Шры-Ланка з санскр.: Бласлаўлёная зямля (сінг.: ශ්රී ලංකා, тамільск.: இலங்கை) Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка (ДСРШЛ), дзяржава ў Паўднёвай Азіі, месціцца на востраве Шры-Ланка ў Індыйскім акіяне ля паўднёвага ўскрайку паўвострава Індастан.
Шры-Ланка — унітарная рэспубліка змешанага тыпу. Сталіца краіны дэ-факта — горад Каломба, дэ-юрэ (з 1985) — Шры-Джаявардэнепура-Котэ, фактычна паўднёва-заходні прыгарад Каломба. У Котэ размешчаныя парламент, вярхоўны суд і некаторыя міністэрствы, у Каломба знаходзяцца ўрад і рэзідэнцыя прэзідэнта. Шры-Ланка ўваходзіць у Садружнасць нацый, Рух недалучэння, стаіць ля вытокаў Паўднёва-Азіяцкай асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва (СААРК).
Прырода вострава адметная выключнай разнастайнасцю рэльефу, цёплым вільготным мусонным кліматам, багатымі воднымі рэсурсамі, разнастайным раслінным і жывёльным светам, што спрыяе развіццю турызму.
Шры-Ланка мае даўнюю і багатую гісторыю, значная частка якой прайшла ў барацьбе паміж сінгальскімі і тамільскімі дзяржавамі. Стваралася будысцкая культурная спадчына (каноны, летапісы, храмы). Зручныя гавані рабілі востраў важным пунктам Марскога шаўковага шляху. З ХVI стагоддзя пачалося пранікненне на востраў еўрапейцаў: спачатку партугальцаў, потым нідэрландцаў. Пры гэтым цэнтральныя раёны вострава (Канды) захоўвалі самастойнасць. Толькі англічанам у пачатку ХІХ стагоддзя ўдалося падпарадкаваць усю Шры-Ланку. У 1948 краіна атрымала незалежнасць, у 1972 змяніла назву з Цэйлона на Шры-Ланку.
Насельніцтва шматнацыянальнае, хоць пераважаюць дзве этничныя групы: сінгалы і тамілы. Першыя складаюць тры чацвёртых насельніцтва краіны і вызнаюць будызм, другія з большага індуісты, а жывуць на поўначы. Сепаратысцкія імкненні тамілаў прывялі да стварэння ўзброенай паўстанцкай групоўкі — «тыграў Таміл-Ілама» — і сапраўднай грамадзянскай вайны (1983—2009), скончанай дзякуючы паспяховым ваенным дзеянням урадавых сіл. Іншыя народы: абарыгенны народ веды, маўры (ларакала — нашчадкі арабаў і мясцовых мусульман), бюргеры (нашчаткі партугальцаў і нідэрландцаў), ланкійскія цыганы, кафіры (афрыканцы), кітайскія і малайскія мігрантыБеларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. С. 463.. Канстытуцыя дзяржавы замацоўвае за будызмам «вядучае месца» і дае шматлікія прывілеі, хоць і не прызнае дзяржаўнай рэлігіяй.
Па ВУП на душу насельніцтва ў Паўднёвай Азіі Шры-Ланка саступае толькі Мальдывам. І толькі гэтыя дзве дзяржавы ў рэгіёне маюць высокі індэкс чалавечага развіцця.
