Беларусіза́цыя — палітыка, накіраваная на прасоўванне беларускай мовы і культуры, вылучэнне беларусаў на дзяржаўныя пасады, перавод дзяржаўных устаноў на беларускую мову, што праводзілася ў Беларускай ССР у 1920-я гады.
Перадумовы
Беларусы і беларуская мова ў Расійскай імперыі (да 1905)
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя беларускія землі былі далучаны да Расійскай імперыі, у складзе якой яны знаходзіліся да самай ліквідацыі імперыі ў 1917 годзе. У 1897 годзе беларуская мова была роднай для 5,8 мільёнаў жыхароў імперыі. Беларусы складалі больш за 50 % насельніцтва Магілёўскай, Мінскай, Віленскай і Віцебскай губерняў, засялялі большую частку Гродзенскай і асобныя ўезды Ковенскай, Сувалкаўскай і Смаленскай губерняў.
Беларусы пражывалі пераважна ў сельскай мясцовасці, а іх доля ў гарадах складала ў сярэднім 14,5 % і вагалася ад 7,6 % у Віцебскай да 30 % у Магілёўскай губерні. Адной з прычын такога становішча было існаванне мяжы яўрэйскай аселасці, што дазваляла яўрэям сяліцца толькі ў заходніх губернях імперыі. З 1882 года яўрэям забаранялася сяліцца па-за межамі гарадоў і мястэчак, а ў 90-я гады значная колькасць яўрэяў з Масквы і іншых расійскіх гарадоў была выслана ў беларускія гарады, ствараючы там штучную перанаселенасць. Гэтая перанаселенасць стрымлівала міграцыю мясцовых жыхароў з вёсак у горад. Тыя беларусы, што ўсё ж перасяляліся з вёсак, часцей абіралі гарады па-за межамі беларускіх губерній. У 1897 годзе ў Пецярбургу жыло 66,5 тысяч беларусаў, у Маскве — 15,9 тысяч, у Адэсе — 16,9 тысяч, у той час як у Мінску іх было 8,2 тысячы, у Віцебску — 8 тысяч, у Гродне — 5,4 тысячы, у Гомелі — 6,5 тысяч, у Магілёве — 12,9 тысяч. Выкліканая царскай палітыкай слабасць міграцыйных патокаў з беларускіх вёсак у беларускія гарады стрымлівала сацыяльна-эканамічнае, грамадска-палітычнае і культурнае развіццё Беларусі.
У сувязі з дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі, беларуская мова не мела вялікай вагі ў адукацыі, грамадскім і палітычным жыцці губерняў, заселеных беларусамі. Падаўленае паўстанне 1863 года прывяло да радыкалізацыі русіфікацыйных захадаў. Былі ўведзены «Часовыя правілы для народных школ», якія прадугледжвалі выкладанне ўсіх дысцыплін у народных вучылішчах Віленскай навучальнай акругі на рускай мове, акрамя для дзяцей рымска-каталіцкага веравызнання. Гэтыя правілы пазней дапаўняліся 70-90-х гадоў, што яшчэ больш узмацнялі кантроль дзяржавы над адукацыяй. У афіцыйнай прапагандзе беларусы разглядаліся не як асобны народ, а толькі як адгалінаванне «рускага племені».
Кнігадрукаванне на беларускай мове, спыненае ў 1863 годзе ў адказ на паўстанне Каліноўскага, вяртаецца толькі ў 1889 годзе, калі творы Лучыны, Дуніна-Марцінкевіча, а таксама паэма «Тарас на Парнасе» былі надрукаваныя на старонках «Минского листка» і «Календаря Северо-Западного края». Тым не менш, дазвол на публікацыю атрымлівалі нешматлікія творы, таму вядомыя выпадкі друку беларускай мастацкай літаратуры падпольна ў абыход цэнзуры яшчэ да рэвалюцыі 1905 года. Агітацыйныя брашуры, накіраваныя на прасоўванне сацыялістычных ідэй сярод беларусаў, друкаваліся на беларускай мове за мяжой, у такіх гарадах як Жэнева, Тыльзіт і Лондан.
Акрамя прыгнечанага стану беларускай мовы, русіфікацыя праяўлялася і ў саслоўным і прафесійным падзеле беларускіх губерняў. Мясцовыя настаўнікі і чыноўнікі не карысталіся даверам улады, таму ім на замену прысылаліся кадры з этнічна рускіх зямель. У 1897 годзе сярод сялян беларускіх губерняў «велікаросы» (расіяне) складалі толькі 5 %, у той час як сярод духавенства — 61,5 %. Сярод патомных дваран, якія атрымалі сваё дваранства ў спадчыну, палова называлі роднай мовай беларускую, 16 % — рускую. Асабістыя ж дваране, што атрымлівалі дваранства за ўласныя заслугі, на 51,8 % складаліся з расіян.
