Уладзімір Міхайлавіч Юрэвіч (, в. Дуброва, цяпер — Смалявіцкі раён, Мінская губерня, Расійская імперыя — ) — беларускі , і літаратуразнавецЭнцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 5. — Мн., БелСЭ, 1987. — Артыкул «Юрэвіч Уладзімір». — C. 673—674.. Заслужаны работнік культуры БССР (1975).

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў. Скончыў у 1934 годзе Мінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, у 1941 годзе будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Адначасова ў 1939—1941 гадах вучыўся завочна на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

На працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў, з 1932 па 1954, працаваў на Беларускім радыё дыктарам, у 1948—1951 гадах загадчыкам аддзела літаратурна-драматычнага вяшчання, у 1952—1954 гадах галоўным рэдактарам мастацкага радыёвяшчання.

У гады вайны працаваў у Маскве на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь». З 1954 па 1959 год — уласны карэспандэнт «Литературной газеты» па БССР. З 1959 па 1970 год працаваў у часопісе «Маладосць». У 1970—1972 гадах — дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы. З 1972 па 1974 год працаваў палітычным аглядальнікам на Беларускім тэлебачанні. З 1974 па 1979 год — у часопісе «Коммунист Белоруссии». З 1979 па 1985 год працаваў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР. У 1985 — ? гадах — адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1953 года.

Літаратурная творчасць Літаратурную дзейнасць пачаў у 1942 годзе з публіцыстычных і літаратуразнаўчых выступленняў на радыё. Друкаваўся з 1949 года. Аўтар зборнікаў апавяданняў для дзяцей, даследаванняў сучаснай беларускай прозы, мастацкай публіцыстыкі, пытанняў мовы літаратурных твораў. На Беларускім радыё распачаў у 1963 годзе штомесячную перадачу для школьнікаў — радыёклуб «Жывое слова», нязменным старшынёй якога з’яўляецца.

Уладзімір Юрэвіч і Янка Купала Па мацярынскай лініі — унук Мікалая Турчановіча, настаўніка, які вучыў Янку Купалу зімой 1897—1898 гадоў у Бяларуцкім народным вучылішчы. Пра Я. Купалу ведаў ад родных, найперш ад маці, з маленства. Асабіста знаёмы з Я. Купалам з 1934 года. Сустракаліся найчасцей на Беларускім радыё. Бываў у Я. Купалы дома. Апошняя сустрэча адбылася падчас падрыхтоўкі перадачы да 60-годдзя Я. Купалы на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» за два дні да трагічнай смерці паэта. Сустрэча адбылася ў тым жа гатэлі «Масква», дзе Я. Купала загінуў. Аўтар успамінаў пра Я. Купалу «Жывое Купалава слова» (у зборніку «Такі ён быў», 1975). Аўтар артыкулаў пра жыццё і творчасць Я. Купалы. Пра паасобныя эпізоды з жыцця Я. Купалы напісаў апавяданні «Ясеў куфэрак» і «Нараджэнне верша». Складальнік зборніку выбранай лірыкі Я. Купалы «Гусляр» (на рускай мове, 1972), кніжак-малютак твораў Я. Купалы (1972, 1982)Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Юрэвічы». — C. 689..

Прэміі і ўзнагароды Ордэн Айчыннай вайны II ступені. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1975). Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1994) за кнігу «Слова жывое, роднае, гаваркое…».

Творы

Дзіцячыя зборнікі Тараскавы турботы (1966) Дзе начуе сонца (1970) Дожджык на колах (1977) Нястрашны страх (1986) Дзе начуе сонца (1998)

Публіцыстыка Першая неабходнасць (1963) Мінск учора, сёння, заўтра (1982) Синьоока сестра Украины (Кіеў, 1985)

Літаратуразнаўчыя творы Слова і вобраз (1961) Шматгалоссе жыцця (1965) Погляд (1974) Абрысы (1976) Янка Купала: Нарыс жыцця і творчасці (1983) Слова жывое, роднае, гаваркое… (дапаможнік для настаўнікаў) (1998)

Літаратура Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.. Т. 1./ Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1987. — 703 с., 32 л. іл.: Артыкул «Юрэвіч Уладзімір». — C.673—674. Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Юрэвічы» / Аўтары — У. М. Юрэвіч, І. У. Саламевіч. — C.689. Беларускія пісьменнікі: 1917—1990. Мн., 1994. ISBN 5-340-00709-X Андраюк С. Свой погляд на рэчы. — У яго кн.: Жыць чалавекам. — Мн., 1983. Каваленка В. Абрысы сталасці. — У кн.: Жывое аблічча дзён. — Мн., 1979.

Спасылкі

Сіняўскі І. І. Юрэвічы: Сейбіты вечнага… // Кніга «Памяць»: Смалявіцкі раён Біяграфія на сайце Смалявіцкай раённай бібліятэкі

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Смалявіцкім раёне Катэгорыя:Дырэктары Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Купалазнаўцы Катэгорыя:Дзіцячыя пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі будаўнічага факультэта БНТУ‎