Зміцер Хведаравіч Жылуновіч або Змітро Жылуновіч, вядомы пад псеўданімам Цішка Гартны (; , мястэчка Капыль, Слуцкі павет, Мінская губерня — , Магілёў, псіхіятрычная лячэбніца) — беларускі пісьменнік, паэт і перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Акадэмік АН БССР (1928).

Біяграфія Паходзіць з сялян. У 1905 годзе скончыў двухкласную школу ў Капылі. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне. У 1909—1910 гадах працаваў у Жлобіне.

Удзельнік рэвалюцыі 1905—1907, з 1906 член Капыльскай арганізацыі РСДРП. Ствараў рукапісныя часопісы.

У траўні 1913 года пачаў працу на заводзе «Вулкан» у Санкт-Пецярбургу. У 1914 годзе пераходзіць на завод «Айваз». Быў удзельнікам культурна-выдавецкай суполкі «Знание».

З лютага па снежань 1918 — сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газеты «Дзянніца». З кастрычніка 1918 прыняты ў РКП(б). Аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, з 1 студзеня 1919 па 3 лютага 1919 старшыня Часовага ўрада яе.

У 1919—1920 — сакратар газеты «Красная звезда» (Харкаў), палітработнік на Паўднёвым фронце Чырвонай Арміі. Потым — літаратурны супрацоўнік у штабе Заходняга фронту (у Смаленску). З 1920 года — сакратар і адказны рэдактар газеты «Савецкая Беларусь».

З 1921 жыве ў Мінску. Узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, з’яўляўся членам прэзідыума Інбелкульта і навуковым сакратаром камісіі па вывучэнні рэвалюцыйнага руху на Беларусі.

У сакавіку 1922 наведаў Берлін, наладзіў выданне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кніг. За два месяцы было надрукавана 10 назваў агульным накладам 138 500 экзэмпляраў (у тым ліку кніга паэзіі «Песьні працы і змаганьня» і першая частка рамана «Сокі цаліны» Гартнага). У красавіку 1922 узначаліў беларускае кааператыўнае выдавецтва «Адраджэнне», якое выпусціла за адзін год 14 кніг. Неўзабаве выдавецтва было абвінавачана ў «нацыянал-шавінізме» і было перайменавана ў выдавецтва «Савецкая Беларусь». У снежні выдавецтва выпусціла № 1 часопіса «Полымя», рэдактарам якога стаў Жылуновіч. У гэтым жа годзе разам з часткай іншых творцаў пытае дазволу на стварэнне беларускай літаратурнай арганізацыі «Вір». Статут «Віру» зацверджаны не быў.

У 1925 зноў ездзіў да Берліну з мэтай удзелу ў Другой Усебеларускай канферэнцыі. У 1927 годзе разам з Купалам, Чаротам і Зарэцкім наведаў Польшчу і Чэхію, выступіў перад беларусамі Варшавы.

Ініцыятар стварэння літаратурнай арганізацыі «Полымя»Статут арганізацыі быў зацверджаны ў 1928 годзе.. Член ЦВК БССР у 1920—1931. Акадэмік БелАН з 1928. Удзельнік Саюза пісьменнікаў СССР з 1934. У 1934—1936 працаваў у Інстытуце гісторыі БелАН.

Выключаны з ВКП(б) 16.1.1931 з фармулёўкай «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Арыштаваны 15.11.1936, пераведзены (7.4.1937) у Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (па афіцыйнай версіі ад гангрэны лёгкіх; па іншых звестках — скончыў жыццё самагубствам).

Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. На выяўленым месцы пахавання 11.4.1989 устаноўлены помнік. На магіле жонкі Надзеі Жылуновіч на Усходніх могілках Мінска змешчаны надпіс-кенатаф.

Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15.10.1955. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны 10.9.1987.

Сям’я Жонка — Жылуновіч Надзея Сцяпанаўна (народжаная ў верасні 1894 года ў Ленінградзе ў сям’і рабочага). 8.10.1938 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» і «саўдзел у антысавецкай дзейнасці» да 5 гадоў ссылкі і этапавана ў Баровічы Ленінградскай вобласці. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 17.6.1966 Вярхоўным судом БССР.

