Пага́н (англ. Pagan) — востраў у складзе Марыянскіх астравоў. Частка тэрыторыі Паўночныя Марыянскія астравы. Плошча — 47,23 км². З 1981 г. незаселены.

Гісторыя Востраў быў населены каля 3 тыс. гадоў таму продкамі чамора. У XVI—XIX стст. належаў Іспаніі. У 1899—1914 гг. — Германіі. У 1914—1944 гг. кантраляваўся Японіяй. Японцамі на Пагане была пабудавана буйная ваенная база (каля 2500 чал.). У 1944 г. захоплены ЗША.

У 1981 г. з-за актыўнасці мясцовага вулкана насельніцтва (некалькі дзясяткаў чалавек) было эвакуіравана.

У 2011 г. Японія прапанавала стварыць на Пагане звалку для смецця, якое ўтварылася ў выніку цунамі 2011 г. Існуюць планы амерыканскага камандавання па размяшчэнню на востраве ваеннага палігона для выпрабавання балістычных ракет.

Прырода Паган — пяты па велічыні востраў Марыянскіх астравоў. Мае вулканічнае паходжанне, складзены двума стратавулканамі — паўночным і паўднёвым. Конус паўночнага вулкана Паган — найвышэйшы пункт вострава (570 м). Яго кальдэра дасягае 7 км у дыяметры. З XVII ст. ён застаецца актыўным. Асабліва моцнае вывяржэнне 1981 г. прымусіла ўлады эвакуіраваць насельніцтва. Лава разбурыла мясцовую авіяпаласу.

Значная частка вострава пакрыта попелам і іншымі прадуктамі вывяржэння. Але на паўднёвай частцы і на ўзбярэжжы захаваліся багатая расліннасць і жывёльны свет (пераважна птушкі, кажаны, крабы, а таксама здзічэлая свойская жывёла).

Спасылкі Save Pagan Island A Close-Up Look at an Active Volcano Linda W. Pratt, Vegetation Assessment of Forests of Pagan Island

Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы Аўстраліі і Акіяніі Катэгорыя:Марыянскія астравы Катэгорыя:Паўночныя Марыянскія астравы Катэгорыя:Незаселеныя астравы