і бясшлюбнасць. Таксама ў суполцы з’явіліся аскетычныя вучэнні, у якіх адмаўляліся шлюбныя адносіны. Яшчэ адным спрэчным пытаннем было ўжыванне ў ежу прынесенага ў ахвяру язычніцкім багам мяса. Пыталіся вернікі і пра дары Духа і пра тое, які з дароў Павел лічыць самым важкім. Карынфяне асабліва ганарыліся тым, што яны , гэта, як яны лічылі, рабіла іх асабліва духоўнымі. Былі ў вернікаў праблемы і з разуменнем уваскрэсення мёртвых, якое яны разумелі выключна матэрыяльна. На ўсе гэтыя пытанні адзін за адным апостал дае адказы і тлумачэнні.

Але, нягледзячы на ўсю гаму разглядаемых пытанняў, апостал выяўляе асноўную прычыну духоўных нястач карынфян: у іх мала любові. Гэтым тлумачацца разлады і цяжбы, і ўзнясенне адзін перад адным духоўнымі дарамі, і бязладзіца падчас багаслужэння, і сацыяльная розніца падчас імшы. Дарэчы, у лісце змешчана самае старадаўняе апавяданне пра правядзенне імшы ў першай царкве.

Павел параўноўвае хрысціянскую царкву з чалавечым целам, у якім кожны член суполкі з’яўляецца часткай цела, пры адсутнасці якога цела не можа паўнавартасна жыць і існаваць. І гэтак жа, як у целе ўсе часткі розныя, дык і ў царкве ў кожнага сваё духоўнае служэнне, а таму кожны мае свой непаўторны дар Духа. І як часткі цела ўзяемазвязаны адным кіраўніцтвам, так і ў царкве ўсе вернікі звязаны ўзаемнай любоўю, якая зыходзіць ад галавы царквы — Хрыста. Тэме любові Павел прысвячае цэлы раздзел, які стаў велічным гімнам любові.

Месца і час напісання ліста Ліст напісаны з Эфеса, час напісання — 55 год, у той час апостал меў намер пакінуць правінцыю Азію і накіравацца ў Македонію і Ахею, а адтуль у Іерусалім.

Сціслы план ліста Прывітанне і малітва (1:1-9) Падзяленні ў царкве (1:10-4:21) Маральнасць, шлюбныя адносіны (5:1-7:40) Ужыванне ў ежу мяса язычніцкіх ахвяр (8:1-11:1) Пытанні духоўнага парадку (11:2-14:40) Паўстанне з мёртвых Хрыста і вернікаў (15:1-58) Збор сродкаў для Іерусалімскіх вернікаў (16:1-4) Планы Паўла і завяршэнне ліста (16:5-24)

Пераклады Коринфомъ 1 (Біблія Францыска Скарыны) Першае пасланьне да Карынфянаў у перакладзе Васіля Сёмухі Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы Першае пасланне да Карынцянаў Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Першае пасланьне да Карыньцянаў апостала Паўла ў перакладзе Антонія Бокуна Першы ліст сьв. Паўлы апостала да Карынцян ў перакладзе Яна Станкевіча Першае пасланьне да Карыньцянаў сьв. ап. Паўлы ў перакладзе Лукаша Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча Першы ліст да Карынтыянаў ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага 1 ліст ла карынтыян у перакладзе П. С. Татарыновіча Першы ліст да Карынфянаў Святога Апостала Паўла ў перакладзе А. К. Клышкі 1-ы ліст да Карынцянаў у перакладзе Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Першае Пасланьне Паўлы да карыньцянаў у перакладзе Э. К. Сабілы, С. А. Малахава

Крыніцы

Літаратура Жан Кальвин. Толкование на Первое Послание апостола Павла к Коринфянам. — Мн., 2012. — 342 с. ISBN 1-56773-027-2 Райт Н. Т. Павел. Послания к Коринфянам. Популярный комментарий. — М.: ББИ, 2010. — 448 с. ISBN 978-5-98647-215-7 Джон Ф. Мак-Артур (младший). Толкование книг Нового Завета. 1-е Послание к Коринфянам. Славянское Евангельское Общество, 2005. — 572 с. ISBN 1-56773-027-2

Гл. таксама Гімн любові

Катэгорыя:Кнігі паводле алфавіта Катэгорыя:Апостал Павел Катэгорыя:Кнігі Новага Запавету