Дачка Галіна нарадзілася 21.2.1917 года ў Ленінградзе. Член ВЛКСМ, паступіла ў Мін­скі медыцынскі інстытут. 25.8.1937 у Мінску арыштавана, 8.10.1938 асобай нарадай пры НКВД разам з маці асу­джана за «неданясенне» да 5 гадоў ссылкі і этапавана ў Баровічы Ленінградскай вобласці. Пасля вызвалення жыла ў Беларусі. Рэабілітавана 17.6.1966 Вярхоўным судом БССР. Беларускі мовазнавец (беларуская, руская мовы), кандыдат філалагічных навук, складальнік зборніка ўспамінаў пра Цішку Гартнага.

Творчасць

Друкавацца пачаў з 1908 — верш «Бяздольны» ў газеце «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, крытык.

У 1912 газета «Правда» змяшчае некалькі вершаў і нарыс, прысвечаны працаўнікам. Першая кніга «Pieśni» (Песні) выйшла ў 1913.

Цішка Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў беларускай паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—1929) паказаў шляхі фарміравання характару рэвалюцыйнага змагара, узняў некранутыя пласты народнага жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зборніках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй беларуская вёска. У творах Цішкі Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадзянскай вайны да рэалістычнага паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогііБЭ ў 18 т. Т. 5. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зборніку «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота, А. Гурло.

Ц. Гартны пераклаў на беларускую мову першую кнігу рамана А. Фадзеева «Апошні з удэге» (Мн.. 1932), пачаў перакладаць «Мёртвыя душы» М. Гогаля.

Крытыка і прызнанне

Вось як адзначыў творчасць Цішкі Гартнага Янка Купала:

Цішка Гартны мог стаць першым Народным паэтам Беларусі — у 1923 пленум ЦК КП(б)Б пастанавіў надаць яму такое званне. З невядомых прычын пастанова не была зведзена ў жыццё.

Творы Гартнага перакладаліся на рускую, украінскую і іншыя мовы.

У 2000 годзе ў Капылі перад Капыльскім раённым краязнаўчым музеем устаноўлены помнік Цішку Гартнаму (скульптар Уладзімір Бандарэнка).

Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі. З 1989 па 2004 г. у беларускай сталіцы былі 2 вуліцы ў яго гонар: Жылуновіча і Цішкі Гартнага.

Бібліяграфія

Прыжыццёвыя кнігі Песьні (1913) Хвалі жыцьця (1918) — п’есы Песьні працы і змаганьня (1922) Сокі цаліны (1922) Трэскі на хвалях (1924) — апавяданні Сацыялістка (1924) — п’есы Урачыстасьць (1925) Дзьве сілы (1927) — п’есы Прысады (1927) — п’есы, апавяданні Узгоркі і нізіны (1928) — зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў На новым месцы (1930) — зборнік аповесцяў Гаспадар (1930) Зялёны шум (1931) Гоман зарніц (1932) Наступ на горны (1932) — вершы, апавяданні Збор твораў у 4 тамах (1929—1932)

Пасмяротныя выданні Вершы. Мн., 1967; Зб. тв: У 4 т. Мн., 1987—1989. т. 1-3; Насустрач сонцу: Выбр. апавяданні. Мн., 1978. Выбраныя творы / уклад. прадм. і камент. Серафіма Андраюка. — Мінск: Беларус. навука, 2012. — 604 с. (Беларускі кнігазбор, том 60). ISBN 978-985-08-1411-1.

Літаратура

Клачко А. М. Цішка Гартны: (Крытычна-біяграфічны нарыс). Мн., 1961; Ялугін Э. Без эпітафіі: Дакументальная аповесць. Мн., 1989; Успаміны пра Цішку Гартнага : зборнік / складальнікі : Г. Д. Жылуновіч, С. Х. Александровіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. — 173 с. ЭГБ, т. 3; Возвращенные имена. Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі. — Мінск: «Літаратура і мастацтва», 2009. — 344 с. — ISBN 978-985-6720-61-4

Спасылкі

ЖЫЛУНОВІЧ Зміцер Хведаравіч Апавяданні Цішкі Гартнага на bellib.by Найлепшы верш Цішкі Гартнага? (артыкул Ю. Пацюпы) Зміцер Жылуновіч у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Члены ЦВК БССР Катэгорыя:Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі Катэгорыя:Кіраўнікі ўрада БССР

Катэгорыя:Члены Цэнтральнага бюро КП(б)Б Катэгорыя:Драматургі Беларусі Катэгорыя:Акадэмікі Акадэміі навук Беларускай ССР