Белару́ская Саве́цкая Сацыялісты́чная Рэспу́бліка (скарочана Беларуская ССР, БССР) — фармальна незалежная дзяржава, з 30 снежня 1922 года саюзная рэспубліка СССР.
Першы раз абвешчана як Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі (ССРБ) 1 студзеня 1919 года ў Смаленску пад кантролем бальшавіцкага ўраду Расіі. 19 студзеня са складу рэспублікі былі выключаны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. 31 студзеня выйшла са складу Савецкай Расіі, стала фармальна незалежнай дзяржавай. 27 лютага 1919 года ССРБ перастала існаваць, яе тэрыторыі ўключаны ў новаўтвораную Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел ССР).
Другі раз незалежная Беларуская ССР абвешчана 31 ліпеня 1920 года ў Менску. Тэрыторыя дзяржавы ахоплівала пераважна ўсход Менскай губерні. У снежні 1922 года IV Усебеларусі з’езд саветаў прызнаў своечасовым аб’яднанне савецкіх рэспублік. 30 снежня 1922 года БССР стала адной з 4-х дзяржаў-сузаснавальніц СССР, увайшоўшы ў яе склад. У 1924 і 1926 гадах адбыліся два ўзбуйненні тэрыторый БССР, да дзяржавы з земляў РСФСР былі далучаны этнічныя беларускія тэрыторыі са складу Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў.
У выніку Заходняга паходу Чырвонай Арміі 1939 года да БССР былі далучаны беларускія этнічныя тэрыторыі Заходняй Беларусі, акрамя Віленскага краю. У 1945 годзе тэрыторыя колішняй Беластоцкай вобласці і 3 раёны Брэсцкай вобласці былі перададзены Польшчы.
У 1945 годзе БССР стала адной з дзяржаў-сузаснавальніц ААН.
27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25 жніўня 1991 года прыняты Закон аб наданні статусу канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі, БССР стала незалежнай дзяржавай. 19 верасня 1991 года БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь.
Гісторыя
Утварэнне ССРБ
Паводле рашэння VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б) (30 — 31 снежня 1918 года, Смаленск) БССР стваралася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губерняў, беларускіх паветаў Смаленскай губерні і частак Віленскай (без Вільні), Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў. Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2 студзеня 1919 г. абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні ССРБ. 8 студзеня 1919 года Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі і Цэнтральнае Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркавання з урадам ССРБ і ЦБ КП(б)Б пастанавіў выключыць са складу рэспублікі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні. 22 студзеня 1919 года спецыяльна прысланы ў Мінск эмісар ЦК РКП(б) А. Іофэ аб’явіў рашэнне ЦК РКП(б) адносна трох беларускіх губерняў. 31 студзеня 1919 года ўрад Савецкай Расіі прыняў пастанову «Аб прызнанні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі» — ССРБ фармальна выйшла са складу РСФСР. Пры гэтым усходнебеларускія землі засталіся ў складзе Расіі. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2 — 3 лютага 1919 года, Мінск) адобрыў утварэнне незалежнай БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі 1919 года, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВК БССР), пацвердзіў адрыў ад ССРБ тэрыторый Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў (засталіся ў складзе РСФСР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл. Літбел).
У складаных умовах грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ўрад БССР праводзіў работу па ўмацаванні савецкай улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыялістычных пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканамічным і ваенна-палітычным становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана нямецкімі, потым польскімі інтэрвентамі. Летам 1920 года на вызваленай Чырвонай Арміяй тэрыторыі Беларусі адноўлена савецкая ўлада. 31 ліпеня 1920 года на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, савецкіх і прафсаюзных арганізацый Мінска і Мінскай губерні прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь.
БССР у даваенны час
Захопленая польскімі войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920 заходняя частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. адышла да Польшчы. Тэрыторыя ўзноўленай БССР зменшылася да 6 паветаў Мінскай губерні з насельніцтвам 1544 000 чалавек. II Усебеларускі з’езд Саветаў (13 — 17 снежня 1920 г.) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919 г., дзе абвясціў найвышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК БССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНК БССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажыла глыбокі сацыяльна-эканамічны крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход ад ажыццяўлення ў БССР новай эканамічнай палітыкі (НЭПа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прамысловасцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фінансавай палітыкі. Пераломным у развіцці прамысловасці стаў 1923—1924 гг. гаспадарчы год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—1928 гг. аб’ём прамысловай прадукцыі вырас у 2,3 разу. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і іншае. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пачатак кастрычніка 1925 г. у БССР было 1084 кааператыўныя таварыствы (аб’ядноўвалі 161 000 членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканамічнага патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 гг. значнай часткі беларускіх этнічных тэрыторый (Віцебшчына, Магілёўшчына, Гомельшчына). Але Смаленшчына, паўночная Віцебшчына і паўночныя паветы былой Чарнігаўскай губерні так і не былі вернуты. Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я гг. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-палітычнага і культурнага жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нацыянальна-культурнага адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на беларускую мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся літаратура і мастацтва, навука. У 1920—1922 гг. адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 г. пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і іншае. У ходзе сацыялістычнай індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снежні 1925 г.) на Беларусі за гады даваенных пяцігодак увайшло ў строй больш за 1000 прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку каля 400 буйных. У 140 прадукцыя прамысловасці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 г. у 23 разы.