Этымалогія Паводле «Махавамсы» ў старажытныя часы востраў насіў назву Тамбапані, што ў перакладзе азначае «медна-чырвоныя рукі» або «медна-чырвоная зямля», так яго назваў легендарны кароль Віджая, бо ў яго паплечнікаў рукі былі чырвоныя ад мясцовай глебыNanda Pethiyagoda Wanasundera. Sri LankaJohn M. Senaveratna. The story of the Sinhalese from the most ancient times up to the end of "the Mahavansa" or Great dynasty — Asian Educational Services, 1997. — P. 11.. Хіндуісцкія творы, такія як «Рамаяна», называлі востраў Ланка (у перакладзе проста «востраў»). Старажытным грэкам гэтая зямля была вядома пад назвай Тапрабана (ст.-грэч. Ταπροβανᾶ або Ταπροβανῆ)Abeydeera, Ananda. In Search of Taprobane: the Western discovery and mapping of Ceylon ад Тамбапані. У Сярэднявеччы арабы і персы называлі востраў СарандзібSri Lanka — The Pearl of the Orient. Партугальцы ў 1505 далі яму назву CeilãoRajasingham, K. T. Sri Lanka: The untold story Asia Times., адкуль пайшло шырокавядомае англійскае ЦэйлонZubair, Lareef. Etymologies of Lanka, Serendib, Taprobane and Ceylon. У 1972 краіна змяніла назву на Шры-Ланку (у перакладзе — «блаславёная зямля»), але тапонім «Цэйлон» неафіцыйна ўжываецца і сёння (з чым актыўна змагаюцца ланкійскія ўлады).
Геаграфія
Геаграфічнае становішча Шры-Ланка займае аднайменны востраў, другі па памерах у Індыйскім акіяне. Плошча Шры-Ланкі — 65 тыс. кв. км. Працягласць берагавой лініі — 1585 км. Марская дзвесцемільная эканамічная зона краіны ўсямёра большая за яе тэрыторыю. Прыбярэжныя воды багатыя на прадуктыўныя экасістэмы: каралавыя рыфы, марскія травы эстуарыяў і інш.
Ад паўвострава Індастан Шры-Ланку аддзяляюць Манарскі заліў і Полкскі праліў. На поўначы — паўвостраў Джафна. Так званы Адамаў мост — ланцужок выспаў на водмелі ў Полкскім праліве — калісьці злучаў Шры-Ланку з мацерыком так, што па ім можна было перайсці пешшу, але, па дадзеных летапісаў, быў разбураны землятрусам разам з узнятым ім штормам каля 1481 г. Пралівы паміж выспачкамі «моста» вельмі мелкаводныя і не прыдатныя для навігацыі. Рэльеф
Востраў Шры-Ланка знаходзіцца на Індыйскай літасфернай пліце, што яшчэ нядаўна лічылася часткай Інда-Аўстралійскай пліты. Рэльеф вострава надзвычай разнастайны. Па ўсім перыметры Шры-Ланка аблямавана прыбярэжнымі нізінамі з пляжамі.
Большую частку краіны займаюць узгорыстыя раўніны. Цэнтральна-паўднёвую частку вострава займае складзенае гранітамі і гнейсамі Цэнтральнае плато вышынёй да 2,5 км, вышыні пераважна ў 1000—2000 метраў. Найбольшая вышыня — гара Підуруталагала (2524 м.). Крыху ніжэй за яе вядомы сваёй канічнай формай пік Адама (2243 м).
Клімат Клімат субэкватарыяльны, на поўдні экватарыяльны. Мусоны доўжацца з кастрычніка па сакавік паўночна-ўсходні і з чэрвеня па кастрычнік паўднёва-заходні. Колькасць ападкаў за год павялічваецца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад з 1300—2000 мм. да 2500—3000 мм. Сярэднямесячная тэмпература каля 27 °C, у гарах 23—25 °C, на горным курорце Нувара-Элія (2000 м. над узроўнем мора) сярэднегадавая тэмпература 15 °C.
Прыродныя рэсурсы Карысныя выкапні: каштоўныя і паўкаштоўныя камяні (рубіны, сапфіры, тапазы, турмаліны, аметысты); графіт, вапнякі, фасфарыты; будаўнічыя матэрыялы (граніты, гнейсы, латэрыты); на паўночным і паўднёвым усходзе ўзбярэжжа — чорныя пяскі з рэдкімі і рэдказямельнымі элементамі ( ільменіт, манацыт, цырконій, рутыл, радый). У Манарскім заліве разведаны невялікія запасы нафты, распачатая здабыча.
