«Грамада беларускай моладзі ў Горадні» — беларуская маладзёжная арганізацыя ў Гродне. Існавала з мая 1919 да 1921 года.
Ініцыятары стварэння — Тамаш Грыб, Паўліна Мядзёлка, Лукаш Дзекуць-Малей і інш. У кастрычніку 1919 года налічвала 100 сяброў, большасць з іх складалі былыя ўцекачы Першай сусветнай вайны, настаўнікі беларускіх школ. 14 кастрычніка 1919 года на 2-м агульным сходзе ў кіраўніцтва Грамады абраны Паўліна Мядзёлка (старшыня), Курбскі і Амяльянчык (нам. старшыні), К. Салошык (сакратар). Паводле статута мела на мэце гуртаванне моладзі, прапаганду роднай мовы, гісторыі, геаграфіі, фальклору, развіццё спорту і фізічнай культуры. Працавалі секцыі: самаадукацыйная, літаратурная, драматычная, харавая, спартыўная і інш.; драматычны гурток (кіраўніца П. Мядзёлка), хор (кіраўнік У. Шах). Арганізоўваліся лекцыі па беларусазнаўстве, вечарыны, тэатральныя спектаклі, частка грашовых збораў ішла на падтрымку беларускага дзіцячага прытулку і беларускіх школ. Філіялы грамады дзейнічалі ў вёсцы Крынкі (кіраўнік А. Парук) і вёсцы Верцялішкі (В. Сянцевіч). Пры спартыўнай секцыі ў 1920 года існавалі скаўцкая дружына і дзве футбольныя каманды. Грамада супрацоўнічала з Гродзенскай цэнтральнай вучыцельскай радай, мела кантакты з Беларускай цэнтральнай школьнай радай, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам і інш. Цярпела ганенні ад польскіх улад.
Літаратура Карповіч М. Пра беларускі тэатр у Горадні // Наш край. 1929. № 3. Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця: Успаміны. Мн., 1974. Ляхоўскі У. «Грамада беларускай моладзі ў Горадні» // ЭГБ ў 6 т. Т. 3. Мн., 1996.
Катэгорыя:Арганізацыі Заходняй Беларусі Катэгорыя:1919 год у Гродне Катэгорыя:Арганізацыі Гродна Катэгорыя:З’явіліся ў 1919 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1921 годзе