thumb|200px|Архікафедральны касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі Сёння ў Беларусі каталіцтва з’яўляецца другой па колькасці вернікаў канфесіяй у краіне. У Беларусі Каталіцкая Царква прадстаўлена двума абрадамі: лацінскім (дакладней, рымскім) і візантыйскім. Рымска-Каталіцкі Касцёл прадстаўлены структурна 4 дыяцэзіямі, якія ўтвараюць Мінска-Магілёўскую Мітраполію. Агульная колькасць каталікоў рымскага абраду — каля 1,4 млн асоб, у прыватнасці, Мінска-Магілёўская Архідыяцэзія мае 610 490 вернікаў, Пінская Дыяцэзія — 50 115, Гродзенская Дыяцэзія — 591 000, Віцебская Дыяцэзія — 151 000Рымска-каталіцкі Касцёл у Беларусі: статыстычныя даныя на 1 сакавіка 2009 г.. Каталікі візантыйскага абраду аб'яднаныя ў Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву (БГКЦ), якая мае складаны кананічны статус у межах самой Каталіцкай Царквы (фактычна, не ўрэгуляваны да канца). Колькасць грэка-каталікоў вагаецца, у залежнасці ад метаду падліку, ад 3000 (людзі, якія вызнаюць сябе грэка-каталікамі і з'яўляюцца парафіянамі БГКЦ) да, прыкладна, 30 000 асоб (пры вызначэнні абрадавай прыналежнасці ў адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права Рымска-Каталіцкага Касцёла і Кодэксам Канонаў Усходніх Цэркваў; зрэшты, гэта метадалогія падліку абсалютна не ўлічвае рэлігійную самаідэнтыфікацыю людзей і іх актуальную практыку).

Ранняе Сярэднявечча

Першае пранікненне хрысціянства даследчыкі звязваюць са з’яўленнем варагаў, якія ўсталявалі гандлёвы «шлях з варагаў у грэкі». Верагодна, пад канец ІХ стагоддзя адкрыўся яшчэ адзін шлях для пранікнення хрысціянства на Беларусь — з Вялікае Маравіі. У 992 годзе яно было ўведзена на беларускіх землях у яго ўсходняй форме яшчэ да афіцыйнага падзелу на праваслаўе і каталіцтва. Заходнехрысціянскія ўплывы пранікалі на тэрыторыю Беларусі праз місіянераў, гандлёвыя і эканамічныя стасункі з заходнееўрапейскімі краінамі.

«Крыстнісага» (Сага пра хрышчэнне), падзеі якой адносяцца да часу каля 1000, паведамляе пра падарожжа ў Іерусалім і Канстанцінопаль Торвальда, які абвяшчаў хрысціянства ў Ісландыі. На зваротным шляху Торвальд апынуўся ў Полацкіх землях, дзе неўзабаве памёр і быў пахаваны (пры храме Святога Яна ў Полацку). У іншай скандынаўскай сазе распавядаецца пра тое, што Торвальд заснаваў пры храме манастыр і памёр у ім.

right|thumb|200px|Смерць святога Бруна Кверфурцкага На захадзе Беларусі хрысціянства абвяшчаў Бруна Кверфурцкі, забіты ў 1009 паганцамі «на мяжы Літвы і Русі». Амаль адначасова з гэтым каля 1010—1013 у Тураў прыбыла місія калобжэгскага біскупа Рэйнберна, запрошанага мясцовым князем Святаполкам, жанатым з дачкой польскага караля Баляслава. Дыпламатычную падтрымку ў Папы Рыгора VII шукаў зрынуты ў 1068 вялікі князь кіеўскі і князь тураўскі Ізяслаў Яраславіч, а яго сын Яраполк 17 красавіка 1075 атрымаў з Рыгора VII булу на вялікае княжанне ў Кіеве (падзеі 1075 адлюстраваныя ў мініяцюрах Трырскага псалтыру).

Узаемнае адасабленне Рымскай і Канстанцінопальскай Царквы ў ХІ—ХII стст. істотна не адбілася на беларускіх землях. Гэтак, калі ксёндз Мейнард, які прыбыў з Брэменскай дыяцэзіі, у 1186 папрасіў дазволу на абвяшчэнне хрысціянства сярод ліваў ў полацкага князя Уладзіміра, той не толькі даў дазвол, але і адарыў Мейнарда шматлікімі падарункамі.

Заснаваная напачатку ХIII ст. Рыжская дыяцэзія аказвала моцны ўплыў на рэлігійныя адносіны ў рэгіёне. У 1240—1260-я (ці нават яшчэ раней) у полацкіх уладаннях ужо існавалі дзве дыяцэзіі, падначаленыя мітраполічай з 1255 кафедры ў Рызе: Рускае біскупства ў Полацку і Селонскае — у залежнай ад Полацку Селонскай зямлі.

Вялікае Княства Літоўскае

У 1250-я адбылося першае прызначэнне рымска-каталіцкага біскупа для беларускіх земляў, калі вялікі князь Міндоўг прыняў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду і каралеўскую карону. Разам з ім хрысціліся яго жонка Марта і 600 падданых. Новастворанаму каралеўству надаваўся прывілей на падначаленне біскупства непасрэдна Папе. Межы бікупства адпавядалі дзяржаўным межам Вялікага Княства Літоўскага, біскупамі ж былі прызначаныя Віт і Хрысціян. Пры Міндоўгу былі створаны і іншыя біскупскія кафедры, быў заснаваны шэраг касцёлаў, распачалі дзейнасць законы дамініканцаў і францысканцаў. Але напачатку 1260-х дыяцэзія спыніла сваё існаванне, а біскуп Хрысціян з’ехаў у Германію. Да 1387 ВКЛ не мела тэрытарыяльнай арганізацыі Рымска-каталіцкага касцёла.

У 1320-я нямецкія дамініканцы і францысканцы мелі ў Вільні і Навагрудку па адным кляштары. Каталіцкія манахі былі пры дварах вялікіх князёў Віценя і Гедзіміна. У 1360-я каталіцтва прыняў сын вялікага князя Кейстута Таўцівіл.

Трывала Каталіцкая Царква замацавалася ў ВКЛ за вялікім князем Ягайлам. У 1386, згодна з дамовай з Польшчай, ён хрысціўся паводле каталіцкага абраду і прыняў імя Уладзіслаў, стаўшы такім чынам каралём Польшчы. Апроч таго ў каталіцтва былі ахрышчаны язычнікі, было заснавана 7 парафій (у тым ліку ў Вільні, Абольцах, Гайне, Крэве). У 1387 была заснавана Віленская дыяцэзія, якая ў 1388 была зацверджана Папам. Тэрыторыя біскупства ахоплівала балцкія і большую частку беларускіх земляў, апроч паўднёва-заходніх з Брэстам і Пінскам, што ўваходзілі ў склад Уладзімірскай дыяцэзіі з цэнтрам ва Уладзіміры-Валынскім. У 1-й чвэрці XV стагоддзе Віленскае і Жамойцкае біскупствы (утворанае ў 1417) былі падпарадкаваны гнезненскаму архібіскупу ў Польшчы, а Уладзімірскае біскупства ў 1425 аб’ядналася з Луцкім. з 1613 на ўсходніх землях існавала Смаленскае біскупства (кананічна ў 1636—1798). Да 1430 узнікла яшчэ 20 парафій, у 1772 у Віленскай дыяцэзіі іх было 429, філіяльных касцёлаў і публічных капліцаў — 192. Галоўным патронам Віленскага біскупства быў абвешчаны святы княжыч Казімір.

Пад канец XV—XVI Каталіцкая Царква на тэрыторыі Беларусі перажывала крызіс і часткова страціла свае пазіцыі ў перыяд Рэфармацыі. Для пераадолення крызісу была праведзена царкоўная рэформа, што зарадзілася ў манаскім асяроддзі, была падтрыманая Ватыканам і санкцыянаваная Трыдэнцкім саборам. Галоўная ўвага аддавалася павышэнню адукацыі святарства і дысцыпліны. У парафіях з ксяндзоў патрабавалася весці метрычныя кнігі, здзяйсняць пілігрымкі, ствараць каталіцкія брацтвы, шпіталі, пачатковыя школы, бібліятэкі. У 1596 была заключана Берасцейская унія. На беларускіх землях галоўную ролю ў пашырэнні каталіцтва адыгралі манаскія ордэны. Ордэнскае святарства перавышала дыяцэзіяльнае, прадстаўляла ўсе групы манаскіх арганізацый. У 1772 на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі кляштары 27 ордэнаў (19 мужчынскіх і 8 жаночых), найбольш манахаў было ў жабрацкіх ордэнах (аўгусціны, цыстэрцыяны, дамініканцы, кармеліты, францысканцы). У XVI-XVIII стст. з’явіліся новыя ордэны: баніфраты, езуіты, марыяне, місіянеры, піяры, трынітарыі і іншыя. Большасць кляштараў знаходзілася ў гарадох. Дзейнічала каля 150 уніяцкіх базылянскіх манастыроў і каля 160 каталіцкіх. Значным манаскім асяродкам была Вільня, якая ў 1772 займала 1-е месца ў Рэчы Паспалітай паводле колькасці ордэнскага святарства (774 чалавекі) і 3-е паводле колькасці кляштараў (22). Пад канец XVIII ст. каля 80 % насельніцтва Беларусі былі ўніятамі і каля 15 % — каталікамі.

thumb|зправа|230px|Касцёл Св. Францішка Ксаверыя — кафедра Гродзенскага біскупа Дзейнасць Каталіцкай Царквы на тэрыторыі Беларусі прыносіла заходнееўрапейскі ўплыў і пакінула прыкметны след у яе гісторыі і культуры, спрыяла развіццю навучальных устаноў і кнігадрукавання, фарміраванню навуковых кадраў, у галіне мастацтва прынесла культуру барока, культывавала традыцыі школьных тэатраў, грыгарыянскіх спеваў, вакальна-інструментальнай музыкі. З манаскага асяроддзя паходзілі навукоўцы і дзеячы культуры: Францішак Багамолец, Ян Хрызастом Багамолец, Бенедыкт Дабшэвіч, Альберт Каяловіч, Зігмунт Лаўксьмін, Казімір Нарбут, Францішак Міліконт Нарвойш, Марцін Пачобут-Адляніцкі, Мацей Сарбеўскі, Геранім Страйноўскі, Станіслаў Шадурскі, Станіслаў Баніфацый Юндзіл і іншыя.

Расійская імперыя

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 да Расійскай імперыі адышла тэрыторыя, на якой жыло каля 100 тысяч рыма-каталікоў. 22 лістапада 1773 расійская імператрыца Кацярына II без узгаднення з Рымам стварыла Беларускую дыяцэзію з цэнтрам у Магілёве, паставіўшы на чале яе біскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча. Гэтай дыяцэзіі былі падначаленыя ўсе парафіі Расійскай імперыі. У выніку доўгачасовых перамоў ізь Святым Стальцам замест Беларускай дыяцэзіі 17 студзеня 1783 была ўтворана Магілёўская архідыяцэзія (зацверджана булай Папы Пія VI з 15 красавіка 1783).

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795—1798 замест скасаванай Віленскай дыяцэзіі дзейнічала Інфлянцкая дыяцэзія з цэнтрам у Вільні, у 1798 Віленская дыяцэзія была адноўлена, у яе юрысдыкцыю ўваходзілі заходнія беларускія землі. У 1795—1798 рабілася спроба стварэння Пінскай дыяцэзіі (скасавана папскім нунцыем Л.Літам як некананічна ўтворана). У 1798 была створаная Мінская архідыяцэзія. У агуле на 1798 у Расійскай імперыі было 6 рымска-каталіцкіх дыяцэзій, з іх 3 (Віленская, Магілёўская, Мінская) ахоплівалі тэрыторыю Беларусі.

26 лютага 1797 для кіравання Рымска-Каталіцкай Царквой створаны дэпартамент для каталіцкіх спраў пры Юстыц-калегіі Ліфляндскіх, Эстляндскіх і Фінляндскіх спраў, які 26 студзеня 1798 быў вылучаны асобна. У 1801 замест дэпартаменту заснавана рымска-каталіцкая духоўная калегія — вышэйшая рымска-каталіцкая ўстанова Расійскай імперыі, якой былі падпарадкаваныя ўсе начальнікі, установы і святарства. Супраць паўнамоцтваў калегіі выступалі біскупы і Ватыкан, адзначаючы, што такая ўстанова звужае правы біскупаў і супярэчыць вучэнню касцёла. У 1847 паводле канкардату паміж Расіяй і папствам былі зацверджаныя межы і колькасць дыяцэзій, правы рымска-каталіцкае калегіі звужаліся да ўстановы-пасярэдніцы паміж урадам і біскупамі і кіраўніка маёмаснымі справамі.

left|thumb|300px|Сучасны стан касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Бабруйску, перароблены за Расіяй у цэйхгаўз

Удзел каталіцкіх святароў у антырасійскіх паўстаннях спрычыніўся да рэпрэсій супраць Каталіцкай Царквы. У перыяд 1830—1870 былі зачыненыя амаль усе каталіцкія кляштары і навучальныя ўстановы па абвінавачванні манахаў і святароў у неляяльнасці. Кляштары, што заставаліся, былі выведзеныя з падпарадкавання правінцыялаў і непасрэдна падначаленыя мясцовым біскупам (жаночыя) ці візітатарам з белага святарства, якія зацвярджаліся міністрам унутраных спраў паводле прадстаўлення біскупаў (мужчынскія, з 1842). У 1839 была ліквідавана унія. Пачаўся прымусовы перавод насельніцтва ў праваслаўе, усе каталікі былі абвешчаныя «палякамі», а праваслаўныя — «рускімі». Колькасць каталіцкага насельніцтва лацінскага абраду трохі павялічылася (да 20 %) законт пераходу ў яго грэка-каталікоў.

У 1866 расійскі ўрад перастаў выконваць умовы канкардату: правы калегі былі зноў пашыраныя (хоць ранейшае становішча адноўлена не было). У 1869 была ліквідавана Мінская дыяцэзія (яе тэрыторыя была далучаная да Віленскай, а ў 1883 — да Магілёўскай), скасаваная была і Камянецкая дыяцэзія. Беларускія губерні ўвайшлі ў склад 2 дыяцэзій — Віленскай (Віленская і Гродзенская губерні) і Магілёўскай, у якую акрамя Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай губерняў увайшлі ўсе вялікарасійскія губерні (за выключэннем Саратаўскай, Самарскай і Астраханскай), Вялікае Княства Фінляндскае і Астзэйскі край (за выключэннем Курляндскай губерні).

Рымская курыя не пагадзілася з такім падзелам, лічачы яго незаконным. У 1875 папства прызнала рымска-каталіцкую духоўную калегію, але толькі як установу, што загадвае адміністрацыйна-гаспадарчымі справамі. Яна складалася з 2 членаў (пад кіраўніцтвам магілёўскага архібіскупа) і 12 засядацеляў. У 1883 папеж рымскі заключыў новае пагадненне з расійскім урадам і даручыў кіраванне касцёламі былое Мінскай дыяцэзіі магілёўскаму архібіскупу.