Высо́кае (; да 1939 г. — Высо́ка-Літо́ўск) — горад раённага падпарадкавання ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці, на рацэ Пульва. Месціцца за 40 км ад Камянца, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск на лініі Брэст — Беласток. Аўтамабільныя дарогі на Брэст, Пружаны. Самы заходні горад у Беларусі.

Гісторыя Першыя пісьмовыя згадкі пра паселішча пад назвай Высокі Горад з’яўляюцца ў XIV ст., у сувязі з тым, што яго наведваў вялікі князь Гедзімін.

У 1494 вялікі князь Аляксандр надаў Высокаму Магдэбургскае права і герб «у блакітным полі срэбная двухпавярховая, крытая дахоўкай вежа, з двума акенцамі і трыма брамамі». У XV ст. вялікі князь Вітаўт фундаваў тут касцёл. У 1511 вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Высокае ў пажыццёвае валоданне Івану Храптовічу. Цягам XVІ ст. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Пяткевічаў, Ёдкавічаў, Хлявіцкіх. У гэты час яна зрабілася цэнтрам дывановага і палатнянага ткацтва. У 1603 новы ўладальнік Высокага Андрэй Война-Грычынавіч заснаваў тут касцёл Найсв. Тройцы, які меў 44 аршыны даўжыні і 12 — шырыні. Найбольшы касцёльны звон насіў імя святых Пятра і Паўла.

З 1647 Высокім валодалі Сапегі, якія збудавалі тут замак. Фартэцыя значна пацярпела ў Трынаццацігадовую (1654—1667) і Вялікую Паўночную вайну (1700—1721). 16 снежня 1671 горада атрымала прывілей на правядзенне рэгулярных кірмашоў, якія цягнуліся 4 тыдні.

У 1748 замак і палац згарэлі, па чым Сапегі перанеслі сваю рэзідэнцыю ў Слонім. У 1772 у Высокім на месцы касцёла XV ст. збудавалі капліцу Св. Барбары. У 1773—1785 на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада, у мясцовасці Марыямпаль, Аляксандр Міхал Сапега фундаваў кляштар баніфратаў (добрых братоў). Пры кляштары дзейнічаў шпіталь на 40 ложкаў. Станам на 1788 цагельня, што працавала ў Высокім, давала 22 тыс. цэглы і 8 тыс. дахоўкі ў адзін абпал. Цягам 1794—1797 з ініцыятывы Францішка Сапегі дзейнічаў водны шлях у Гданьск.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Высокае апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Берасцейскім павеце Гродзенскай губерні (паводле іншых звестак да 1807 уваходзіла ў склад Прусіі). Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1816 поруч з руінамі замка ўладальнікі Высокага Патоцкія ўзвялі палац і пашырылі парк за межы былога замкавага вала (яго плошча вырасла з 30 да больш за 50 га).

24 студзеня 1863 у часы нацыянальна-вызваленчага паўстання аддзел Рамана Рагінскага на пэўны час вызваліў Высокае з-пад расійскай улады. У 1869 царскія ўлады збудавалі ў мястэчку мураваную царкву-мураўёўку Узвышэння Св. Крыжа коштам сродкаў, канфіскаваных у паўстанцаў. Станам на 1886 у Высокім меліся аптэка, бальніца, паштовая станцыя, 2 гарбарныя заводы, 3 вадзяныя млыны, 102 крамы і 4 тракціры; рэгулярна праводзілася 15 кірмашоў і 2 базары. На 1889 у мястэчку дзейнічалі праваслаўная царква і касцёл, працавалі суконная фабрыка і 4 гарбарні. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 256 двароў, валасная ўправа, царква, касцёл, капліца, сінагога, 4 малітоўныя дамы, мужчынская і жаночая народныя вучэльні, яўрэйская школа, паштовае аддзяленне, лазня, канатны і знічкавы заводы, 4 ветракі, 8 кузняў, 14 абутковых, 13 кравецкіх, 8 сталярных, 4 шорныя майстэрні, 2 маслабойні, 108 дробных крамаў у гандлёвых радах і 13 пры дамах, 2 заезныя двары, 14 піцейных устаноў; кожны чацвер праводзіліся базары, 9 разоў на год кірмашы.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Высокае апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Статус паселішча павысілі да горада. 20 красавіка 1934 да яго далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны — 3 прадмесці і двор маёнтку Высокае Літоўскае.

У 1939 Высокае ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабілася цэнтрам раёна. У Другую сусветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 28 ліпеня 1944 горада знаходзіла пад нямецкай акупацыяй. 17 красавіка 1962 паселішча ўвайшло ў склад Камянецкага раёна. 17 верасня 1973 года ў склад горада увайшоў хутар Пеначка Агародніцкага сельсаветаРашэнне выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 17 верасня 1973 г. // Зборнік законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1974, № 10 (1420)..

Насельніцтва

XIX стагоддзе: 1830 год — 929 муж., з іх шляхты 3, духоўнага саслоўя 5, мяшчан-іўдзеяў 767, мяшчан-хрысціян і сялян 148, жабракоў 6; 1886 год — 2 729 мяшчан і 284 іншыя жыхары; 1889 год — 3 422 чал.; 1897 год — 3 434 чал. XX стагоддзе: 1914 год — 3,8 тыс. чал.; 1931 год — 2,8 тыс. чал.; 1939 год — 6,1 тыс. чал.; 1959 год — 2,6 тыс. чал.; 1969 год — 3,8 тыс. чал.; 1991 год — 5,1 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2006 год — 5,2 тыс. чал.; 2008 год — 5,2 тыс. чал.; 2016 год — 5 164 чал.; 2017 год — 5 113 чал.

Эканоміка Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Пералік прамысловых прадпрыемстваў Высокага ААТ «Высокаўскі вытворча-гандлёвы камбінат» Замежнае прадпрыемства «Завод фруктовых напояў ВДХ» (распачала працу ў маі 2008; спецыялізуецца на вытворчасці дзіцячага харчавання) ААТ «Высокаўскі сыраробны завод» ААТ «Высокаўскі кансервавы завод» Гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Высокаўскае»

Інфраструктура

У 1950 годзе заснавана Высокаўская метэаралагічная станцыя.

У Высокім працуюць каледж ПТК СП, сярэдняя і санаторная школы, навучальна-вытворчы камбінат, дашкольная ўстанова.

Медыцынскыя паслугі надае гарадская бальніца.

Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі.

Славутасці

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, збудаваны на сродкі Андрэя Войны. У касцёле захоўваліся труны з пахаваннямі роду Сапегаў. Будынак атрымаў пашкоджанні ў Другую Сусветную вайну, а пазней яго перабудавалі на спартыўную залю. Касцёл вярнулі каталіцкай царкве ў 1990 годзе. Каталіцкая капліца Святой Барбары, збудаваная ў 1772 годзе на высокім беразе ракі Пульвы. У Другую Сусветную вайну выкарыстоўвалася ў якасці крамы. Унутры капліцы роспісы расліннымі арнаментамі і мілітарнымі матывамі.

Палацавы комплекс Патоцкіх, збудаваны ў 1816—1820 гадах. Захаваўся ўнутраны інтэр’ер і рэшткі мастацкага аздаблення. Каля палаца знаходзяцца дзве прыбудовы і комплекс гаспадарчых пабудоў. У Другую Сусветную вайну палацавы комплекс выкарыстоўваўся ў якасці сядзібы пагранічнікаў, пазней — у якасці школы і інтэрнату. Цяпер палац пусты і закінуты. Пейзажны парк, закладзены ў XVIIІ ст. На тэрыторыі парку захаваліся рэшткі падмуркаў і земляныя ўмацаванні старога замка Сапегаў (XVII ст.). На прылеглай тэрыторыі збудаваны спартыўны стадыён.

Іншыя выдатныя мясціны: яўрэйская школа (XVII—XVIII стст.); капліца прыдарожная (1909); кляштар баніфратаў (1785); могілкі старыя каталіцкія; сінагога; Свята-Крыжаўзвіжанская царква (1869).

Галерэя

Вядомыя асобы Вадзім Іванавіч Альшэўскі — беларускі дзяржаўны дзеяч. Леанід Ціханавіч Левін (1869—1944) — отарыналарынголаг. Доктар медыцыны (1902), Заслужаны дзеяч навукі РСФСР (1935). Трафім Назаравіч Ляшук (1902—1962) — дзеяч беларускай дыяспары ў Аргенціне. Павел Канстанцінавіч Лыжын (нар. 1981) — беларускі лёгкаатлет. Яўген Станіслававіч Окалакулак (нар. 1957) — беларускі ўрач-анатом. Доктар медыцынскіх навук (2005), прафесар (2005). Аляксандр Міхал Сапега (1730—1793) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Уладзіслаў Юрый Халецкі (1606—1668) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Нарадзіўся ў фальварку Ваганаў, які ўвайшоў у межы Высокага. Юзаф Харытон (1912—1975) — мастак.

Гл. таксама Гарады Брэсцкай вобласці Гарады Беларусі

Зноскі

Літаратура

Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s. Wysokie Litewskie // S. 134—137.

Спасылкі

Мястэчка Высокае на Radzima.org Высокае — парафія Найсвяцейшай Тройцы на Catholic.by* Высокае на сайце «Каменец и окрестности»