Гезгальская ГЭС — малая гідраэлектрастанцыя ў в. Гезгалы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, размешчаная на Гезгальскім вадасховішчы на рацэ Моўчадзь. Вызначаная магутнасць 620 кВт. Штогадовая выпрацоўка электраэнергіі ~5 млн кВт·г, што дастаткова для забеспячэння электраэнергіяй пасёлка з насельніцтвам 2 тыс. чалавек.
Гезгальская ГЭС працуе на абсталяванні, устаноўленым у 1950-я гады. Да 1999 эксплуатацыяй ГЭС займаліся супрацоўнікі мясцовых электрычных сетак, яны выконвалі дробныя рамонты, якія не патрабавалі спецыяльных ведаў. Бягучыя і капітальныя рамонты абсталявання не рабіліся. Адсутнасць тэхнічнай дакументацыі і спецыяльных ведаў, няведанне правілаў эксплуатацыі гідраэнергетычных збудаванняў прычынілася да частковага размыву рысбермы на Гезгальскай ГЭС, бо пропуск паводкаў ажыццяўляўся толькі двума затворамі з шасці.
Пры рэканструкцыі Гезгальскай ГЭС было пачышчана вадасховішча, прыбраныя зараснікі і добраўпарадкаваная прылеглая тэрыторыя, месца стала прывабным для летняга адпачынку, палепшылася экалагічная сітуацыя, ловіцца стронга. На Гезгальскім вадасховішчы для нармальнай працы ГЭС кожны дзень пасля 14:00 цалкам перекрываюць сток ракі, каб назапашваць ваду, таму рака ніжэй Гезгальскай плаціны ў гэты час моцна мялее.
Літаратура Дорофейчик А. Н. Гидроэнергетика Гродненщины // Энергия и менеджмент № 2(29), 2006. С. 42-45.
Катэгорыя:Гідраэлектрастанцыі Беларусі Катэгорыя:Электрастанцыі Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Эканоміка Дзятлаўскага раёна Катэгорыя:Гезгалы (аграгарадок) Катэгорыя:1950-я ў Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1950-я гады Катэгорыя:Моўчадзь (рака)