На востраве сто тры ракі, найдаўжэйшая — Махавелі (330 км), басейн якой займае пятую частку Шры-Ланкі. Рэкі Цэнтральнага плато багатыя на вадаспады: усяго налічваецца пяцьдзясят адзін вадаспад вышэйшы за 10 м. Рэкорд вышыні належыць вадаспаду Бамбараканда (241 м).
Флора і фаўна Раслінны свет — вільготныя экватарыяльныя лясы з разнастайным відавым складам (панданусы, пальмы і інш.). Каля 7000 га займаюць мангравыя лясы. Жывёльны свет вельмі багаты, што ўвогуле не надта характэрна для астравоў: дзікія буйвалы, сланы, леапарды, рысі, гепарды, шакалы, алені замбар, мядзведзь-губач, шмат відаў малпаў, ядавітых змей, яшчарак, у рэках вядуцца кракадзілы. Дванаццаць нацыянальных паркаў (сярод іх Васгамува, Вілпату, Гал-Оя, Кумана, Мадуру-Оя, Уда-Валаве, Яла), тры запаведнікі і пяцьдзясят адна рэзервацыя займаюць 14 % тэрыторыі вострава.
Гісторыя
Дакаланіяльная гісторыя Рэшткам найдаўнейшых знойдзеных археолагамі паселішчаў не меней як 125 000 гадоў.
Найстаражытнейшымі насельнікамі Шры-Ланкі былі продкі ведаў, якія адносіліся да веда-аўстралоіднай расы.
Сінгалы прыбылі на востраў каля VI ст. з паўночнай Індыі на чале з, як лічыцца паводле паданняў, Віджаям. Першай сінгальскай дзяржавай стала Тамбапані. У III—XIII стагоддзях на востраве існавалі буйныя сінгальскія каралеўствы са сталіцамі спачатку ў Анурадхапуры, а пасля ў Паланаруве.
У канцы 1 тысячагоддзя да н. э. з Паўднёвай Індыі на Шры-Ланку пачалі перасяляцца тамілы. Іх поспеху садзейнічала ўзаемная барацьба сінгальскіх уладароў за трон. Узвышэнне тамільскай дынастыі Чола на поўдні Індыі прывяло да паступовага заняпаду Анурадхапуры. У 1017 г. н. э. Чола спустошылі Анурадхапуру і далучылі Шры-Ланку да сваёй імперыі. У 1028—1029 гг. вобласць Рухуна па поўдні Шры-Ланкі вызвалілася з-пад іх улады. Сінгальскі князь Вікрамабаху I захапіў у 1070 г. горад Паланарува і зрабіў яго сваёй сталіцай. Найбольшай магутнасці гаспадары Паланарувы дасягнулі пры Паракрамбаху I Вялікім (1123—1186 гг.), які вёў актыўную знешнюю палітыку. Але яго спадкаемцы не здолелі ўтрымаць адзінства. На поўначы ў XIII ст. ўзнікла дзяржава Ар’ясакарварці з цэнтрам у Джафне. Яе заснавальнік Магха (1215—1236 гг.) быў родам з Калінгі ва Ўсходняй Індыі, аднак знаходзіўся ў падначаленым стане ў адносінах да паўднёваіндыйскай тамільскай дынастыі Пандзі. Іх войны супраць сінгальскіх уладароў прывялі да заняпаду Паланарувы, якая ў 1302 г. канчаткова страціла сваю моц і была закінута жыхарамі. Каланіяльная гісторыя У 1505 г. Шры-Ланку ўпершыню наведалі партугальцы. Да кан. XVI ст. яны здолелі падначаліць Ар’ясакарварці і ўзбярэжныя тэрыторыі, населеныя сінгаламі. Аднак далейшы наступ хрысціян углыб вострава быў спынены аб’яднанымі сіламі сінгальскіх дзяржаў з цэнтрамі ў Канды і Сітаваке (сучасны горад Авісавела). У XVII ст. уладары Канды ў барацьбе з Партугаліяй заручыліся падтрымкай Нідэрландаў. З дапамогай сінгалаў нідэрландцы захапілі ўсходняе і паўднёвае ўзбярэжжы. У 1656 г. Нідэрланды самастойна адабралі ў партугальцаў Каломба, а ў 1658 г. — Джафну. Такім чынам, у іх руках апынулася амаль усё ўзбярэжжа вострава, а разам з ім і кантроль над знешнім гандлем Шры-Ланкі. У 1739 г. да ўлады ў Канды прыйшла дынастыя Наякаў, якія спавядалі будызм, але мелі тамільскае паходжанне. Яны шукалі падтрымкі ў Францыі і Вялікабрытаніі.
