Рэфарма́цыя — рэлігійны і грамадскі рух у XV і XVI стагоддзях, які меў мэтай рэформу хрысціянства. Пачаткам Рэфармацыі лічыцца выступленне Марціна Лютэра ў 1517 годзе, а некаторымі — дзейнасць Яна Гуса на сто гадоў раней. Галоўная мэта — гэта вяртанне да першакрыніцы, Бібліі, вяртанне да Боскага погляду на Царкву, на грамадства, на чалавека.

Яе пачаткам прынята лічыць выступленне доктара багаслоўя Вітэнбергскага ўніверсітэта Марціна Лютэра, якое адбылося 31 кастрычніка 1517 года, калі ён прыбіў да дзвярэй вітэнберскай Замкавай царквы свае «95 тэзісаў», у якіх выступаў супраць існуючых злоўжыванняў каталіцкай царквы, у прыватнасці супраць продажу індульгенцый. Канцом Рэфармацыі можна лічыць падпісанне вестфальскіх дагавораў у 1648 годзе, паводле вынікаў якіх рэлігійны фактар перастаў адыгрываць істотную ролю ў еўрапейскай палітыцы.

Асноўнымі прычынамі Рэфармацыі з’яўляліся пераадоленне феадальнай раздробленасці і ўзнікненне цэнтралізаваных дзяржаў, эканамічны крызіс пасля з’яўленне велізарнай колькасці амерыканскага золата, спусташэнне банкаў, незадаволенасць розных слаёў насельніцтва Еўропы маральным раскладаннем каталіцкай царквы, якое суправаджалася эканамічнай і палітычнай манапалізацыяй. Комплекс мер, прадпрынятых каталіцкай царквой і езуітамі для барацьбы з Рэфармацыяй, атрымаў назву Контррэфармацыі.

У выніку рэфармацыі з’явіўся новы кірунак у хрысціянстве — пратэстанцтва, які ў сваю чаргу мае свае адгалінаванні: лютэранства (стваральнік — Марцін Лютэр), англіканства (Генрых VIII), кальвінізм (Жан Кальвін) і іншыя.

Гістарычныя падзеі

Свяшчэнная Рымская імперыя Пачатак

У Германіі, якая на пачатак XVI стагоддзя ўсё яшчэ заставалася палітычна раздробленай дзяржавай, незадаволенасць царквой падзялялі шырокія колы грамадства, з той прычыны, што з сялян збіралася царкоўная дзесяціна і пасмяротныя паборы, прадукцыя рамеснікаў не магла канкурыраваць з прадукцыяй манастыроў, якія не абкладаліся падаткам, царква пашырала свае зямельныя ўладанні ў гарадах, пагражаючы ператварыць мяшчан у пажыццёвых даўжнікоў. Усё гэта, а таксама велізарныя сумы грошай, якія Папскі Прастол вывозіў з Германіі, і маральнае разлажэнне духавенства, паслужыла падставай да выступлення Марціна Лютэра, які 31 кастрычніка 1517 года прыбіў да дзвярэй Вітэнбергскай Замкавай царквы свае «95 тэзісаў». У іх доктар багаслоўя выступаў супраць продажу індульгенцый і ўлады Папы над адпушчэннем грахоў. У сваім вучэнні ён абвяшчаў, што царква і духавенства не з’яўляюцца пасрэднікам паміж чалавекам і Богам. Ён абвясціў, што папская царква не мае паўнамоцтваў даваць людзям праз таінствы «адпушчэнне грахоў» і «выратаванне душы», якое зрабіць можа толькі Бог. Асноўнае палажэнне, выказанае Лютэрам, абвяшчала, што чалавек дасягае «выратавання душы» (або «апраўдання») не праз царкву і яе абрады, а пры дапамозе веры, што даруецца яму непасрэдна Богам. Таксама Лютэр абверг аўтарытэт Святой Традыцыі, гэта значыць, пастаноў царквы і папскіх дэкрэтаў, адводзячы ролю адзінай крыніцы рэлігійнай ісціны толькі Свяшчэннаму Пісанню.

Папства першапачаткова не выказала асаблівай заклапочанасці яго выступленнем. Сутыкненні паміж рознымі манаскімі ордэнамі былі не рэдкасцю, таму дзейнаму Папу здалося, што гэта чарговая «манаская сварка». Аднак Лютэр, заручыўшыся падтрымкай Фрыдрыха III, курфюрста Саксонскага, не саступаў прысланым папскім эмісарам, у той жа час абавязваючыся не распаўсюджваць свае ідэі пры ўмове, што маўчанне будуць захоўваць і яго праціўнікі. Аднак падзеі на Лейпцыгскім дыспуце прымусілі яго перапыніць маўчанне. Выказаўшы падтрымку Яну Гусу і недавер царкоўнаму сабору, які асудзіў дзейнасць чэшскага гуманіста, Лютэр фактычна перарваў адносіны з царквой. Наступным крокам было тое, на што да гэтага практычна ніхто не адважваўся: 10 снежня 1520 года пры вялізнай колькасці народу Лютэр спаліў папскую булу, дзе асуджаліся яго погляды. Пасля такой падзеі ў справу ўмяшаліся свецкія ўлады. Ізноў абраны імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл V выклікаў Лютэра на імперскі сойм у Вормс з мэтай пераканаць яго адмовіцца ад сваіх поглядаў — падобна на тое, як сто гадоў таму аналагічную спробу зрабіў імператар Жыгімонт у дачыненні да Гуса. Лютэру далі два дні, каб ён даў адказ на пытанне аб тым, ці гатовы ён адмовіцца ад сваіх поглядаў, аднак нямецкі святар не саступіў, за што згодна з Вормскім эдыктам быў пастаўлены па-за законам на тэрыторыі Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Другі этап Пасля Вормскага эдыкта пачаліся першыя рэпрэсіі супраць прыхільнікаў Лютэра. Так, папскі легат Джыралама Алеандэр, які і спрыяў прыняццю імператарам гэтага рашэння, пасля сойма накіраваўся ў Нідэрланды, дзе па яго падгаворах былі спалены два манахі, якія сталі першымі пакутнікамі Рэфармацыі.

Фрыдрых Мудры вырашыў не пакідаць свайго прафесара без абароны. Для гэтага Лютэр на шляху з Вормса быў выкрадзены групай людзей курфюрста, прычым сам Фрыдрых не ведаў, дзе знаходзіцца Лютэр, каб не лжэсведчыць, калі імператар Карл V яго спытае пра гэта. Лютэр быў змешчаны ў аддалены замак Вартбург, дзе пра яго знаходжанне ведаў толькі сакратар курфюрста Георг Спалацін. У Вартбургу Лютэр заняўся перакладам спачатку Новага Запавету, а затым і ўсёй Бібліі на нямецкую мову. Разам з гэтым у імперыі выступленне Лютэра на Вормскім рэйхстагу ўзрушыла шырокія народныя масы, якія зыходзячы са сваіх саслоўных інтарэсаў па-рознаму трактавалі вучэнне Лютэра.

У адсутнасць Марціна ў Вітэнбергу разгарнуўся бюргерскі рух, на чале якога сталі Андрэас Карлштат і Габрыель Цвілінг. Удзельнікі гэтага руху патрабавалі неадкладных радыкальных пераўтварэнняў, у прыватнасці, асуджалі каталіцкія імшы, ухвалялі ліквідацыю манаскіх абяцанняў і выхад манахаў з манастыроў, часта пры гэтым выказваючы сваю незадаволенасць у форме пагромаў каталіцкіх храмаў. У процівагу «цялеснаму мяцяжу» Цвілінга і Карлштата Лютэр прапанаваў ідэю «духоўнага бунту», гэта значыць, мірнага шляху Рэфармацыі, але яна не атрымала шырокай падтрымкі сярод насельніцтва.

На працягу гэтага часу ў Лютэра былі важкія падставы спадзявацца на ўвасабленне сваёй ідэі «духоўнага бунту», бо імперскае панаванне насуперак папскай буле 1520 года і Вормскаму эдыкту 1521 года не забараняла рэфарматарскія рухі, пераносячы канчатковае рашэнне на будучы рэйхстаг або царкоўны сабор. Новыя рэйхстагі адкладвалі разгляд справы да склікання царкоўнага сабора, толькі забараняючы Лютэру друкаваць новыя кнігі.

Аднак услед за рухам радыкальнай бюргерскай групоўкі, які суправаджаўся стыхійнымі выступленнямі народных мас, у краіне адбылося выступленне імперскага рыцарства. У 1523 годзе частка рыцараў на чале з Ульрыхам фон Гутэнам і Францам фон Зікінгенам, незадаволеных сваім становішчам у імперыі, падняла паўстанне, абвясціўшы сябе прадаўжальнікамі справы Рэфармацыі, аднак асноўнай мэтай паўстання было павышэнне статуса рыцарства ў краіне.

Сялянская вайна Томаса Мюнцэра

Сялянская вайна стала следствам тлумачэння сялянскімі масамі ідэй Рэфармацыі як закліку да сацыяльных пераўтварэнняў. Шмат у чым гэтым настроям спрыяла вучэнне Томаса Мюнцэра, які ў сваіх казаннях заклікаў да паўстання, сацыяльна-палітычнага перавароту. Аднак няздольнасць сялянскіх мас і бюргерства згуртавацца ў сумеснай барацьбе прывяла да паражэння ў вайне. Пасля заканчэння Сялянскай вайны на рэйхстагу ў Шпаеры ў 1526 годзе дзеянне Вормскага эдыкта па патрабаваннях нямецкіх князёў было прыпынена. Аднак праз тры гады там жа Вормскі эдыкт быў пацверджаны, што выклікала пратэст шасці нямецкіх князёў і некалькіх імперскіх гарадоў. Паводле назвы гэтага дакумента — Шпаерскай пратэстацыі — прыхільнікі Рэфармацыі надалей пачалі называцца пратэстантамі.

У 1527 годзе Лютэр зрабіў візітацыі ў парафіі, якія цяпер лічыліся евангеліцкімі. Вынік быў засмучальным: рэфарматара ўразіла глыбокае невуцтва не толькі вернікаў, але і кіраўнікоў прыходаў. У выніку Лютэр напісаў дзве кнігі — Малы Катэхізіс, прызначаны для вернікаў, і Вялікі Катэхізіс, які прызначаўся для пастараў. У іх Лютэр даў сваё тлумачэнне Дзесяці запаведзям, малітве Ойча наш, Сімвалу веры, выклаў, як адбываюцца хрышчэнне і прычашчэнне і ў чым іх сэнс. У 1529 годзе Філіпам Гесэнскім была зроблена спроба аб’яднаць намаганні прыхільнікаў Лютэра і Цвінглі ў ходзе супольнага дыспуту. Аднак у выніку ўдзельнікі Марбургскага дыспуту не здолелі дагаварыцца па адным-адзіным пункце з шаснаццаці. Гэта пункт датычыўся рэальнай прысутнасці плоці і крыві Хрыста ў еўхарыстыі. У выніку Лютэр адмовіўся прызнаць Цвінглі за адзінаверца.

Аўгсбургскі рэйхстаг

На наступным рэйхстагу ў Аўгсбургу процідзейныя бакі зрабілі спробу дамовіцца. Лютэру было забаронена ўдзельнічаць у імперскім сходзе, у выніку ён накіраваў дэлегатам на сойм свайго друга і аднадумца Філіпа Меланхтана, які прадставіў там дакумент, пасля названы Аўгсбургскім спавяданнем. Прыхільнікі каталіцтва вылучылі свае аргументы супраць тэксту, якія былі агучаны, зрэшты пісьмовы тэкст прыхільнікам Рэфармацыі пададзены не быў. Апошнія, аднак, паспелі запісаць аргументы апанентаў на слых. У якасці адказу Меланхтанам пад кіраўніцтвам Лютэра быў напісаны больш аб’ёмны тэкст — Апалогія Аўгсбургскага вызнання. Гэта былі першыя дакументы, у якіх было больш-менш паслядоўна выкладзена дагматычнае вучэнне новага рэлігійнага руху.

У ходзе рэйхстага веравызнаўчыя тэксты былі складзены і прыхільнікамі Цвінглі, якія атрымалі назву Тэтрапалітанскае вызнанне. Пасля Аўгсбургскага рэйхстага пратэстанцкія князі пачалі фарміраваць абарончы Шмалькальдэнскі саюз, натхняльнікам стварэння якога стаў Філіп Гесэнскі.

Пасля смерці Лютэра Адразу ж пасля смерці Лютэра пратэстантаў Германіі чакала суровае выпрабаванне. Атрымаўшы шэраг перамог над туркамі і французамі, імператар Карл V вырашыў заняцца ўнутранымі справамі. Заключыўшы саюз з Папам і Вільгельмам Баварскім, ён накіраваў свае войскі на землі князёў-удзельнікаў Шмалькальдэнскага саюза. У выніку Шмалькальдэнскай вайны войскі пратэстантаў былі разгромлены, у 1547 годзе войскамі імператара быў захоплены Вітэнберг, які ўжо амаль 30 гадоў з’яўляўся неафіцыйнай сталіцай пратэстанцкага свету, аднак магіла Лютэра, паводле загаду імператара, не была разварушана, а курфюрст Іаган-Фрыдрых Саксонскі і ландграф Філіп апынуліся за кратамі. У выніку на рэйхстагу ў Аўгсбургу 15 мая 1548 года быў абвешчаны інтэрым — пагадненне паміж каталікамі і пратэстантамі, згодна з якім пратэстанты былі вымушаны пайсці на значныя саступкі. Аднак увасобіць план Карлу не ўдалося: пратэстантызм ужо быў добра развіты ў Германіі і з’яўляўся рэлігіяй не толькі князёў і купцоў, але сялян і рудакопаў, у выніку чаго правядзенне інтэрыма сустракала ўпартае супраціўленне.

Тады з ініцыятывы Морыца Саксонскага група ўмераных пратэстанцкіх тэолагаў на чале з Меланхтанам выпрацавала больш прымальны для лютэран тэкст інтэрыма, аднак і ён выклікаў негатыўную рэакцыю з боку зацятых прыхільнікаў Рэфармацыі, якія атрымалі назву гнесіялютэранаў. Канфлікт паміж імі і прыхільнікамі Меланхтана працягваўся амаль 30 гадоў.

Швейцарыя

Сітуацыя, аналагічная нямецкай, склалася і ў Швейцарыі, дзе аўтарытэт каталіцкай царквы ўпаў з-за злоўжыванняў, распусты і невуцтва клірыкаў. Манапольнае становішча царквы ў галіне ідэалогіі тут таксама было падарвана поспехамі свецкай адукацыі і ідэямі гуманізму. Аднак у Швейцарыі да ідэалагічных перадумоў дадаліся яшчэ і палітычныя, мясцовае бюргерства імкнулася ператварыць канфедэрацыю незалежных адзін ад аднаго кантонаў у федэрацыю, правесці секулярызацыю царкоўных зямель, забараніць ваеннае найміцтва, якое адцягвала працоўныя рукі ад вытворчасці.