Мікала́й Міха́йлавіч Ніко́льскі (,  — ) — расійскі і беларускі савецкі гісторык, усходазнавец. Акадэмік АН БССР (1931), член-карэспандэнт АН СССР (1946). Доктар гістарычных навук (1934). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1938).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і М. В. Нікольскага, арыенталіста з сусветным прызнаннем. Скончыў гімназію (1896) з залатым медалём. Паступіў на філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Падчас вучобы зацікавіўся гісторыяй Старажытнага Усходу, найперш Палесціны. У 1901 г. апублікаваў дыпломную работу «Іудзея пры Макавеях і Асманеях» па гісторыі Іудзеі. Па сканчэнні Маскоўскага ўніверсітэта, ат­рымаў месца выкладчыка ў Мас­коўскай жаночай гімназіі імя В. Ф. Пратапопавай. У час рэвалюцыі 1905 г. на кватэры М. М. Ні­кольскага была бальшавіцкая яўка, сам ён распаў­сюдж­ваў нелегальныя газеты. Захапленні рэвалюцыйнымі плынямі, аднак, не заміналі навуковай кар’еры.

Цікавасць да гісторыі Старажытнай Палесціны абумовіла ў М. М. Нікольскага і цікавасць да пачаткаў хрысціянства і іншых рэлігій гэтага рэгіёна. Да пачатку 1-й сусветнай вайны выходзяць працы «Цар Давід і псалмы», «Старажытны Ізраіль», «Ранняе хрысціянства», «Вавілон і Біблія». Тады ж пачынае даследаваць і гісторыю старажытных Вавілона і Егіпта. У 1918 г. была надрукавана адна з найбольш вядомых яго работ «Ісус і першыя хрысціянскія абшчыны».

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. працаваў настаўнікам у савецкай працоўнай школе, выкладчыкам Сацыялістычнай акадэміі грамадскіх навук у Маскве. У 1918 г. перабраўся ў Смаленск, дзе быў адкрыты дзяржаўны ўніверсітэт, быў прафесарам Смаленскага ўніверсітэта, з восені 1919 г. — рэктарам.

У 1921 г. па запрашэнні першага рэктара новастворанага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта У. І. Пічэты пераязджае ў Мінск. У верасні 1921 г. Вучоным Саветам БДУ М. М. Нікольскі зацверджаны на пасаду прафесара па кафедры гісторыі рэлігіі. У 1922 г. адказваў за арганізацыю новага, педагагічнага, факультэта. М. Нікольскаму, як аўта­рытэтнаму навукоўцу, было даручана кіраваць разглядам заяў аб прыёме на працу ў БДУ ад тых, хто жадаў працаваць у Мінску на выкладчыцкай пасадзе. Між іншых, у верасні 1923 г. на працу ва ўні­версітэт дзякуючы М. Нікольскаму быў прыняты этнограф І. А. Сербаў. У кастрычніку 1923 г. на пасяджэнні дэканата педфака была разгле­джана рэкаменда­цыя на працу выкладчыкам беларускай мовы К. М. Міцкевіча (Я. Коласа), М. М. Нікольскі прасачыў, каб Праўленне БДУ прыняло станоўчае рашэнне па гэтым кадравым пытанні і неабходная папера трапіла на пацвярджэнне Галоў­прафадукацыі БССР.

Таксама М. М. Нікольскі, як намеснік дэкана, займаўся забеспячэннем кватэрамі выкладчыкаў, якіх запрашаў, удзельнічаў у камісіі па абкладан­ні студэнтаў платай за вучобу, каб падтрымаць існаванне факультэта і ўніверсітэта ў цэлым, фарміраваў экспазіцыю ўніверсітэцкага музея гісторыі, культуры і рэлігіі. У экспазіцыі, вядома, цалкам адлю­строўваліся навуковыя інтарэсы М. Нікольскага — першабытная культура, рэлігія, Егіпет, Вавілон, Асірыя і г.д.

Калегія Наркамасветы БССР 16 мая 1924 г. зацвердзіла М. Нікольскага на пасадзе дэкана педагагічнага факультэта БДУ. Мусіць першым, што зрабіў Нікольскі на гэтай пасадзе, было запрашэнне ў Мінск выдатнага хіміка з Кіева М. А. Прыляжаева, таксама вельмі важнай справай было адстойванне маёмасці і аўды­торнага фонду ад перадачы іх Цэнтральнай партыйнай школе.

У адным са сваіх выступленняў, 30.10.1922 г. у БДУ, М. М. Нікольскі выказваў захапленне новымі магчымасцямі для даследчыкаў, каб вывучаць рэлігію як з’яву сацыяльную, праз даследаванне і крытыку, а не праз дагматыку і апалогію. У 1922 г. выходзіць і яго буйная праца па гісторыі ранняга хрысціянства «Сусветны і сацыяльны пераварот па ўяўленнях ранняга хрысціянства» — аналіз раннехрысціянскай эсхаталогіі (вучэння аб канцы свету), дзе М. М. Нікольскі  рэалізоўвае матэрыялістычны погляд на гісторыю, аднак у працы Ісус — гістарычная асоба, храналогія кніг Новага запавету — сапраўдная.

У 1920-я і ў пачатку 1930-х гадоў М. М. Нікольскі выдаў шэраг сваіх прац па гісторыі хрысціянства і іудзейскай рэлігіі. Паказальна, што яго кніга «Політэізм і монатэізм у яўрэйскай рэлігіі» была выдадзена ў Мінску у 1931 г. на беларускай мове, а на рускую мову была перакладзена толькі ў 1974 г. у серыі «Навукова-атэістычная бібліятэка». З 1930-х гадоў М. М. Нікольскі фактычна перастаў даследаваць праблемы ранняга хрысціянства, аднак у гэты час выйшла яго кніга «Гісторыя рускай царквы».

У 1931 годзе абраны акадэмікам АН БССР. Сканцэнтраваўся на вывучэнні праблем гісторыі Старажытнага Усходу. З пачатку стварэння гістарычнага факультэта БДУ ўзначаліў кафедру гісторыі Старажытнага Свету і Сярэдніх вякоў, а пасля яе падзелу ў 1938 г. — кафедру гісторыі Старажытнага Свету. Шмат увагі надаваў працы з аспірантамі, студэнтамі. Аўтар падручніка па гісторыі Старажытнага Свету для школы, потым разам з С. І. Кавалёвым і А. В. Мішуліным яшчэ аднаго, якім у школах СССР карысталіся некалькі дзесяцігоддзяў, і які па ўзроўні пераўзыходзіў многія навейшыя падручнікі.

У 1937—1953 гг. М. М. Нікольскі ўзначальваў Інстытут гісторыі АН БССР.

У 1930-1950-я гады М. М. Нікольскі даследаваў праблемы абшчыннага ладу, рабства, культуры Старажытнага Міжрэчча. У дыскусіі савецкіх навукоўцаў аб рабаўладальніцкім ладзе Старажытнага Усходу не пайшоў звычайным тады шляхам фармацыённага падыходу, паводле якога рабаўладальніцкага цывілізацый старажытнасці Захаду і Усходу не розніўся. Даследаваў сацыяльную гісторыю Міжрэчча, Фінікіі, асабліва праблему ўласнасці на зямлю, яго вывады аб дзяржаўнай уласнасці на зямлю ў асобе валадара на Старажытным Усходзе паказалі прынцыповае адрозненне ад прыватнай зямельнай уласнасці ў Грэцыі і Рыме, а таксама і паміж рабствам у антычных і ва ўсходніх цывілізацыях старажытнасці.

У 1948 г. выйшла манаграфія М. М. Нікольскага «Эцюды па гісторыі фінікійскіх абшчынных і земляробчых культаў», яе рукапіс ён вывез у партызанскі атрад з акупіраванага Мінска ў 1943 г. Манаграфія прысвечана больш не рэлігіям Фінікіі, а асаблівасцям сацыяльнага ладу гарадоў Фінікіі.

М. М. Нікольскі стаяў на чале кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ, дзе была сфарміравана навуковая школа вывучэння старажытнай гісторыі і гісторыі рэлігій, кафедра дагэтуль з’яўляецца цэнтрам у гэтай галіне ў Рэспубліцы Беларусь. Створаная М. М. Нікольскім навуковая школа па сутнасці мела два кірункі: ранняе хрысціянства і Старажытны Усход. У навуковай творчасці акадэміка абодва кірункі былі цесна звязанымі. Затым яны пачалі раздзяляцца і зараз існуюць фактычна як асобныя навуковыя школы, хоць іх інтарэсы і праблематыка перакрыжоўваюцца і спалучаюцца.

У гонар акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава, кафедра гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў з 1995 года раз у два гады праводзіць міжнародную навуковую канферэнцыю. Яна пачынаецца 13 лістапада — у дзень нараджэння М. М. Нікольскага, і называецца «Лістападаўскія сустрэчы».

Публікацыі Міфалогія і абрадавасць валачобных песень / М. М. Нікольскі ; Беларуская акадэмія навук, Інстытут гістарычных навук Беларускі народ супраць папоў і рэлігіі : Зб. фальклор. твораў / Акад. навук БССР, Ін-т гісторыі, Секцыя этнаграфіі і фальклору; [Склалі: Э. В. Галубок, А. К. Калечыц] ; Пад рэд. [і з прадм.] М. М. Нікольскага

Крыніцы

Літаратура Археографический ежегодник за 1982 год. — М., 1983. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 12. — Мн., 1975. Ботвинник М. Н. М. Никольский. — Мн., 1967. Гуленко В. И. «Как мы пришли к партизанам» (Воспоминания Н. М. Никольского) / В. И. Гуленко, М. Ф. Шумейко // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 3 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэдактар) [і інш.]. — Мінск: БДУ, 2008. — С. 155—165. Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Да 70-годдзя ўтварэння) / М. П. Касцюк і інш. — Мн., 1999. Никольская Р. А. Николай Михайлович Никольский. Воспоминания // Выток і гістарычнай навукі БДУ: зб. навук. артыкулаў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава і 70-годдзю гіст. фак. БДУ / пад рэд. А. А. Яноўскага. Мінск, 2005. С. 16-25.

Нікольскі Мікалай Міхайлавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. — Мінск, 1986. — Т. 3.

Труды Белорусского Государственного Университета в Минске. — 1922. № 2—3. Труды Белорусского Государственного Университета в Минске. — 1922. № 1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. — Мн., 1994. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. — Мн., 1996. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. — Мн., 1999. Яноўскі А. А. Гартаючы архіўныя старонкі (М. М. Нікольскі і У. М. Перцаў на пачатку дзейнасці БДУ) // Вытокі гістарычнай навукі БДУ: зб. навук. артыкулаў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава і 70-годдзю гіст. фак. БДУ / пад рэд. А. А. Яноўскага. — Мн., 2005. — С. 9-16. Яноўскі А. А. І прафесар, і кіраўнік: некаторыя радкі з біяграфіі Мікалая Міхайлавіча Нікольскага // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 3 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэдактар) і інш. — Мн.: БДУ, 2008. — C. 166—174.

Спасылкі Мікалай Міхайлавіч Нікольскі ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Катэгорыя:Члены-карэспандэнты АН СССР Катэгорыя:Выкладчыкі Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта Катэгорыя:Супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАНБ Катэгорыя:Крытыкі Беларусі Катэгорыя:Даследчыкі славянскага паганства Катэгорыя:Акадэмікі Акадэміі навук Беларускай ССР Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 2-га склікання