У 1785 г. Нідэрланды былі заняты войскамі рэвалюцыйнай Францыі, што дазволіла Брытанскай Ост-Індскай кампаніі акупаваць галандскія ўладанні на востраве. У 1798 г. была створана асобная брытанская цывільная адміністрацыя для кіравання калоніяй з цэнтрам у Каломба; у выніку войн 1803—1805 і 1815 гг. была падначалена дзяржава з цэнтрам у Канды. Новыя ўлады праводзілі даволі складаную палітыку рэфармавання: адмянілі рабства, увялі брытанскую судовую сістэму, пабудавалі сетку дарог і стварылі буйныя камерцыйныя плантацыі. Асабліва паспяховым стаў вопыт вырошчвання ў горнай мясцовасці чаю, які ператварыўся ў галоўную экспартную культуру ў канцы XIX ст. Для працы на плантацыях увозіліся рабочыя-тамілы з Індыі, што спрыяла павелічэнню тамільскай абшчыны. Пры генерал-губернатары існавалі Выканаўчы і Заканадаўчы саветы, але мясцовае насельніцтва ў іх амаль не было прадстаўлена.
У другой палове XIX — пачатку XX стст. з’явіўся сінгальскі нацыяналістычны рух, які арыентаваўся не толькі на этнічныя і дзяржаўныя, але і рэлігійныя каштоўнасці. Тамільскія палітычныя арганізацыі ўзніклі пазней, адрозніваліся радыкалізмам і падтрымлівалі шчыльныя сувязі з Індыяй. Рух за незалежнасць суправаджаўся канфліктамі паміж сінгаламі, таміламі і мусульманамі-маўрамі. Брытанскія ўлады былі вымушаны ісці на саступкі. У пачатку XX стагоддзя яны пашырылі мясцовае самакіраванне, увялі Канстытуцыю і права на усеагульнае галасаванне. 4 лютага 1948 г. быў абвешчаны дамініён — форма самакіравання, якая прадугледжвала захаванне на востраве шырокіх правоў брытанскай манархіі. Канчаткова брытанцы пакінулі Шры-Ланку ў 1957 г. Пасля набыцця незалежнасці Пасляваенны перыяд характарызаваўся канкурэнтнай барацьбой паміж сінгальскімі і тамільскімі палітычнымі арганізацыямі. У 1956 г. большасць галасоў атрымала кааліцыя сінгальскіх нацыяналістычных партый на чале з Саламонам Дыясам Бандаранаіке (1899—1959 гг.). Ён заняў пост прэм’ер-міністра і пачаў праводзіць палітыку, накіраваную на дасягненне самастойнасці ад Вялікабрытаніі і ўшчамленне правоў тамілаў. Дзяржаўнай мовай замест англійскай была абвешчана сінгальская. 22 мая — 27 мая адбыліся пагромы тамілаў з боку сінгальскага насельніцтва. Гэта было першае масавае гвалтоўнае этнічнае сутыкненне пасля XVIII ст. 26 верасня 1959 г. Саламон Дыяс Бандаранаіке быў застрэлены будысцкім манахам. У 1960 г. кабінет міністраў узначаліла яго ўдава Сірымава Дыяс Бандаранаіке (1916—2000 гг.). Яна адрознівалася харызматычнасцю і арыентавалася на падтрымку сацыялістычных партый. У выніку 22 мая 1972 г. была абвешчана Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка.