Спаса-Праабражэнская царква — дзеючы праваслаўны храм у горадзе Чашніках Віцебскай вобласці. Помнік архітэктуры класіцызму.

Гісторыя Спаса-Праабражэнская царква пабудавана ў цэнтры горада ў 1843—1845 гг. з цэглы. Спаса-Праабражэнская царква адлюстравана на малюнку Напалеона Орды (1876).

Архітэктура Будынак храма крыжападобны ў плане з прамавугольнымі крыламі трапезнай, бакавых прыдзелаў і апсіды. Завершаны сферычным купалам на светлавым барабане. Над трапезнай знаходзіцца званіца. Галоўны фасад аформлены порцікам з франтонам. З арсенала класічнай архітэктуры выкарыстаны пілястры, паўцыркульныя сандрыкі прамавугольных аконных праёмаў, прафіляваны апяразваючы карніз з плоскім фрызам.

Інтэр’ер У залу храма адкрываецца падкупальная прастора і праз шырокія арачныя прасветы бакавыя скляпеністыя прыдзелы, апсіда і трапезная. Скляпенні аздоблены адноўленай у 1970 г. фрэскавай размалёўкай з выявамі Бога Саваофа на троне і 12 апосталаў, на ветразях выявы евангелістаў, у алтары «Богаяўленне», на сценах — евангельскі цыкл. Абразы 18 — 19 ст.: «Маці Божая Адзігітрыя», «Хрышчэнне», «Феадосій Угліцкі», «Спас Пантакратар».

Літаратура

Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4 РДГА, ф. 799, воп. 33, спр. 1480, арк.16.

Спасылкі Сайт Віцебскай епархіі

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Чашніцкага раёна Катэгорыя:Славутасці Чашнікаў Катэгорыя:1845 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Віцебскай і Аршанскай епархіі