Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей — музей у Бешанковічах. Заснаваны як музей баявой славы. Адкрыты ў 1979 годзе ў дзень 35 годдзя вызвалення Бешанковіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля быў пераўтвораны ў гісторыка-краязнаўчы музей, які пачаў працаваць у 1987 годзе ў новым двухпавярховым будынку.
Структура і экспазіцыя
Музей мае 8 экспазіцыйных залаў агульнай плошчай 311 м². У музеі налічваецца больш за 5 тыс. экспанатаў асноўнага фонду. Матэрыялы музея расказваюць пра гістарычнае мінулае раёна, Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю ў Прыдзвінні, грамадзянскую вайну, устанаўленне ўлады Саветаў, калектывізацыю, Вялікую Айчынную вайну, аднаўленне народнай гаспадаркі ў раёне ў пасляваенны час і развіццё яе ў гады апошніх пяцігодак. Асноўнае месца ў музеі адведзена раздзелу, прысвечанаму Вялікай Айчыннай вайне. Ён займае 4 залы плошчай 90 м². У гэтым раздзеле 540 экспанатаў, сярод якіх асабістыя рэчы, дакументы землякоў, якія змагаліся на розных франтах вайны і ў партызанах.
У экспазіцыі музея шмат твораў выяўленчага мастацтва. Сярод іх жывапісныя і графічныя карціны з выявамі мясцовых пейзажаў, а таксама гістарычнай і ваеннай тэматыкі, скульптурныя бюсты (аўтар А. Н. Тарасян) генералаў А. П. Белабародава, І. І. Люднікава, І. М. Чысцякова — камандуючых арміямі, якія вызвалялі Прыдзвінне, і Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў раёна: К. А. Абазоўскага, М. А. Высагорца, Л. М. Даватара, П. М. Раманава, І. І. Строчкі, М. М. Ткачэнкі.
6 жніўня 2022 года каля будынка музея адкрыта Алея Герояў Савецкага Саюза, ураджэнцаў Бешанковіцкага раёна, устаноўлены бюсты Герояў Савецкага Саюза — К. А. Абазоўскага, М. А. Высагорца, Л. М. Даватара, І. І. Строчкі, М. М. Ткачэнкі, ў 2024 годзе — бюст Героя Савецкага Саюза П. М. Раманава.
Крыніцы
Літаратура Бешенковичский историко-краеведческий музей // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол. Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2006. — Т. 2. — С. 383. Бешенковичский районный историко-краеведческий музей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн.1. — С. 67—68. Бешанковіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [ у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1 : А-Б. — С. 676—677. Крачкоўскі, А. В. Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей / А. В. Крачкоўскі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1991. — С. 420.
Спасылкі Сайт Бешанковіцкага гісторыка-краязнаўчага музея . Музей гісторыка-краязнаўчы. Бешанковіцкі раён, г. п. Бешанковічы.
Катэгорыя:Музеі Віцебскай вобласці Катэгорыя:Культура Бешанковічаў Катэгорыя:Краязнаўчыя музеі Беларусі Катэгорыя:Гістарычныя музеі Беларусі Катэгорыя:Славутасці Бешанковічаў