Нягледзячы на палітыку Расійскай імперыі, у канцы XIX і першыя гады XX стагоддзя фарміравалася беларуская інтэлігенцыя, якая прасоўвала ідэі самастойнасці беларускага этнасу і пачала ствараць новую літаратурную традыцыю для беларускай мовы. Узімку з 1902 на 1903 год з нацыянальна-культурных гурткоў беларускай моладзі Менска, Вільні і Пецярбурга паўстала Беларуская рэвалюцыйная грамада (пазней будзе перайменавана ў Беларускую сацыялістычную грамаду), сярод яе стваральнікаў і кіраўнікоў — Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч, Казімір Кастравіцкі, Алесь Бурбіс, Вацлаў Іваноўскі і Францішак Умястоўскі, амаль усе паходзілі з дробнапамеснай беларускай шляхты. У сваёй праграме БРГ абвяшчала сябе сацыяльна-палітычнай арганізацыяй беларускага працоўнага народа, а ў якасці формы для забеспячэння нацыянальнай свабоды называла незалежную дэмакратычную рэспубліку.
Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў
Рэвалюцыя 1905 года спрыяла ўздыму нацыянальных рухаў сярод народаў Расійскай імперыі, у тым ліку сярод беларусаў. Палітычнае змаганне беларусаў за ўзначальвала Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). У 1905 годзе БСГ выступала за стварэнне федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі ў Расіі з Канстытуцыйным сходам і асобнымі соймамі для кожнага народа. БСГ мела ўласную падпольную друкарню ў Менску, выдала ў беларускім перакладзе .
1 верасня 1906 года БСГ пачынае выдаваць у Вільні штотыднёвую легальную газету «Наша доля» кірыліцай і лацінкай. Першы яе нумар выйшаў 10-тысячным накладам. Неафіцыйнымі рэдактарамі газеты былі браты Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч, Францішак Умястоўскі. Аляксандр Уласаў прыцягнуў да напісання газеты Якуба Коласа. Публікацыі газеты мелі рэвалюцыйна-дэмакратычны характар, таму на першы, трэці і чацвёрты нумары быў накладзены арышт. У сувязі з ціскам улад выхад газеты быў прыпынены рэдакцыяй, але ў лістападзе і снежні 1906 года новым рэдактарам удалося выдаць яшчэ два нумары. Сёмы нумар быў знішчаны паліцыяй яшчэ ў наборы, а ў студзені 1907 года рашэннем Віленскай судовай палаты выданне газеты было забаронена.
10 лістапада 1906 года выходзіць першы нумар легальнай газеты «Наша ніва». Яе выданне было арганізавана кіраўнікамі БСГ пасля іх адыходу ад выдання «Нашай долі». У адрозненне ад папярэдняй газеты, «Наша ніва» не заклікала да рэвалюцыі, а звярталася з патрабаваннямі аб вырашэнні сацыяльна-эканамічных пытанняў да Дзяржаўнай думы. Сярод патрабаванняў — самакіраванне Беларусі з соймам, выбраным , роўным, тайным і простым галасаваннем, увядзенне ўсеагульнай абавязковай бясплатнай адукацыі з забеспячэннем права і магчымасці вучыцца на роднай мове. Газета выкрывала як «ісцінна рускіх», так і «ісцінна польскіх» дзяржаўных шавіністаў, падтрымлівала выбранне «мужыкоў-сацыялістаў» у Думу.
Вядомыя факты распаўсюджання нелегальных выданняў БСГ у Мінску, Вільні, Дзісне, Рэчыцы, паветах Мінскай, Віленскай, Гродзенскай губерняў, Смаленскай губерні. Сувязі Грамады ў Віцебскай і Магілёўскай губернях былі слабымі. Сведчанняў распаўсюджання лістовак БСГ у Магілёўскай губерні няма. Дзейнасць БСГ была накіравана на сялянства, у той час як яе ўплыў на рабочы рух, акрамя Менска і Вільні, быў нязначным праз нізкую колькасць і нацыянальную самасвядомасць беларускіх рабочых. Паводле звестак дэпартамента паліцыі, у перыяд 1905—1907 гадоў БСГ мела 2 тысячы ўдзельнікаў. У выніку разгрому рэвалюцыі, БСГ спыніла нелегальную дзейнасць, а яе кіраўнікі засяродзіліся на выпуску легальнай «Нашай нівы».
У маі 1906 года ў Пецярбургу была заснавана кнігавыдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца». Да канца года лацінкай і кірыліцай былі выдадзены «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» Каганца і «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі. У 1907 годзе — «Дудка беларуская» Багушэвіча і беларускі пераклад «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Так быў пакладзены пачатак сістэматычнаму выданню беларускамоўных кніг і паштовак.