Тэрыторыя і насельніцтва БССР 1921: 52,4 тыс. км² — 1,5 млн ч.1924: 110,6 тыс. км² — 4,2 млн ч.1926: 126,3 тыс. км² — 4,9 млн ч.1939: 223 тыс. км² — 10,2 млн ч.1991: 207,6 тыс. км² — 10,3 млн ч.
Паводле перапісу 1939 года, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9 %, інтэлігенцыі — 14,5 %. З восені 1929 года галоўным кірункам аграрнай палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, партыйныя і савецкія органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізацыйную і масава-палітычную работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыялістычнай аснове. Да пачатку Другой сусветнай вайны ва ўсходніх абласцях БССР было абагулена 93,4 % сялянскай гаспадарак і 96,2 % пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сацыяльна-эканамічных умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адміністрацыйна-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. VIII Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12 красавіка 1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927 года. У 1930-я гады на сацыяльна-палітычнае і культурнае развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзяржаўных структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам былі палітыяныя рэпрэсіі, якія дасягнулі апагея ў 1937 годзе. Супрацоўнікамі НКУС БССР сфабрыкаваны шэраг спраў так званых «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» («СВБ», «ПАВ», «БНЦ» і іншыя). На надзвычайным XII Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23 лістапада 1936 і 15—19 лютага 1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937 года, найвышэйшым органам дзяржаўнай улады вызначаны Вярхоўны Савет БССР, у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР.
Пасля нападу Германіі на Польшчу (1 верасня 1939 г.) Чырвоная Армія паводле рашэння ўрада СССР 17 верасня 1939 г. перайшла граніцу Польшчы і ўзяла «пад абарону» насельніцтва Заходняй Беларусі. Народны сход 28 — 30 кастрычніка 1939 г., Беласток, прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні савецкай улады і ўз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. 12 лістапада 1939 г. сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі беларускай нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн чалавек.
У Вялікую Айчынную вайну
З пачаткам 22 чэрвеня 1941 года Вялікай Айчыннай вайны часці Чырвонай Арміі аказалі на тэрыторыі БССР упартае супраціўленне праціўніку, але хутка адступілі са ўсёй яе тэрыторыі. На франтах змагаліся больш за 1,3 млн беларусаў і ўраджэнцаў БССР. На захопленай Нацыйскай Германіяй тэрыторыі ва ўмовах акупацыйнага рэжыму разгарнулася партызанская і падпольная барацьба, у ёй бралі 374 000 чалавек у партызанскіх атрадах і брыгадах, і больш за 70 000 чалавек у падполлі. У канцы 1943 года партызаны кантралявалі каля 60 % акупіраванай тэрыторыі БССР. Кіраўніцтва партызанскай барацьбой ажыццяўлялі Цэнтральны і Беларускі штаб партызанскага руху. У чэрвені — ліпені 1944 года ў ходзе Беларускай аперацыі БССР цалкам вызвалена ад нямецкіх войск. Вайна нанесла БССР велізарныя страты — спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9 200 вёсак. Беларусь страціла больш як палову нацыянальнага багацця. Паводле савецка-польскай дамоўленасці са складу БССР да Польшчы перададзены ў верасні 1944 года Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці.
БССР у пасляваенны час
У 1945 г. БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН. У 1946 г. Савет Народных Камісараў БССР пераўтвораны ў Савет Міністраў БССР. Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—1956 гг. былі зацверджаны дзяржаўны герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы беларускага народа, а таксама дапамозе іншых рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання беларускіх прадпрыемстваў з савецкага тылу, шэфскую і іншую дапамогу працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—1945 гг. у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхналагічнага абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс. т. паліва, шмат сельгастэхнікі, будаўнічых матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і іншае. У кароткі тэрмін узведзены аўтамабільны, трактарны, інструментальны заводы ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены «Гомсельмаш», станкабудаўнічыя заводы ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і іншае. Валавая прадукцыя прамысловасці ў 1950 г. перавысіла ўзровень 1940 г. на 15 %.