Пры́казка — жанр народнай паэтычнай творчасці, кароткае народнае выслоўе павучальнага зместу, народны афарызм. Паводле формы і функцыі гэты тып ўстойлівай адзінкі аналагічны сказу — валодае сэнсавай, структурнай і інтанацыйнай завершанасцю.

Прыклад: Адной рукой і вузла не завяжаш. Вывучэннем прыказак з мовазнаўчых пазіцый займаецца фразеалогія.

Гісторыя Першыя запісы прыказак прыпісваюць Арыстоцелю. Зборнік антычных прыказак у 1500 годзе склаў Эразм Ратэрдамскі. На Беларусі самае даўняе выданне прыказак — зборнік С. Рысінскага (Любча, 1618). У 1840 годзе А. Рыпінскі ў кнізе «Беларусь» апублікаваў 50 беларускіх прыказак. У XIX стагоддзі зборнікі і падборкі прыказак друкавалі П. Шпілеўскі, Я. Чачот, Я. Тышкевіч, П. Шэйн, І. Насовіч, М. Нікіфароўскі, Я. Ляцкі і іншыя. Дзейнасць у гэтым кірунку працягвалася і ў XX стагоддзі выданнямі Ф. Янкоўскага, Т. Сцяшковіч, Я. Рапановіча і іншых. На аснове ўсіх папярэдніх выданняў быў створаны акадэмічны навуковы сістэматызаваны звод «Прыказкі і прымаўкі» (1976). У 2011 годзе выйшла праца «Тлумачальны слоўнік прыказак» І. Лепешава і М. Якалцэвіч.

Характарыстыка Тэматычна прыказкі вельмі разнастайныя, у іх адлюстраваліся жыццё і сямейны побыт чалавека, ацэнка яго маральных якасцей, трапныя назіранні, а таксама разважанні і павучанні. Генетычна вельмі блізкія да прымаўкі.

Прыказка нараджаецца ў канкрэтнай жыццёвай сітуацыі, самастойна не бытуе, выкарыстоўваецца ў маўленні ў патрэбны момант. Прыказка канкрэтызуе сітуацыю, засяроджвае на ёй увагу і ў той жа час абагульняе ў канкрэтных высновах: Хто ілжэ, той і крадзе або Хто дбае, той і мае. У некаторых прыказках у некалькіх словах заключаецца дзеянне і вынік: Баба з воза — каню лягчэй.

Па структуры прыказкі звычайна двухчленныя. Вялікую ролю ў прыказках адыгрываюць рыфма, рытміка, багаты арсенал паэтычных сродкаў (параўнанні, метафара, гіпербала, сінекдаха, метанімія, эпітэт, алегорыя і інш.): Так і жылі: хто схлусіць, той вып’е і закусіць, а хто праўду скажа, той і так спаць ляжа; Як пасцелешся, так і выспішся; Хто працуе, той святкуе. Вельмі шырока ўжываецца ў прыказках метафара, так званае схаванае параўнанне: Бацька нажываў горбам, а дзеткі пражылі горлам. Многія прыказкі пабудаваны па прынцыпе антытэзы: Паны балююць, а мужыкі гаруюць. Часта ў прыказках ужываецца сінтаксічны адначасткавы і двухчасткавы паралелізм: Пры сонейку цёпла, пры матачцы добра; Пакуль жаніцца — загаіцца, пакуль шлюб браць — нічога не знаць.

Прыказка — «фальклорны мікратэкст»:Mихневич А. Е. Идиоматика // Белорусский и другие славянские языки: семантика и прагматика: Материалы Междунар. конференции Вторые Супруновские чтения (28-29 сент. 2001 г., Минск) / В авт. редакции. — Мн.: БГУ, 2002. с.89-95. С.94 у ім філасофскі змест спалучаецца з дасканаласцю формы, якая ўдасканальваецца даволі часта на працягу стагоддзяў. Яе кампаненты часта звязваюцца ўнутранай рыфмай: Сем разоў адмервай, а раз адрэзвай. Прыказкі свабодна ўключаюцца ў тэкст, бо іх выкарыстанне не абумоўлена заканамернасцямі лексіка-граматычнай спалучальнасці са словамі свабоднага ўжывання. Нават дыскурсіўная залежнасць прыказак меншая супроць прымавак.

Лаканічнасць і трапнасць думкі, мастацкая выразнасць абумоўліваюць шырокае бытаванне прыказак у жывой гутарковай мове, у творах мастацкай літаратуры.

Гл. таксама Прымаўка

Літаратура

Спасылкі

Беларускія народныя прыказкі

Катэгорыя:Літаратурныя жанры Катэгорыя:Жанры фальклору Катэгорыя:Парэміялогія