Нашаніўскі перыяд
Пасля рэвалюцыі 1905 года, афіцыйная палітыка Расійскай імперыі працягвала стрымліваць развіццё беларускага нацыянальнага руху і самасвядомасці. Закон 1906 года прадугледжваў навучанне на роднай мове студэнтам усіх народных школ імперыі, але беларусы з украінцамі ўважаліся часткай і мусілі навучацца на расійскай мове. Выпісванне і чытанне «Нашай нівы» было забаронена ўсім настаўнікам Віленскай навучальнай акругі, а таксама ўсім святарам, паштовым, ваенным, паліцэйскім і валасным чынам, вучням сельскагаспадарчых школ. Расійскія і польскія шавіністычныя выданні разгарнулі антыбеларускую прапаганду, якая адмаўляла самастойнасць беларускага этнасу, абвяшчала непатрэбным і немагчымым развіццё беларускай мовы і культуры, крытыкавала «Нашу ніву». Прыхільнікі антыбеларускай палітыкі карысталася канфесійным падзелам беларусаў, на аснове якога праваслаўныя беларусы прылічваліся да «рускіх», а беларусы-каталікі — да «палякаў». Рабіліся спробы стварэння псеўдабеларускіх арганізацый і выдання рускамоўных газет ад імя беларускага народа для прасоўвання манархічных і заходнерусісцкіх ідэй.
Нягледзячы на супраціўленне антыбеларускіх арганізацый і дзяржавы, беларускі рух зрабіў шэраг дасягненняў у міжрэвалюцыйны перыяд. Палітычная і рэвалюцыйная дзейнасць была моцна абмежавана ў выніку трэццячэрвеньскага перавароту і разгрому рэвалюцыі 1905 года, таму дзеячы нацыянальнага руху рабілі ўпор на развіццё культуры і асветы. Адной з галоўных мэт абвяшчалася адраджэнне беларускай мовы, пашырэнне сферы яе ўплыву ў грамадстве. На старонках «Нашай нівы» праводзілася тэарэтычнае абгрунтаванне права беларусаў на захаванне і развіццё ўласнай мовы і культуры, даказвалася шкода яе асіміляцыі іншымі культурамі.
За першыя тры гады існавання «Наша ніва» надрукавала 906 уласных карэспандэнцый з 489 вёсак, мястэчак і гарадоў, 246 вершаў 61 паэта і 91 апавяданне 36 празаікаў. За 1910 год «Наша ніва» апублікавала 666 карэспандэнцый з 321 населенага пункта Беларусі і з 14 пунктаў па-за яе межамі. У газету пісалі мясцовыя жыхары з усіх беларускіх губерняў, перад усім з Віленскай і Мінскай. З 1910 года рэдактарамі газеты выдаваўся «Беларускі каляндар» з тыражамі да 20 тысяч экзэмпляраў. У наступныя гады з’явіліся часопісы «Саха» і «Лучынка», альманах «Маладая Беларусь». Незалежна ад «Нашай нівы» было арганізавана выданне каталіцкай беларускай газеты «Biełarus».
Намаганнямі выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», «Нашай нівы» і іншых выдавецтваў за 1908—1914 гады пабачылі свет 77 беларускіх кніг агульным накладам больш за 226 тысяч асобнікаў. Выдавалася як мастацкая, так і навукова-папулярная літаратура, арыентаваная збольшага на сялянства. У 1910 годзе выйшла «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага. Адначасова прафесійны характар набылі некаторыя віды нацыянальнага мастацтва: драматычны тэатр, музыка, хор і танец. Значную ролю ў гэтым працэсе адыграў «Беларускі музычна-драматычны гурток» у Вільні. Беларускі тэатр складваўся пад кіраўніцтвам Бурбіса і Буйніцкага. Іван Луцкевіч збіраў у Вільні калекцыю, якая пазней пакладзе пачатак Беларускаму музею. У многіх гарадах, мястэчках і вёсках узніклі беларускія бібліятэкі, хары і танцавальныя калектывы. Асобныя святары пачалі ўжываць беларускую мову ў канфесійнай дзейнасці. З’явіліся першыя прыватныя беларускамоўныя школы.
Першая сусветная вайна і рэвалюцыя 1917 года
Пачатак вайны, нямецкая акупацыя
У 1915 годзе па тэрыторыі Беларусі працягнуўся Усходні фронт Першай сусветнай вайны. Пад акупацыяй нямецкага войска апынуліся амаль уся Віленская, Гродзенская і заходняя частка Мінскай губерні. Ваенныя дзеянні на некаторы час паралізавалі дзейнасць многіх беларускіх арганізацый, у прыватнасці ў жніўні 1915 года спыніўся выхад «Нашай нівы». Некаторыя яе былыя кіраўнікі засталіся ў акупаванай немцамі Вільні і ўзначалілі Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны.